Фестываль на 500 мільёнаў

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Live з культурнай “кухні”: як робіцца рыцарскі фэст? / Як дадаць да ўзросту горада 80 з рэштай гадоў і правільна ставіць цэннікі на імпрэзы
У мінулыя выхадныя адзін з найстаражытных гарадоў Усходняй Еўропы прымаў гасцей з нагоды Свята сярэдневечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў-2015”. Штогадовая дзея на Магілёўшчыне вельмі арганічна ўпісваецца ў мясцовыя краявіды, дапаўняе архітэктурную спадчыну, увогуле, глядзіцца натуральна, не па-бутафорску. Але за гэтай лёгкасцю і дарэчнасцю — вялікая работа некалькіх каманд прафесіяналаў, папунктная распрацоўка праграмы мерапрыемства, сацыялагічны аналіз сваёй публікі, вырашэнне мноства побытавых пытанняў. З усімі тонкасцямі арганізацыйнай кухні мне як журналісту і, згодна фестывальнай тэрміналогіі, маладому збраяносцу, дапамог разабрацца калектыў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама. Дарэчы, аддзел з’яўляецца адным з заснавальнікаў фестывалю, разам з Цэнтралізаванай клубнай сістэмай Мсціслаўскага раёна, а таксама Клубам гістарычнай рэканструкцыі “Саюз вольных ратнікаў”.

/i/content/pi/cult/543/11856/10-1.jpgРыцары-праграмісты, або Пра што “рыдае” фурманка?

Насамрэч прыгоды і адкрыцці пачаліся яшчэ па дарозе ў Сярэднявечча, калі аўтобус, “начынены” амуніцыяй і яе гаспадарамі, адышоў ад Мінска. Перад гэтым я больш за гадзіну назірала за тым, што загружаецца ў наш транспартны сродак (аматарскія калектывы са сталіцы цэнтралізавана вывозіліся трыма турыстычнымі бусамі, і мне дазволілі ехаць у адным з іх): драўляныя будаўнічыя дэталі, коп’і, колы ад фурманкі, старажытныя музычныя інструменты, лукі ды стрэлы, даспехі, касцюмы — карацей, стала зразумела, што я маю справу з сур’ёзнымі людзьмі.

Шчыра кажучы, да гэтай пары нават не ўяўляла, хто, якога ўзросту і ў якой колькасці цікавіцца падобнымі рэканструкцыямі ў нашай краіне. Аказалася, што іх аматары, у асноўным, даволі юныя асобы, актыўныя, а ў “пазарыцарскім” жыцці — прафесіяналы сваёй справы. Напрыклад, на суседнім са мной месцы апынуўся ўдарнік фольк-фэнтазі гурта “Наrd Wood”, а па сумяшчальніцтве — перакладчык. Рыцары-праграмісты, паненкі-выкладчыцы — вось такія “падвоенасці” зараз у адмыслоўцаў маладога веку. Па дарозе дазналася і пра тое, што ўсе гэтыя людзі едуць у Мсціслаў найперш, каб ствараць атмасферу свята, а не самім забаўляцца. Прымаючы ж бок забяспечвае ім жыллё і харчаванне. Падобны дыпламатычны сімбіёз, падаецца, мог назірацца нават у Сярэднявяччы.

Гадзін праз пяць хады наш аўтобус ламаецца, не даехаўшы да Мсціслава кіламетраў шэсцьдзесят. Кіроўца ставіць перад фактам: у машыне працуе толькі адна перадача — гэта раз, яе, машыну, трэба развярнуць на 180 градусаў на вузкай дарозе — гэта два. Такія акалічнасці “рыцары” ўспрынялі як выпрабаванне лёсу і з ахвотай узяліся за справу. У Мсціслаў мы прыбылі глыбокай ноччу. Тым часам на спецыяльна адвезеных пляцоўках для суботняй імпрэзы былі разбіты палаткі, так званыя падлагеры.

