Аўдыя & Відэа-16

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Чэрвеньскія аўдыя/відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць спявачка Ірына ВІДАВА і кампазітар Алег МОЛЧАН (A.), а таксама спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура” Алег КЛІМАЎ (B.).

/i/content/pi/cult/543/11855/9-9.jpgАўдыя

Вольга Акуліч і Юрый Несцярэнка, сінгл “Дарога на поўдзень”

А.: З Вольгай Акуліч і яе творчасцю я пазнаёмілася ў юным узросце, калі нам было гадоў па сямнаццаць, і нават напісала некалькі песень на яе беларускамоўныя вершы. Кранула мяне гэта дзяўчына, яе душа, было ў ёй нешта, што адрознівала ад астатніх. І мне прыемна, што я не памылілася: Вольга засталася ў творчасці ўсур’ёз і надоўга. Нашы шляхі разышліся, бо ў нас зусім розныя падыходы да творчасці, можна сказаць, супрацьлеглыя, але гэта ніколькі не замінае мне з цікавасцю ставіцца да яе дзейнасці. Акуліч для мяне, у першую чаргу, паэтка, якая пад гітару даносіць да слухача свае вершы, думкі, філасофію разам з музыкай. Менавіта ўнутраны свет Вольгі я чую ў яе песнях, бо музыка гэта вельмі асабістая, некамерцыйная, простая, але тым і чароўная. Вольга не імкнецца камусьці спадабацца, а робіць, што загадвае ёй яе душа ды інтуіцыя: быць самой сабой. Мелодыі немудрагелістыя, не кампазітарскiя, часам ім не хапае развіцця, а песні больш падобныя на павольную гутарку. Ёсць што паслухаць аматарам слова і настрою. Такая музыка выдатна ўпісваецца ў атмасферу бара, паба, калі можна цалкам адключыцца ад звыклага медыя-асяроддзя. У сінгле Акуліч адыходзіць нават ад сябе самой, звыклай для прыхільнікаў, ад бардаўскай традыцыі, і працягвае пошук, эксперыментуе. І пры гэтым можна казаць пра з’яву “Вольга Акуліч”. Што вылучае Вольгу ад яе калег у сегменце альтэрнатыўнай некамерцыйнай музыкі — прыстойнае інтанаванне і добрыя музыканты. Спявае “на ўсмешцы”. Акуліч па-за тусоўкамі і стварае сваё асяроддзе, працуе з сябрамі-музыкантамі. І іх добрае стаўленне да яе, да яе мастацтва чуваць у музыцы. Думаю, гэта і ёсць творчая свабода, а можа, і творчае шчасце.

В.: На гэты раз для свайго праекта “#VOLHA” Акуліч запрасіла аднаго з вядучых рок- і блюзавых музыкантаў краіны гітарыста Юрыя Несцярэнку. Кампазіцыяй, якая заслугоўвае найбольшай увагі, мне падалася загалоўная, якая, рэалізаваная ў ансамблевым электрычным выглядзе, можа стаць доўгім, прыгожым, пругкім, з аранжыровачнымi смакоццямі, пры жаданні — з ухілам у псіхадэліку, блюзавым трэкам. У прапанаваных жа варыянтах і тая, і іншая песні слухаюцца ўсё ж як нейкія накіды…

Зміцер Вайцюшкевіч і “WZ-Orkiestra”, альбом “Наша песня”

A.: Змiцер заўсёды адказна падыходзіць да ўвасаблення ўласных творчых ідэй, за што я з вялікай павагай стаўлюся да яго. Не буду рабіць з сябе музычнага крытыка і дэталёва, па паліцах, распісваць усе вартасці або недахопы гэтай работы. Скажу па сутнасці. Альбом запісаны прафесійна, гучанне гладкае і круглае, аранжыроўкі граматныя, выкананыя на годным узроўні. Добрыя кампазіцыі, выразна адмаляваныя, празрыстыя мелодыі, зразумелая музычная канцэпцыя. Ад праслухоўвання застаецца цалкам пэўны добры “паслясмак”. Спадабалася, што ў альбоме выкарыстана шмат розных элементаў і цікавых музычных партый, але нязменным застаўся агульны музычны кірунак. У некаторых кампазіцыях гэта элементы народнай музыкі, у іншых — музыкі для кіно, з лёгкім, спецыяльна правінцыйным, у добрым сэнсе гэтага слова, адценнем, гэткім наіўным, які надае шарму. Выдатна ўпісваюцца і элементы гарадскога раманса. Але пры гэтым, паўтаруся, чутны адзіны музычны почырк, што характарызуе Вайцюшкевіча як сапраўднага артыста, прафесіянала. Самае галоўнае, што ў Зміцера ёсць дакладнае разуменне таго, што ён робіць, для чаго, для каго, разуменне свайго месца ў мастацтве. Я не стаў бы сцвярджаць, што альбом уяўляе сабой усю музычную беларускую культуру. Але асабіста я пры выбары уласных пераваг несумненна аддам свой голас у тым ліку і за такі кірунак, як за вельмі патрэбны і важны для культуры і мастацтва краіны.

