Феерычна!

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

Шоу-балет “Феерыя”, які за чатыры гады свайго існавання стаў лаўрэатам нацыянальных чэмпіянатаў і Міжнароднага фестывалю ў Маскве, добра зарэкамендаваў сябе асобнымі нумарамі ў гала-канцэртах (на “Славянскім базары ў Віцебску”, “Дажынках” і інш.), а таксама працай з вядомымі эстраднымі выканаўцамі (Аляксеем Хлястовым, Ларысай Грыбалёвай, Ірынай Ігнацюк, гуртом “Цягні-Штурхай”), вынес на суд гледачоў паўтарагадзінную харэаграфічную праграму “Бразільскі карнавал”. Добра “абкатаная” па гарадах Беларусі, яна была прадэманстравана, нарэшце, і на сталічнай сцэне Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, выклікаўшы захапленне перапоўненай залы.

/i/content/pi/cult/154/1186/Feeryja.jpg 
— У чымсьці мы рызыкавалі, — расказаў аўтар ідэі, харэограф, рэжысёр, мастак па касцюмах, кіраўнік і адзін з непасрэдных удзельнікаў праекта Аляксей Кісялёў, нядаўні выпускнік бальнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. — Але ўвесь час хочацца чагосьці большага, рухацца наперад, а не стаяць на месцы. Сама па сабе тэма карнавалу далёка не новая, але, на маю думку, паўтары гадзіны бразільскіх танцаў вытрымаў бы далёка не кожны глядач, бо ў нас усё ж такі іншая ментальнасць. Так нарадзілася ідэя карнавальнага шэсця прадстаўнікоў розных народаў.

— За адзін вечар вакол свету, — пракаменціравала ўбачанае малады балетны крытык Святлана Уланоўская, — так можна вызначыць характар паказанай праграмы. Бо гэтае карнавальнае відовішча паяднала ў сваім мультыкультурным “кактэйлі” розныя сцэнічныя сродкі выразнасці, харэаграфічныя стылі, кірункі: эстрадна-бальныя кампазіцыі, надзвычай папулярны цяпер belly dance, стылізаваныя нумары з выкарыстаннем іспанскай, індыйскай пластыкі, нярэдка аздобленыя цыркавымі “разыначкамі”. Аднак шматнацыянальная пярэстасць сцэнічнай дзеі не спрыяла яе вобразна-эмацыянальнай разнастайнасці. Адсутнасць кантрастнасці ў драматургічнай пабудове праграмы, агульная феерычна-святочная танальнасць рабілі ўспрыняцце трошкі аднастайным.

Сапраўды, апантаным “феям” і “эльфам”-гарэзам “Феерыі” ёсць куды рухацца. Напэўна, будуць і надалей прадоўжаны цяперашнія плённыя пошукі, яркія вобразныя знаходкі (чаго вартае адно толькі ператварэнне дзяўчат у келіхі для кактэйля з узнятай рукой-саломінкай!), спробы “інтэрактыву” з запрашэннем да ўдзелу гледачоў, удалая праца з прадметамі — танцы на крэслах, са свечкамі, шалікамі-хусткамі, капелюшамі, палкамі, “крыламі”, што ствараюць адчуванне прасторы. Безумоўна, у “Феерыі” будуць з’яўляцца ўсё новыя стыльныя нумары без рэверансаў у бок кічу.

Больш актыўна можна было б супрацоўнічаць і з музыкантамі-інструменталістамі. Той жа “Бразільскі карнавал” толькі б выйграў (дый артысты маглі б “аддыхацца” паміж няспыннымі скокамі і пераапрананнямі), калі б харэаграфічныя нумары часам чаргаваліся з тэатралізаванымі інструментальнымі (дарэчы, А.Кісялёў ужо пачаў распрацоўваць такую ідэю). Але галоўнае, што заяўлена ў паказанай прэм’ернай праграме і патрабуе далейшага развіцця, — гэта спроба стварэння харэаграфічнага спектакля сродкамі бальнага танца ва ўсёй яго далёка не побытавай, а менавіта мастацкай шматаблічнасці.

Менавіта гэтаму навучае, да гэтага скіроўвае сваіх выхаванцаў загадчыца кафедры харэаграфіі БДУКіМ Святлана Гуткоўская і яе паплечнікі. І плён ёсць!


 Надзея БУНЦЭВІЧ