Запраграмаванае

Раніцай у холе гасцініцы — міні-натоўп з турыстаў, ахвотных там пасяліцца, хутчэй пакінуць свае рэчы і пазнаёміцца з праграмай на дзень. Па прызнанні начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўшчыны Наталлі Біскуп, сёлета рыцарскі фэст стаў больш шырокім паняццем. Адштурхнуўшыся ад турніраў, якія, безумоўна, з’яўляюцца “разыначкай” дзеі, арганізатары прыйшлі да дакладнага гісторыка-культурнага кантэксту, які стаў цудоўным фонам для такіх акцэнтаў як, напрыклад, баі ці штурм замка. Свята сярэднявечнай культуры — гэта цэласная пастаноўка, створаная не толькі з дапамогай кропкавых спаборніцтваў, турніру лучнікаў альбо змагання за карону Вітаўта. Істотная і сама сувязь паміж усімі складнікамі таго, што адбываецца. Прасцей кажучы, арганізатары зрабілі так, што створаны з нагоды дух эпохі патрапіў у кожны куточак Мсціслава, не пакінуўшы сучаснасці шансаў на гэтыя дні. Звязаць жа блокі атрымалася за кошт музыкі, гульняў, магчымасцей пачаставацца чымсьці нестандартным, набыць, у рэшце рэшт, сабе індульгенцыю ці нагаворнае зелле. Так, па дарозе на Замкавую гару, дзе змяшчаўся эпіцэнтр свята, праходзіш поруч з дударам, з тымі, хто рабіў стаўкі на парасячым “іпадроме”, крыжацкім палявым лагерам, рамеснікамі з аўтэнтычнымі вырабамі...

Заўважыла я і тое, што амаль кожная гадзіна фестывалю была распісана, а з планам мерапрыемстваў можна было азнаёміцца на стэндах і ў праграмках, якія прадаваліся паўсюль. Такая інфармацыйная падтрымка пакуль яшчэ не правіла кожнага з нашых фестываляў. І дарма. Бывае, па інфармацыю на сім-тым з іх даводзіцца накруціць не адзін круг па тэматычных пляцоўках. У Мсціславе ж атрымалася ўсё вельмі разнастайна і, аначасова, вельмі канцэнтравана: фэст вымушаў рухацца (паўтаруся, па пэўным, закладзеным інфармацыйнымсі матэрыяламі, сцэнарыі), глядзець зацікаўлена, адчуваць сябе часткай дзеі.

Грошазварот

Не магу не адзначыць эканамічны (прычым станоўчы!) бок мерапрыемства. Ужо другі год, як мсціслаўскі фэст акупае сабе, а гэта не жартачкі, улічваючы, што зароблена грашовых сродкаў у 2015-м годзе больш за 500 мільёнаў рублей. Але ж кіраўніцтва да грашовых пытанняў падыходзіць асцярожна, ставячы цэннікі далёка не паўсюль. А тыя, што ёсць, у большасці сваёй даступныя — у межах 10-30 тысяч рублёў. “Цэны для нас — не галоўнае, асноўная задача — паказаць гісторыю нашага горада, якая з’яўляецца часткай гісторыі цэлай дзяржавы”, — падзялілася са мной спадарыня Біскуп. Урэшце, у фінансавай кругаверці важныя і іншыя фактары, напрыклад, асартымент, канкурэнцыя тавараў і паслуг, а таксама колькасць патэнцыйных пакупнікоў. На фэсце ўсяго і ўсіх ставала. А нават у перспектыве рабіць рыцарскую дзею матэрыяльна цяжкадаступнай для наведвальнікаў не ў планах райвыканкама.

/i/content/pi/cult/543/11856/10-2.jpgАдрасат вызначаны

…Тым больш, асноўная частка ўсіх гасцей фэста — моладзь. Такія вынікі паказаў гэты год, што ўдвая прыемна ў Год моладзі, якім абвешчаны 2015-ы. Адчуўшы такую тэндэнцыю і прааналізаваўшы вопыт мінулых сямі фестываляў у Мсціславе, гэтым разам было вырашана змясціць дні мерапрыемства з суботы і нядзелі на пятніцу і суботу, бо звычайна ў нядзелю горад стаяў ужо пуставаты. Такая рызыка апраўдалася: моладзь з лёгкасцю пасля свайго працоўнага дня паспела даехаць у Мсціслаў нават з самых крайніх кропак Беларусі і замежжа. Праграма была пабудавана так, што спазніцца да пачатку свята было амаль немагчыма (амаль, таму што спазнілася ўсё ж такі я і мае рыцары-спадарожнікі). Па данных райвыканкама, за тры гадзіны ў пятніцу толькі на адну з пляцовак трапіла больш за 4 тысячы чалавек. Усяго ж фестываль наведала каля 15 тысяч гасцей, што можа стаць сур’ёзнай заяўкай нават для такіх тытанаў як “Славянскі базар у Віцебску” ці “Александрыя збірае сяброў”. Дарэчы, у натоўпе не аднойчы чуліся замежныя мовы, а таксама перавод мясцовых коштаў у сваю валюту.

Яшчэ адна цікавая знаходка: адзін з новых заснавальнікаў фэсту, Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Саюз вольных ратнікаў”, прапанаваў інфармаванне сёлета весці не толькі праз афіцыйны сайт райвыканкама, але і праз старонку ў сацыяльнай сетцы. На яе падпісана каля 1000 чалавек — гэта істотная лічба. “Мы атрымалі дадатковых турыстаў і людзей, якія зацікавіліся нашым мерапрыемствам”, — рэзюмуе досвед Наталля Біскуп.