B.: Чарговую работу Тодара склалі кампазіцыі, прысвечаныя Беларусі і напісаныя як у савецкі час, так і створаныя ў перыяд пасля атрымання ёй незалежнасці. Песні, вядомыя ў прачытанні іншых выканаўцаў і самога артыста, але толькі ў іншай аранжыроўцы (напрыклад, хіт “Я нарадзіўся тут” пазбавіўся ад пафаснага налёту, гучыць у акустыцы і зусім мінорна ды з першапачатковай тэкставай версіяй; або бліскучы кавер знакамітай “Веранiкi”), плюс шэраг новых трэкаў. Музычна Змiцера кідае з спёкі ў холад: гарадскі раманс і аўтарскую песню змяняе рэтра-эстрада, кандовы палымяны рок суседнічае з іранічным, але гімнам, рэгі і вальсок, хор і драйвовая электрычнасць. Тодар яшчэ раз пацвердзіў, што сярэдненькіх, шэранькіх, прахадных і, божа барані, правальных альбомаў ён выпускаць не ўмее. “Наша песня” — адначасова і вельмі патаемны, глыбокі, перажыты, выпакутаваны, асобасны дыск, і пласцінка, якая абавязкова кране душы самага рознага слухача.

Дзіма Ску і “Каб-каб”, альбом “Ф2”

A.: Радуе ўжо тое, што музыканты не замыкаюцца на адным стылі, а выкарыстоўваюць у кампазіцыях элементы хіп-хопа, EDM, tech house, рок- і поп-музыкі... Гэты музычны вінегрэт выглядае цалкам прыстойна. Адчуваецца, што хлопцы пастараліся з матэрыялам. Простыя, зразумелыя аранжыроўкі, рыфы, нядрэннае звядзенне. У прынцыпе — гэта адзін з кірункаў, якi тыповы для сённяшняй сучаснай культуры. Асабліва — рэчытатывы і біты. Мне здаецца, што такія прыёмы выкарыстоўваюць у першую чаргу тыя, хто не валодае прафесійнымі вакальнымі навыкамі і свае думкі даносіць у асноўным праз меладэкламацыю. Таму, калі ўлічыць, што ідэолаг праекта — прафесійны дызайнер, то праца наогул цалкам прымальная. Адзінае, мне хацелася б, каб у альбоме знайшліся хаця б два ці тры хіты. Я не маю на ўвазе кароткія фразы. Чамусьці ў цяперашніх музыкантаў прынята лічыць, што такая фраза ўжо сама па сабе з’яўляецца хітом — гэта распаўсюджаны і памылковы зман. У пабудове хіта ўдзельнічае вельмі шмат элементаў, такіх, як уступ, рыф, куплет, спалучэнне гукаў і словаў, нават аўдыторыя... Калі Дзіму будзе цікавая гэтая тэма, думаю, з часам ён асвоіць і яе.

B.: Яркі ўзор таго, як захопленыя музыкай людзі запісваюць у хатніх умовах не проста асобныя трэкі, а аб’ядноўваюць іх у альбомы і прадстаўляюць на суд інтэрнэт-аўдыторыі. У асноўным баранавіцкі праект прапануе амаль тузін рытмічных трэкаў, па-над якімі яго ідэолаг начытвае тэксты, вялікая частка іх — гэта іранічны погляд на самыя розныя рэчы, нават вельмі сур’ёзныя. Чыстай вады альтэрнатыўная альтэрнатыва, без адзінага шанцу на жыццё камерцыйнае. А будзе яна цікавая такім жа “творцам ад камп’ютараў”, частцы авангарднай праслойкі і шукальнікам ў сучасным мастацтве чаго-небудзь незвычайнага — крытыкам.

Відэа

“Разбітае сэрца пацана”, “Ты кінула сябе”

А.: На мой погляд, вельмі неадназначная работа. Мабыць, па задумцы стваральнікаў, яна павінна была выклікаць самыя супярэчлівыя пачуцці, рэакцыю і... дыскусію ў грамадстве. Зразумела, што кліп носіць у першую чаргу сацыяльны характар. Напэўна, гэта і ёсць альтэрнатыва. Тэма алкагалізму — злабадзённая, і ў абраным спосабе данясення матэрыялу, верагодна, цяжка было абысціся без такіх слоў, як “трыхаманіяз”. Яшчэ больш складана аказалася... не мачыцца падчас здымкі (па сюжэце). Падазраю, што гэта ўсё зроблена для папулярызацыі ўласнай творчасці і як бы праява творчай свабоды і незалежнасці. А маніпуляцыя заключаецца ў тым, што пад антыпрапагандай алкаголю ў роліку паказваецца яго ўжыванне.

Зусім нядрэнна, што праблемы абазначаюцца такім спосабам, толькі хацелася б падзяляць дзве рэчы: мастацтва і сацыяльны аспект. А калі злучаць іх, то так, каб ні адзін з бакоў не пацярпеў. І пажаданне музыкантам: калі ласка, выкарыстоўвайце больш нот у мелодыях.

В.: Напэўна, відэа варта лічыць па разрадзе як бы сацыяльных музычных ролікаў. Нехта дае нейкаму грамадзяніну даручэнне даставіць разбітае сэрца маладога чалавека, які б’ецца ў дзверы кватэры, а сяброўка яго з парога кідае былому каханаму чамаданчык з рэчамі: каціся, маўляў... А паралельна з гэтым трылерам мы назіраем драму падзення ў вір алкагалізму той самай дзёрзкай дзяўчыны. Жудасць, карацей. Ансамбль жа “Разбітае сэрца пацана” каля пяці з паловай хвілін ва ўласцівай яму сцёб-манеры на трасянцы тужліва спявае пра тое, што злоўжыванне адпаведнымі напоямі вядзе да разбурэння асобы ў цэлым і не выключае варыянту падхапіць разнастайныя хваробы. Баліць мая печань, карацей... Цікава, і як гэта ў галаве аўтара кліпа склаўся такі сюжэт?..

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"