Вуліца-сцэна і шлях "у нікуды"

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Акцыі накшталт “фестываль у фестывалі” практыкаваліся на “Славянскім базары ў Віцебску” неаднаразова. Але ўпершыню ў рамках славутага Міжнароднага фестывалю мастацтваў адбыўся фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”, які не проста ўнёс дадатковую фарбу ў агульнае свята, а на некалькі дзён цалкам змяніў гарадское аблічча. І ўвогуле прапанаваў новую формулу гарадскіх святкаванняў “на прыродзе”.

Гісторыя паўтараецца!

Яшчэ чвэрць стагоддзя таму пад вулічнымі гарадскімі святамі разумелі хіба дэманстрацыі — першамайскую і “вялікакастрычніцкую”. Такі варыянт “масавага вулічнага” святкавання не меў альтэрнатывы. У Новы год усе сядзелі па дамах, перад блакітнымі экранамі з “Блакітным агеньчыкам”. А канцэрты на свежым паветры былі хіба “стадыённымі”.

Засваенне фармату “open air” (адкрытае паветра) актывізавалася ў 1990-я. Па еўрапейскім прыкладзе на вуліцу пачалі выходзіць не толькі эстрада і фольк, але і акадэмічная музыка. Тэатральныя фестывалі ў Брэсце (“Белая вежа”) і Магілёве (“M.@rt.кантакт”) пашыралі афішу і геаграфію запрашэннем замежных вулічных спектакляў. А першы такі паказ у сталіцы ўвогуле выклікаў фурор. Нарэшце, з’явіўся і асобны фестываль — Мінскі форум вулічных тэатраў (арт-дырэктар — Уладзімір Галак), які сёлета прайшоў у трэці раз. Звернем увагу на даты яго правядзення — першыя дні мая. Здавалася б, нічога дзіўнага: вясновае надвор’е, памножанае на традыцыйныя выхадныя, папросту кліча пакінуць душную кватэру. Але ёсць тут і свая гістарычная заканамернасць: як калісьці хрысціянскія святы “накладаліся” на паганскія, ператвараючы Каляды ў Нараджэнне Хрыстова, а вясновыя абрады — у Вялікдзень, так і колішнія першамайскія дэманстрацыі адрадзіліся ў вулічных фестывальных шэсцях. Усё лагічна! Бо нават у тых дэманстрацыях спляталіся-пераасэнсоўваліся як “забытыя” хрысціянскія элементы (тыя ж галінкі, упрыгожаныя папяровымі кветачкамі ды паветранымі шарыкамі), так і ўласна карнавальныя, кірмашовыя (узгадаем тэатралізаваныя “прэзентацыі” прадукцыі вытворчых калектываў — часцей на кузаве грузавікоў).

І вось вулічны форум “дайшоў-дакаціўся” да Віцебска — падумае хтосьці з мінчукоў, упэўнены ў “кіраванні зверху” і яшчэ больш у тым, што ўсе цікавосткі могуць сыходзіць выключна ад сталічных крэатыўшчыкаў. Але ж у Віцебска была і свая перадгісторыя! Таксама, між іншым, звязаная з рэвалюцыйнымі святамі. Памятаеце аповед пра тое, як Марк Шагал са сваімі вучнямі пафарбаваў брукаванку ды размаляваў будынкі? А сёлета віцебскія мастакі размалявалі Пушкінскі мост, ператварыўшы яго ў неба з аблачынкамі. Перформансам “Неба” ля ратушы адкрываўся і фэст “На сямі вятрах”. Але “вулічнае неба”, ратуша ды іншыя прыродна-архітэктурныя рэаліі ў якасці сцэнаграфіі былі неаднаразова выкарыстаны ўсё ў тыя ж 90-я — найталенавітым Міхаілам Шульманам у ягоных перформансах і суцэльным спектаклі (феерычным шоу з удзелам цыркавых артыстаў), прысвечаным Марку Шагалу. Дый колькі гадоў запар лёсаванне ўдзельнікаў дзіцячага конкурсу праходзіла ў фармаце тэатралізаваных “пленэрных” дзей — з казачнымі героямі на хадулях, гульнямі-забаўкамі ды іншымі відовішчамі ад Маладзёжнага тэатра “Колесо”. Непасрэднай “рэпетыцыяй” цяперашняга вулічнага інтэрактыву стаўся леташні праект “Лялечны квартал” у рамках “Славянскага базару…”, калі перад спектаклямі ў тэатры “Лялька” гледачоў сустракалі артысты ўсё таго ж “Колеса”. А які энтузіязм публікі выклікаў леташні “Макбэт” Валерыя Анісенкі, паказаны не на сцэне Коласаўскага тэатра, а ў сядзібе Рэпіна ў Здраўнёве! Усе былі аднадушныя, што падобныя тэатральныя “вылазкі” трэба рабіць часцей, ператварыўшы іх у адну з добрых традыцый горада і яго фестывальнага брэнда.

Амаль усе тыя традыцыі сышліся разам на цяперашнім фестывальным скрыжаванні — “На сямі вятрах”. І што ж мы ўбачылі?

“Зялёны” ключык да скрыні ідэй

Фэст “На сямі вятрах” стаўся прыкладам, найперш, небывалага творчага яднання — што называецца, “на адным парыве”, і зусім не “ветраным”. Не так часта паміж творчымі людзьмі бывае згода — часцей канкурэнцыя, дзе кожным рухаюць амбіцыі. Можа, з’яднала намаганні сама вуліца? Бо дэманстрацыя свайго мастацва ў вулічным фармаце адразу ўтварае негалосны конкурс — здаровы, шчыры, сумленны. І “падтасоўкі” тут немагчымыя: хтосьці пачынае свой спектакль практычна ў бязлюдным месцы — і кола гледачоў адразу пашыраецца, расце. А хтосьці прыходзіць на аншлаг, сабраны папярэднім калектывам — і публіка паступова “распускаецца” ў паветры, яе быццам “ветрам здзімае”. Тут ужо не павесіш прэтэнзіі на быццам бы “падкупленае” журы, якое распарадзілася “несумленна”: усе пытанні — да сябе самога.

Кіраўніком праекта выступіла Улада Цвікі, якая ўзначальвае згаданы тэатр “Колесо”. Аб’яўлены прыём заявак узрадаваў: жадаючых удзельнічаць было шмат, далейшы выбар рабіўся па эстэтычных крытэрыях.

Праграма “фэсту ў фэсце” атрымалася надзвычай разнастайнай. Як і планавалася, быў паказаны ўвесь зрэз вулічнага мастацтва, што існуе ў Беларусі. Залатыя “жывыя статуі” ўпрыгожылі Алею зорак перад уваходам у амфітэатр акурат да гала-канцэрта адкрыцця. Надалей працавалі пяць пляцовак — адна побач з адной, меліся афішы з раскладам, што, дзе і калі адбудзецца. Часам складалася ўражанне, што Мінскі форум у свой час выступіў “абкаткай” арганізацыйных ідэй і саміх спектакляў. Узгадаем хаця б музычную (і адначасова глыбока філасофскую) трагікамедыю-буф “Змярканне. Гукі. Цені… Чамадан”, якая была пастаўлена Уладай Цвікі ў Віцебску і нарабіла фурору яшчэ ў сталіцы.

Але ж на “… Сямі вятрах” было прадстаўлена больш відаў мастацтваў: акрамя тэатра і перформанса, яшчэ музыка, паэзія. А сярод тэатральных паказаў — яшчэ і батлейка. Дый удзельнікі — з усіх рэгіёнаў краіны.

Выступаць маглі не толькі тыя, хто вытрымаў папярэдні адбор. Для музыкантаў “па заяўках”, дасланых імі і разгледжаных арганізатарамі, прызначаліся месцы з белымі скрыпічнымі ключамі, намаляванымі на дарозе. На зялёныя ж “ключы” маглі станавіцца ўсе жадаючыя — і гэтак жа шукаць поспеху.

Публіка, прызнацца, была даволі адэкватнай, і ўжо самой сваёй прысутнасцю/адсутнасцю рабіла дакладны адбор, не асабліва карэктуючы яго з надвор’ем.

— Дождж ліе, а ніхто не разыходзіцца, — дзяліўся ўражаннямі мастацкі кіраўнік тэатра “Лялька” Віктар Клімчук. — Усе глядзяць “Паштавікоў” тэатра “Мусташ”. Ды не глядзяць — удзельнічаюць, гуляюць, як дзеці малыя! Ідэя — самая простая, “пазычаная” з гульні ў фанты. Камусьці з гледачоў Паштавік уручае ліст, а ўнутры — нейкае смешнае заданне, прызнанне ў каханні і т.п. Усім весела — і гэта галоўнае!