Узаемавыгада

Асаблівых сакрэтаў з уласнага фестывальнага поспеху (хаця гэта слова ўслых у Мсціславе пакуль не прамаўляецца) горад не робіць. Акрамя дэтальнага падыходу і плённай працы, тут важны яшчэ і абмен вопытам з іншымі рэгіёнамі. Работнікі культуры Мсціслаўскага раёна імкнуцца не прапусціць ні адну больш-менш адметную падзею ў калег: няхай гэта будзе проста ў нечым адметная выстаўка ці падобны па фармаце фэст. У такіх паездках можна не толькі натхняцца ідэямі на сваю карысць, але і запрашаць тых жа рамеснікаў, якія з’яўляюцца часткай не толькі святочнай атмасферы, але і эканамічнага працэсу. Так, напярэдадні рыцарскага фэсту-2015 мсціслаўцы наведалі Александрыю, Віцебск, Дрыбін, Міёры. У апошнім мястэчку, як пісала “К”, усяго некалькі тыдняў таму пабывалі на кулінарным фестывалі “Еўрапейскія прысмакі”. Як вынік, у горадзе на Віхры з’явілася некалькі палатак з гэтага раёна Віцебшчыны: мёд такой апрацоўкі, якой ніколі на фэсце не прадавалі, царкоўныя рэчы.

“Сёння вы маглі бачыць на ўездзе ў наш горад на фарпостах вяшчальніка і стражніка. Гэту думку мы падхапілі ў Дрыбіне, дзе мясцовыя работнікі культуры цудоўна сустракаюць людзей на “мытні” з конкурсамі і гульнямі. Дзякуючы такому пачатку, ты адразу адчуваеш сябе нават не госцем, а паўнавартасным удзельнікам дзейства. Тым больш, у Мсціславе насамрэч існавалі фарпосты. Нашы абаронцы выдаюць на ўездзе праграму мерапрыемства, зарабляючы капеечку за гэту паслугу. У падзяку ж частуюць гасцей хатнім квасам ці іншымі смакоццямі. Заўважылі: інтарэс — маментальны, настрой ствараецца адразу!” — гаворыць начальнік аддзела ІРКСМ. Наталля Біскуп пераканана: мсціслаўскія задумы таксама разыходзяцца па краіне, магчыма, у мадыфікаваных формах і праявах. Да такога можна адносіцца толькі станоўча, як і павінна, урэшце, быць у сферы культуры.

Па кольцах

Напэўна, самай яркай навіной фэста стала адкрыццё, якое было зроблена кандыдатам біялагічных навук, вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Максімам Ярмохіным за некалькі гадзін да суботняй навуковай канферэнцыі “Папярэднія вынікі археалагічнага даследвання Замкавай гары ў 2014-2015 гадах” у мсціслаўскім Доме культуры. Дык вось, было абвешчана: век Мсціслава з гэтага моманту можна лічыць больш сталым гадоў яшчэ на восемдзесят. Нагадаю, што да гэтага адлік ішоў ад 1135 года, а ў планах раёна было святочнае адзначэнне 880-годдзя ў верасні. Але батанік Ярмохін (здавалася б, якія адносіны ён мае да гісторыі) дэндрахраналагічным метадам вызначыў, што дрэва, з якога былі зроблены пабудовы, раскапаныя на Замкавай гары, налічваюць такую колькасць кольцаў, якая дазваляе сцвярджаць пра яшчэ больш старажытны век паселішча. Ігар Марзалюк, кіраўнік гэтай навукова-практычнай канферэнцыі, адразу ж заявіў, што асабіста зоймецца зменай даціроўкі Мсціслава ў найбліжэйшы час.

Сапраўды, Мсціслаў тымі выходнымі нагадваў нейкую машыну часу, бо яму была падуладная змена і гадоў, і эпох.

Пры ўсёй, здавалася б, тэматычнай абмежаванасці і нават спецыфічнасці рыцарскіх фестываляў, фэст у Мсціславе аказаўся цікавым для рэкордна шырокай катэгорыі людзей — і ў колькасным, і ў якасным разуменні. Магчыма, гэта і можна назваць мсціслаўскім феноменам. Але трэба разумець: цуд не адбываецца сам сабой, і тут бачныя ўвачавідныя вынікі каласальнай працы і жадання ўсё зрабіць дасканала. На развітанне Наталля Біскуп разам са сваёй калегай Людмілай Палеевай, дырэктарам Цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, паабяцалі наступным годам здзівіць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек — нават яшчэ больш. Я іх словам веру.

Мінск — Мсціслаў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст