Моладзь і зварот да свайго

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Яшчэ напрыканцы чэрвеня адбыўся запіс маёй даўняй камернай оперы “Марадзёр”. Выконваў яе аркестр капэлы “Санорус”, а дырыжыраваў падчас запісу Мурат Асуіл. Гэтаму твору ўжо два гады, і я вельмі рады, што ён нарэшце ўвасобіўся ў жыццё.

/i/content/pi/cult/543/11851/5-1.jpgКамерная опера напісаная мной па матывах твора Максіма Гарэцкага. Дзеянне адбываецца ў невядомы час ва ўмовах вайны, бо менавіта на вайне, на мой погляд, выяўляюцца самыя глыбінныя ўласцівасці асобы. Да таго ж у творы Гарэцкага алегарычна раскрываецца сутнасць не толькі таго часу, у які жыў беларускі пісьменнік, але і часу сённяшняга. Бо цяпер, як і сто гадоў таму, многія, на жаль, жывуць па прынцыпе “добра тое, што прыносіць карысць”…

Падрабязна пра оперу апавядаць не стану: усе ахвотныя могуць яе паслухаць і выказаць свае заўвагі ў Інтэрнэце. Як я лічу, сваю музыку трэба абавязкова выкладаць у Сеціва, дзе яе праслухае найбольшая колькасць слухачоў. І не важна, што такім чынам у нечым парушацца мае аўтарскія правы: галоўнае, каб музыка, якую я пішу, падабалася тым, хто яе слухае…

А сказаць я хачу падрабязней вось пра што. На мой погляд, вельмі добра, што кіраўнік ужо названай капэлы “Санорус” Аляксандр Хумала сур’ёзна дапамагае беларускім кампазітарам, асабліва маладым: калектыў выконвае іх творы нароўні з работамі прызнаных мэтраў. І гэта сапраўды істотная падтрымка для тых, хто толькі пачынае сваю кампазітарскую дзейнасць. Да слова, падобная практыка існуе і ў іншых айчынных калектывах, што не можа не радаваць. Згадаю, да прыкладу, аркестр Белтэлерадыёкампаніі. Штогод напрыканцы сезону гэты калектыў запісвае творы студэнтаў старэйшых курсаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — маладых кампазітараў. Сярод іншых, аркестр Белтэлерадыёкампаніі запісаў і некалькі маіх твораў. Самы апошні з запісанага — сімфанічная паэма “Кастусь Каліноўскі”, дырыжор — Юрый Караваеў. Чаму менавіта Каліноўскі, чаму я звярнуўся да гісторыі? Таму што, на мой погляд, беларускія кампазітары будуць цікавыя ў Расіі, у Еўропе, ва ўсім свеце толькі тады, калі ў іх творах загучыць нешта адметнанацыянальнае. Таму я перакананы: мы павінны шукаць у нашай багатай мінуўшчыне нешта цікавае іншым народам, паказваць сваю непаўторнасць і самабытнасць. Да слова, як я вырашыў для сябе, усе мае творы будуць менавіта пра Беларусь.

Разумееце, мне не надта падабаюцца тыя кампазітары, якія не маюць свайго стылю, капіруюць — а, можа, нават і кампілююць — нечыя напрацоўкі, ідуць за “мэйнстрымам”… Гэта адразу робіць іхнія працы другаснымі, нецікавымі, падобнымі адно да аднаго… Мне, да прыкладу, вельмі не хацелася б, каб у беларускай музыцы падобны падыход стаўся асноўным ці пераважным, бо ў нас ёсць пра што пісаць музыку, нам ёсць што паказаць свету, нам ёсць чым зацікавіць не толькі айчыннага, але і замежнага слухача….

І апошняе. Зараз я працую над новым творам — струнным квартэтам, — які, як я спадзяюся, прагучыць на фестывалі сучаснай музыкі ў Кіеве. Украінскі калектыў “Гальфстрым”, з якім у мяне склаліся добрыя сувязі і які неаднойчы выконваў мае сачыненні, магчыма, выканае на фэсце і гэтую працу. Але самае цікавае тое, што згаданая мной музычная імпрэза ладзіцца ў Кіеве кіраўніком “Гальфстрыма” віяланчэлістам і кампазітарам Золтанам Алмашы ажно некалькі разоў на год! Наколькі я мог пераканацца на свае вочы, фестываль карыстаецца нязменнай папулярнасцю як у жыхароў украінскай сталіцы, так і ў шматлікіх замежных турыстаў… Чаму б не зладзіць падобны фэст у Беларусі? На мой погляд, фестываль сучаснай музыкі — вартая пераймання ідэя і, магчыма, будучы турыстычны ды культурны брэнд Мінска ці нейкага іншага горада краіны... Брэнд, якога нам, пагадзіцеся, у Беларусі вельмі не стае…

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"