Песня не спета

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Прамежкавыя вынікі “Спеўнага сходу”: “пракачка” — кожнадзённы спеў
Пра музычны праект, запушчаны Сяргеем ДОЎГУШАВЫМ і Аляксеем ЧУБАТАМ мінулай вясной "К" пісала ў № 40 за 2014 г. Але за год існавання "Спеўнага сходу" назбіралася дастаткова пытанняў і разваг, з якімі аўтарам унікальнай ініцыятывы варта падзяліцца з чытачамі “К”.

/i/content/pi/cult/543/11859/12-1.jpg— “Спеўны сход” прайшоў свой поўны цыкл. Ці лічыце гэта завяршэннем справы?

А.Ч.: — Лічым цяперашні этап, хутчэй, пачаткам. Ужо можна назіраць, што “Спеўны сход” — з’ява, якая будзе жыць і тады, калі мы, першыя яго арганізатары, не зможам ім займацца. Добра, калі ініцыятыва акажацца падтрыманай сённяшнімі пачаткоўцамі. Па завяршэнні цыклу ў нас атрымалася дзесяць буйных “…Сходаў”. Былі і маленькія, калі нас запрашалі на розныя дзеі.

С.Д.: — Факультатыўныя “…Сходы” атрымліваліся, дарэчы, цікавымі. Напрыклад, калядны: мы ездзілі па Беларусі і віншавалі беларускіх пісьменнікаў. Такія “…Сходы” лічу вакальнай і артыстычнай практыкай: гэта сапраўдны выхад “у людзі”.

Мне б хацелася, каб у кожным горадзе Беларусі быў свой кіраўнік “Спеўнага сходу”. Скажам, да нас нядаўна падышоў хлопец у Віцебску і сказаў, што яму даспадобы ідэя “…Сходу” ў ягоным горадзе. Прычым ён з’яднаў групу аматараў, кажа: “Толькі навучыце!”. Увосень будзем пытанне вырашаць разам.

А.Ч.: — Патрэбны перапынак, каб падумаць, што будзе далей і ў якім выглядзе станем працаваць. Мы ўжо прыйшлі да таго, што некаторыя “…Сходы” павінны праходзіць на тэматычных пляцоўках: застольны — у кавярні, калядны — у вёсцы... Прыцягнулі да дзеі вядомых артыстаў, якія аказаліся не толькі добрымі настаўнікамі, але і спраўнымі вядучымі. Было б цікава запрашаць іх зноў — Алега Хаменку з "Палаца", Вікторыю Міхно з гурта “Гуда”, яны цікава і якасна правялі майстар-класы.

— Ці плануецца пашырэнне праграмы на будучы год?

С.Д.: — Мы шукаем спонсараў ды валанцёраў, якія ўсё гэта падтрымаюць і дапамогуць хаця б часткова прафінансаваць. Асабліва хочацца правесці “Спеўны сход” паводле песень Агінскага, якому гэтай восенню споўніцца 250 гадоў. Хаця б у Мінску, не марачы пра Залессе…

А.Ч.: — …бо ў нас былі спробы арганізаваць турыстычны “…Сход”, але прапанова многіх адпужала, бо каштуе грошай. Таму пажадана ладзіць “Спеўныя сходы” бясплатна.

— Раскажыце пра вашых сталых удзельнікаў.

А.Ч.: — Пастаянных мы налічылі чалавек 20, амаль паіменна іх ведаем. У асноўным гэта наша моладзь, але ўжо і не студэнцтва. Людзі працуюць, але некалькі гадзін для спеваў знаходзяць заўсёды, што надзвычай каштоўна для нас.

— Астатнія ўдзельнікі — выпадковыя?

С.Д.: — Не зусім. Шмат людзей выбірае блізкія і цікавыя для іх тэмы. Некаторыя, чую, з голасам, падрыхтаваныя, можа, і па рэпертуар прыходзяць. У планах на будучыню зладзіць і оперны “…Сход”, запрасіць Віктара Скорабагатава. Было б выдатна правесці заняткі па песнях ХХ стагоддзя — як першай яго паловы, так і другой. Усё наперадзе, у тым ліку і песні нашага часу. А хто ведае беларускія ваенныя песні? Менавіта нашы? Агульнасаюзныя — так, але вось што спявалі тыя ж партызаны Случчыны? А такія песні ёсць, нават у запісе!

— Як уздзейнічае беларуская песня на, напэўна, самага маленькага ўдзельніка “Спеўнага сходу” — на Аляксееву немаўлятку-дачку? Ці не пужаецеся так хутка пускаць яе ў асяроддзе, поўнае незнаёмых людзей, гукаў?

А.Ч.: — Мы з жонкай прытрымліваемся такога прынцыпу: нараджэнне дзіцяці не раздзяляе жыццё сям’і на “да” і “пасля”. Наадварот — гэта нагода для большай актыўнасці з боку бацькоў. Мы лічым нармальным хадзіць амаль усюды з Любай, канешне, аналізуючы спярша куды, прадумваючы план, прадугледжваючы форс-мажоры. Тыя ж калыханкі слухаць з ёй нават карысна, пазнаваўча. Для нас каштоўна, што дачка з маленства пагружаецца ў інтанацыйную сферу беларускай песні, бо вядома, што народныя мелодыі станоўча адбіваюцца на развіцці немаўляці.

— Які “…Сход” вам спадабаўся больш за ўсё і які быў самым шматлюдным?

С.Д.: — Мне вельмі спадабаўся веснавы “…Сход” з “Гудай” і карагодамі. Але кожны лічу па-свойму запамінальным. А на вольным паветры аднойчы мы сабралі столькі людзей, што падалося, нібыта іх тысяча: прынамсі, хвост цягнуўся далёка. Ёсць ідэя прапаноўваць “…Сходы” ўлетку ў праграмы нашых фестываляў. Дарэчы, добра было б паспяваць на якімсьці джазавым фэсце.

— Падвынікуйце, калі ласка: ці блізкая сучаснаму беларусу песня і музыка?

С.Д.: — Адразу скажу, што ёсць сярод нас тая катэгорыя людзей, якім гэта абсалютна нецікава. Яны кажуць: мы беларусы, але можам абысціся без аўтэнтычнасці і традыцый, без мовы. Але і такія, трапляючы на імпрэзы кшталту нашай, пераконваюцца: мы не проста нешта завучваем, а атрымліваем асалоду ад спеву. Дарэчы, на майстар-класах я вучу не толькі спяваць, але і дыхаць, разумець сябе, пачуць свой голас. Нават падзякі чую ад пачаткоўцаў, што да іх прыйшла вера ў сябе, у свае вакальныя магчымасці.

— А ці добра спяваюць беларусы наогул? Мы з грузінамі, відаць, цягацца не станем…

С.Д.: — Раней беларусы спявалі вельмі добра, бо не саромеліся. Ды гэта і “пракачка” — кожнадзённы спеў. Чаму грузіны лепшыя ў гэтым? Бо яны і не прыпынялі сваю традыцыю ўсё рабіць пад песню. Можа, у нас гэта савецкай уладай было зменшана. Калі кожны дзень спяваць, няважна як, голас пачынае мацнець, а комплексы і заціскі праходзяць. У нас вялікі патэнцыял. Іншая справа, што еўрапейцы ў гэтым сэнсе больш разняволеныя. Насамрэч, праблема беларусаў у тым, што некаторыя пакуль яшчэ не самаідэнтыфікаваліся. Ці не кожны раз задаю пытанне: колькі вы ведаеце беларускіх песень? Зараз ужо больш называюць...

— Якія памылкі і недахопы выявіліся цягам года? Мяркую, гэта карысны досвед не толькі для вас, але і для энтузіястаў, што захочуць займацца чымсьці падобным.

А.Ч.: — Разам з якаснымі характарыстыкамі не апошняе месца займаюць і колькасныя. Пакуль што нам толькі некалькі разоў атрымалася пераадолець планку ў 100 удзельнікаў. Хацелася б павялічыць гэтую лічбу. Шчыра лічу: праект заслугоўвае ўвагі, таму што ён унікальны ў многіх кірунках. Асабліва ў тым, што песні ажываюць, а не ляжаць на старонках фальклорных нататнікаў.

С.Д.: — Магчыма, большая рэклама падарыла б нам яшчэ ўдзельнікаў. Мы супрацоўнічаем з сайтамі, рознымі арганізацыямі, але хацелася б яшчэ і падтрымкі з боку дзяржавы. Таксама маем невялікі лік вядучых, якіх мы зараз актыўна шукаем і, дарэчы, знаходзім. Хочацца зрабіць суполку чалавек з дваццаці, каб кожны займаўся сваёй справай. Пакуль жа нават не хапае валанцёраў, каб тэксты раздрукоўваць. А яшчэ лепш было б спраецыраваць словы песень на экран, каб людзі спявалі не “з паперкі”.

— Аляксей, пытанне да вас як да піяршчыка па прафесіі. Ці лёгка нешта прапанаваць беларусам, які водгук можна атрымаць на гэта і якую ролю тут адыгрывае Інтэрнэт?

А.Ч.: — Не трэба пераацэньваць Сеціва. Яно мае даволі падманлівую сутнасць, паказваючы шмат актыўнасці, якой у рэальнасці няма. То бок яно здымае з чалавека адказнасць: ён піша, што стане ўдзельнікам чагосьці, а сам не прыходзіць, і гэта лічыцца нармальным. Канешне, Інтэрнэт дапамагае павялічыць вядомасць праектаў, але перанесці актыўнасць у рэальнасць фактычна ён ужо можа не заўсёды.

— Як лічыце, у непрафесіянала атрымалася б арганізацыя чагосьці падобнага?

А.Ч.: — Вядома ж, больш зручна рухацца з ведамі ў галіне піяра, а таксама — з досведам. Але найперш сваю ідэю трэба канкрэтна аформіць, а лепш нават занатаваць на паперы. Затым ужо можна пачынаць падключаць да ажыццяўлення справы іншых, заахвочваць іх. Для гэтага існуюць стартапаўскія суполкі з зацікаўленымі людзьмі, поўнымі ініцыятывы і жадання дапамагчы. Таксама варта навучыцца бачыць, навошта людзі прыходзяць на “…Сход”, якая ў іх матывацыя.

С.Д.: — Трэба ўмець вылучаць, хто ў гэтым сапраўды можа быць зацікаўлены. А таксама разумець, для каго тое робіцца, хто твая патэнцыйная публіка. Наша ідэя — аб’яднанне з дапамогай песні. Дарэчы, толькі пачаўшы, мы даведаліся, што нешта падобнае існуе ў Эстоніі, Латвіі. Бачыце,нам ёсць чаму павучыцца. Магчыма, з цягам часу хтосьці павучыцца і ў нас.

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст