“Рэпетыцыя аркестра” па-маладзечанску

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

4 красавіка Маладзечанскі маладзёжны музычны народны тэатр пакажа чарговую прэм’еру — оперу “Травіята” Дж.Вердзі. Напярэдадні ж сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага на чале з заслужаным дзеячам культуры Беларусі Рыгорам Сарокам трымаў справаздачу (ці, па-сучаснаму, “піарыў” сябе і салістаў тэатра) на сцэне Канцэртнай залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прысвяціўшы выступленне 50-гадоваму юбілею навучальнай установы, які будзе святкавацца ўвосень.

 /i/content/pi/cult/154/1185/Repetycyja.jpg

Сімфанічны аркестр Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага на чале з Рыгорам Сарокам.

Год таму, здавалася б, ужо было штосьці падобнае. Акурат перад тым, як адкрыць “Іалантай” П.Чайкоўскага гэты другі, па сутнасці, оперны тэатр краіны, маладзечанскі аркестр таксама праводзіў у сталіцы “рэпетыцыю”, больш падобную на “разведку боем”. У выніку нават заўзятыя скептыкі, узброеныя цяжкай артылерыяй сталічнай фанабэрыстасці, былі захоплены ў палон маладой энергетыкай і жаданнем скарыць недасягальныя вяршыні. Але ж калі летась маладзечанцы штурмавалі Манблан, дык цяпер замахнуліся на музычны Алімп. У сваё сталічнае выступленне яны ўціснулі нават не адзін, а два “гала-канцэрты”: класічны і джазавы.

Можа, “віной” усяму найскладаная ўверцюра да “Руслана і Людмілы” М.Глінкі? Зададзены ёй шпаркі тэмп і святочны настрой вызначылі радасную імклівасць усяго канцэрта. Праграма, між тым, ледзь не цалкам складалася з рознастылёвых сусветных хітоў, да якіх рызыкуе звяртацца (не “ў класе” ці “хатняй” абстаноўцы, а на вялікай сцэне перад знаўцамі) далёка не кожны прафесіянал. Выступоўцы не намагаліся парушаць традыцыі іх выканання, у кожным з нумароў адчувалася заўзятае жаданне прадэманстраваць, што “мы таксама не лыкам шытыя”.

Што ж, калі менавіта гэта ставілася за мэту, дык яна, безумоўна, была даказана “на ўсе сто”. Салісты тэатра, большасць якіх нават не выкладчыкі вучылішча, а навучэнцы, старанна, з добрай дыкцыяй (на рускай, італьянскай і французскай), выводзілі оперныя ды аперэтачныя фрагменты. У другім аддзяленні з гэткай жа дакладнасцю, добрай адрэпеціраванасцю гучалі сімфа-джазавыя і эстрадныя творы са шматлікімі сола духавых, што дэманстравалі майстэрства артыстаў-інструменталістаў. Адно тое, што выдатна прагучала знакамітая “Блюзавая рапсодыя” Дж.Гершвіна, дзе за раялем саліраваў лаўрэат міжнародных конкурсаў, выкладчык вучылішча Аляксандр Дзяруга, шмат чаго вартае.

Калі ж узняць планку “вышэй за сто” (а маладзечанскія музыканты таго заслужылі, бо іх даўно ўспрымаюць прафесіяналамі), дык можна пажадаць больш збалансаваных суадносін як паміж аркестрам і салістамі, так і сярод саміх аркестравых партый, дзе часам пераважалі другасныя лініі медных, больш вольнага разгортвання музычнай тканіны, што злёгку парушала б абсалютную метрычную архітэктоніку. Ну, а калі гаварыць пра ўзровень “на ўсе дзвесце”, дык узгадаем, найперш, аркестравую замалёўку самога Р.Сарокі на тэмы з мультфільмаў. Напісаная з фантазіяй і выкарыстаннем некаторых улюбёных прыёмаў Яўгена Глебава, яна была выканана з такой непрыхаванай любоўю і пяшчотай, якая бывае хіба ў дзеда да ўнукаў. Назавём у той жа “намінацыі” і маладога спевака Анатоля Сіўко, які сёлета заканчвае вучылішча. Яго прыгожы высокі бас, аксамітна барытонавы па тэмбры, уразіў і на леташняй маладзечанскай прэм’еры “Іаланты”, і на гэтым канцэрце. Завяршыўшы арыю князя Ігара з аднайменнай оперы А.Барадзіна, артыст на нашых вачах пераўвасобіўся ў Мефістофеля з “Фауста” Ш.Гуно — без усялякага грыму, адно з дапамогай мімікі і, галоўнае, тэмбравых вакальных фарбаў. А ў другім аддзяленні, звярнуўшыся да рэпертуару Фрэнка Сінатры, здзівіў зусім іншай спеўнай манерай і цудоўным валоданнем мікрафонам — якасцямі, “пазычанымі” са свайго не менш бліскучага рок-мінулага.

Слухаючы такіх спевакоў, разумееш, чаму ў Маладзечне з’явіўся свой музычны тэатр. І чаму, хаця гэта не абласны цэнтр, сёлета менавіта там адкрываецца, нарэшце, філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.


Надзея БУНЦЭВІЧ