Практыка інавацый

№ 32 (1210) 08.08.2015 - 14.08.2015 г

Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага выступае цэнтрам інавацый для бібліятэк Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Бабруйска, ініцыятарам і арганізатарам многіх праектаў і пачынанняў.

Напрыклад, на яго рахунку — адкрытыя пляцоўкі ў канцэпцыі “бібліятэка — open air”, што дазваляюць знайсці агульныя інтарэсы людзям рознага ўзросту, прапануюць альтэрнатыўныя формы баўлення вольнага часу. Інтэрактыўная літаратурна-бібліятэчная пляцоўка “Маладзёжны бібліясвет” была арганізавана ўздоўж тэатральнага сквера падчас правядзення XIII Міжнароднага фестывалю народнай творчасці “Вянок дружбы”. Яна стваралася і працавала пры актыўным удзеле валанцёраў, маладых сяброў бібліятэк.

Адкрываў пляцоўку бібліобус з выстаўкай “Маладзёжная book-тусоўка”, а фатаграфіі бібліятэчных падзей і карыстальнікаў прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў у фотакалажы. Валанцёры сумесна з супрацоўнікамі гарадскіх бібліятэк №16 і №12 прапаноўвалі прыняць удзел у акцыі “Мая Book-сімпатыя”.

Удзельнікі літаратурнай гасцёўні “Бабруйскі почырк”, арганізаванай пры Цэнтральнай гарадской бібліятэцы, прэзентавалі сваю творчасць, праводзілі чытанні, выконвалі песні пад гітару. Тут жа размяшчаўся стэнд “Тэрыторыя маладых”, які ўключае інфармацыю пра маладых аўтараў Бабруйска. Супрацоўнікі гарбібліятэк №7 імя Алі Шагенцукова і №8 імя Ефрасінні Полацкай запрашалі наведаць адкрытую чытальную залу, дзе ладзіўся буккросінг, прысесці з кнігай, ноўтбукам, пазнаёміцца з рэкламна-інфармацыйнай прадукцыяй ЦБС. Тут жа быў арганізаваны кніжны флэшмоб. На кантрасце з сучаснай чытальнай залай была аформлена гістарычная пляцоўка “70 мірных гадоў”, дзе супрацоўнікі Гарадской бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна запрашалі занурыцца ў гістарычнае мінулае і апынуцца ў бібліятэках Бабруйска 1945 года. Ствараў атмасферу стол з карункавым абрусам, кнігі 40-х гадоў, унікальныя нумары газет таго часу, паштоўкі, прадметы побыту.

Завяршыў інтэрактыўную літаратурна-бібліятэчную пляцоўку казачны падворак. Маладых бацькоў з дзецьмі сустракалі лялькі-дэкарацыі Прынц і Прынцэса. Касцюміраваныя казачныя героі Чароўная фея і Доктар Айбаліт ад Дзіцячай бібліятэкі №5 імя Надзеі Крупскай прапаноўвалі дзецям і іх бацькам пасядзець і пачытаць на літаратурнай лаўцы кнігі з выстаўкі сямейнага чытання. Валанцёры ж Дзіцячай бібліятэкі №6 імя Мікалая Астроўскага ў вобразе герояў розных казак, а таксама Кніжны Гном і Баба-Яга (Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя Аркадзія Гайдара) падрыхтавалі конкурсную праграму “Казачны калейдаскоп”.

Бібліятэчная кінаіндустрыя — адзін з самых цікавых і значных інавацыйных праектаў аддзела. На працягу некалькіх гадоў былі створаны фільмы і ролікі розных жанраў тэматычнага або дакументальнага кіно (прэзентацыйныя фільмы, фільмы-рэпартажы, фільмы-падзеі, стэндавыя альбо рэкламныя фільмы, музычныя кліпы, фільмы патрыятычнай накіраванасці ў рамках інфармацыйна-культурных праектаў “Памяць”, “Падарожнічаем з кнігай па родным краі” і г.д.). Кожны год супрацоўнікі ЦБС горада Бабруйска рыхтуюць каля 1000 мерапрыемстваў і 300 бібліятэчных выставак, большая частка з іх праводзіцца з выкарыстаннем відэафільмаў, у тым ліку уласнай генерацыі. Яны існуюць у віртуальнай прасторы: размешчаны на бібліятэчным сайце http://bobruisk-library.by і на адкрытым канале Youtube.

Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь быў падпісаны загад ад 29 чэрвеня 2015 года №79 “Аб выніках XХIII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. У намінацыі “За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы” дыпломам першай ступені і грашовай прэміяй ў памеры 50 базавых велічынь была ўзнагароджана ЦГБ імя Максіма Горкага Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Бабруйска. На конкурс быў прадстаўлены вопыт работы аддзела бібліятэчнага маркетынгу пад назвай “Бібліятэчная кінаіндустрыя — інавацыйная бібліятэчная тэхналогія”.

Вольга СТЭЛЬМАК, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Максіма Горкага ЦБС г. Бабруйска