Брэстаўчане шануюць і любяць свой тэатр лялек. Самым маленькім прыхільнікам акцёры дораць старыя добрыя казкі: “Марозка”, “Папялушка”, “Па шчупаковым загадзе”, “Дзюймовачка”, “Чароўная лямпа Аладдзіна”, “Кот у ботах”. Для больш сталага і “спакушанага” гледача яны прапануюць такія філасофскія работы, як “Халстамер”, “Месяц Сальеры”...
Калектыў тэатра “маленькі”, ды ўдаленькі: пятнаццаць чалавек разам з галоўным рэжысёрам тэатра Зміцерам Нуянзіным і дырэктарам Міхаілам Шавелем. Апошні, дарэчы, узначальвае штаб-кватэру Беларускага цэнтра Міжнароднага саюза дзеячаў тэатраў лялек УНІМА, што месціцца акурат у тэатры.
Па-за межамі Брэста аматарам лялечнага мастацтва тэатр вядомы перш за ўсё як адзін з пастаянных арганізатараў Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”, — штогод у сваім “дамкуцерамку” ён збірае лялечнікаў з дзесяткаў краін свету. Ды і сам калектыў не сядзіць на месцы: шмат гастралюе па вобласці, даючы штогод не менш за 300 прадстаўленняў для маленькіх гледачоў. А таксама тэатр з поспехам дэманструе сваё лялечнае майстэрства ў Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, Францыі, Аўстрыі, Японіі, Венгрыі, Балгарыі, за што ў 2005 годзе атрымаў ад Прэзідэнта Беларусі высокую ўзнагароду — Спецыяльную прэмію “За развіццё міжнародных сувязей”.
Свой пяты дзесятак брэсцкія лялечнікі сустрэнуць новым, “вандроўным” жыццём: стары будынак тэатра, які стаў для калектыву занадта цесным, чакае капітальная рэканструкцыя. Архітэктары прапанавалі цудоўны праект новага “лялечнага доміка” — прасторнага, утульнага, з вялікім глядацкім фае, музеем...
Таццяна КОМАНАВА
На здымку: сцэна са спектакля “Пацукалоў”.