Ахапіць усё было немагчыма, але сярод убачанага асабіста я вылучыла б мініспектакль “Лялькі он-лайн” Народнага лялечнага тэатра “Вытворяшки” Пастаўскага раённага Дома культуры. Дзеці любяць роставых лялек. І вялізныя Зайчык, Жабка ды Мішка (заўважу, кожны са сваім няпростым характарам) з завадатарам Цётухнай Савунняй незаўважна, цягам інтэрактыўнага спектакля-гульні вучылі дзятву асновам этыкету, сяброўства і добразычлівасці. Чым не асветніцтва? У фінале ўсе разам карагодзілі-скакалі, “фоткаліся” на памяць — і ніякіх “адмоўных” герояў-“ворагаў”, якіх трэба пакараць. Наадварот, усе вучацца быць уважлівымі да навакольных, улічваць іх індывідуальнасці, не губляючы сваёй.

— Касцюмы, лялькі — усё робім самі, — прызналася аўтар, рэжысёр і ўдзельніца спектакля, кіраўнік калектыву Алена Слядзеўская. — ДК дапамагае, чым можа, а мы яму якія-ніякія грошы прыносім, бо спектакль ідзе па білетах. У арыгінале ён больш працяглы, дый рыхтаваўся для сцэны, а не для вуліцы. Але, як бачыце, адаптаваліся без цяжкасці. Нам да гэтага не прывыкаць! Часта працуем на выездах — і заўсёды з інтэрактывам, уцягваем у ігру-гульню не толькі дзяцей, але і іх бацькоў.

Увогуле, цікавага, адметнага хапала, хаця былі і ніякавата слабыя паказы, на ўзровень якіх, паўтаруся, адпаведна рэагавала публіка. Сярод убачанага мной адзначу “Залаты век” Пластычнага тэатра “ІнЖэст” з ідэяй і рэжысурай Вячаслава Іназемцава — ва ўсіх адносінах, высокапрафесійны мастацкі твор, пабудаваны на постмадэрнісцкім звароце да эпохі барока і яе паралелях з сучаснымі фэнтазі. Паказальна, як развівалася сама ідэя. Спачатку гэта быў фрагмент са спектакля “Доступ да цела”, два гады таму ён паказваўся асобна — у Міхайлаўскім скверы сталіцы, на Першым Мінскім форуме вулічных тэатраў. Цяпер былыя 25 хвілін “выраслі” амаль да гадзіны, узбагаціліся спецэфектамі — жывая класіка, дый толькі!

Падзел на вуліцу, завулак і тупік

Фэст “На сямі вятрах” сімвалізаваў “вецер змен” на нашым “фестывалі фестываляў”. Гэтак жа, як і тры Мінскія форумы вулічных тэатраў год за годам настройвалі нас на змены ў культурным ландшафце сталіцы. Але “вулічнасць” гэтага мастацтва мае ўсе перадумовы, каб ператварыцца ў “тупіковасць”. З аднаго боку, усе, уключаючы гарадскія ўлады, гавораць пра неабходнасць даваць моладзі (а менавіта яна пакуль найбольш актыўна засвойвае гэтую сферу) “зялёную вуліцу”. Але… “алея славы” абмяжоўваецца нават не геаграфічна-кліматычнымі ўмовамі (усё ж вулічны тэатр — хутчэй летні, а не зімовы), а… знакам “цагліны”: па-за межамі фестывальнага руху з вулічнымі спектаклямі ўсё надта складана. Фестываль завершаны — і застаецца толькі здагадвацца, “куды паехаў цырк”. Вядома, дадому! Магчыма (і гэта, як ні дзіўна, адзін з лепшых выпадкаў) — на сцэну. А магчыма, проста “ў нікуды”. Калі з завяршэннем фестывалю вулічнае мастацтва пакідае вуліцы, гэта адбіваецца не толькі на абліччы горада (“сум ды сум вакол”), але і на самім мастацтве, якое павінна жыць, развівацца, удасканальвацца “forever” — і не адно ў рэпетыцыйным класе (а ў некаторых калектываў і з гэтым праблемы), а ў сваім “прыродным” жанравым асяродку.

…Неяк у Парыжы напярэдадні Калядаў паліцыя забрала з плошчы вулічных артыстаў, пагрузіла ў машыну разам з рэквізітам і павезла ва ўчастак. Бедныя камедыянты ўзмаліліся: “За што?” А прыехалі — бачуць, там іх чакаюць дзеці паліцэйскіх: ім жа таксама свята патрэбна! Дык, можа, і нам пераняць той еўрапейскі вопыт? З папраўкай на нашы рэаліі — зладзіць дабрачынныя паказы (а можа, і суцэльны фэст) для тых, ад каго залежыць “зялёная вуліца” — не на словах, а на справе. Мабыць, тады вышэй згаданыя “зялёныя ключыкі” (ды не адно скрыпічныя, але і з “Прыгод Бураціна”, каб адкрыць дзверы ў “тэатр мары”) з’явяцца не толькі на час фестываляў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"