Доктар Аўтахаўс

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Спроба сіткама па-беларуску
Нядаўна скончыліся здымкі першага беларускага сіткама “ГараШ”, пра які “К” згадвала ў мінулым нумары. Тады ж на старонках газеты быў сцісла перададзены сюжэт стужкі. Жанр яе пазначаны як чорная камедыя. Гэта будзе адказ галівудскім і расійскім серыялам накшталт “Доктара Хаўса” і “Інтэрнаў”. Карціна знята пра сучаснага беларуса, у ёй прадстаўлены погляд на яго бачанне жыцця. У фільме будзе не толькі гумар, але і брутальнасць, драма, а месцамі нават элементы містыкі і хорару. Наш пазаштатны аўтар наведаў здымачную пляцоўку і нават выканаў эпізадычную ролю ў "ГараШы".

/i/content/pi/cult/543/11845/9-1.jpgІдэя фільма нарадзілася ў кампазітара Дзмітрыя Фрыгі, які захацеў стварыць цікавае кіно насуперак тым, хто жаліцца, што нічога нельга зрабіць без грошай. Сваёй ідэяй ён падзяліўся з аператарам-пастаноўшчыкам Аляксандрам Крупінам і вядомым беларускім сцэнарыстам Андрэем Курэйчыкам, у чыім заліку расійскія папулярныя стужкі “Любовь-морковь”, “Ёлки”, “Юленька”... Якраз Курэйчык і пагадзіўся напісаць сцэнарый да фільма.

Дзеі разгортваюцца на ўскраіне Мінска ў мікрараёне Шабаны (таму і “Ш” напрыканцы назвы фільма). Малады беларус (ролю выконваў акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Арцём Курэнь) вяртаецца ў Мінск з ЗША і ўладкоўваецца на працу ў аўтамайстэрню ў Шабанах. Тут яго рэкамендацыйныя лісты нікому не цікавыя. Куды важнейшае тое, што ён можа рабіць рукамі, і як зарэкамендуе сябе працай. “Прабач, але гэта Беларусь!” — кажа яму з сарказмам галоўны герой, які кіруе гэтым гаражом. Яго ролю выканаў Аляксандр Куллінковіч, вядомы беларускі музыкант. Па сюжэце фільма ён нарадзіўся і вырас у Шабанах і большую частку свайго часу праводзіць у гаражы. У сваіх думках ён затрымаўся дзесьці ў постсавецкім часе і адпавядае Шабанам, раёну на ўскраіне, не самаму маляўнічаму і ў чымсьці брутальнаму. Гэтае месца не для піжонаў і мажораў, а для “рэальных хлопцаў” і сучасных герояў. Гараж — як і Шабаны — гэта нібыта свой маленькі адасоблены свет, які жыве па ўласных правілах і законах. Але ў гэтым гаражы можна не толькі добра адрамантаваць аўтамабіль, але і вырашыць свае праблемы ды, магчыма, “паправіць лёс”.

Ідэя фільма хутчэй не пра гараж і яго неардынарных працаўнікоў і нават не столькі пра Шабаны, а пра любоў да таго месца, дзе ты нарадзіўся. Героі фільма быццам кажуць: “Так, гэта Шабаны… Але гэта мае Шабаны, і яны самыя лепшыя, таму што мы тут нарадзіліся”. І так любы чалавек можа сказаць пра сваё роднае месца. Таму што ў любым кутку нашай Беларусі могуць нараджацца таленты. Так, напрыклад, адна з гераінь фільма (у гэтай ролі Лізавета Шукава) прымае ўдзел у тэлеконкурсе “Я люблю Беларусь”. Кожны чалавек — каваль свайго лёсу і свайго шчасця. І толькі ад яго самога, а не ад таго, дзе ён нарадзіўся і вырас, залежыць, чаго ён у жыцці дасягне.

На галоўную ролю невыпадкова абралі менавіта Куллінковіча. Для фільма быў патрэбны герой не “саладзенькі”, мара хатніх гаспадынь, а моцная асоба, сапраўдны брутальны беларус, здольны кінуць выклік любым акалічнасцям. Хоць сам Аляксандр кажа, што галоўны герой і падобны чымсьці да яго, але Куллінковіч усё ж больш добры за свайго персанажа і не настолькі агрэсіўны. Але бывае, што таксама сыходзіць у сябе і робіцца панурым. (Апроч усяго, Куллінковіч збіраецца напісаць песню да фільма. Асноўным аўтарам музычных тэм будзе Дзмітрый Фрыга.) Не менш яркім і харызматычным атрымаўся вобраз і напарніка галоўнага героя (ролю выконваў Юрый Навумаў).

Нельга сказаць, што здымкі праходзілі лёгка. Першапачаткова быў разлік, што стварыць фільм атрымаецца праз краўдфандзінг, які папулярны на Захадзе і атрымлівае пэўнае распаўсюджванне ў Расіі. Яго сутнасць у тым, што людзі, якім цікавы той ці іншы праект, добраахвотна ўносяць у яго свой фінансавы ўнёсак. Для старту здымак неабходна было сабраць 80 мільёнаў рублёў. Але, напэўна, у нашай краіне дадзеная мадэль пакуль не працуе. Тым не менш, стваральнікі фільма прыступілі да здымак, так бы мовіць, на свой страх і рызыку. Ідэя і гарачае жаданне тварыць апынуліся мацнейшымі. Быў арганізаваны кастынг, абвешчана акцыя са зваротам да ўсіх ахвотнікаў дапамагчы. І знайшліся і людзі, і абсталяванне, і аўтамабілі для здымак. Шмат хто прыходзіў, каб проста дапамагчы ў працы на здымачнай пляцоўцы. Таму атрымалася ўсё ж такі зняць фільм з мінімальнымі ўкладаннямі.

Здымкі праходзілі як у Шабанах, так і бліжэй да цэнтра сталіцы ў аўральным рэжыме: па 15 гадзін на суткі. І фільм атрымалася зняць у запланаваныя сцэнарыстам і рэжысёрам Андрэем Курэйчыкам 5 дзён! Калі дакладней, з 26 па 30 чэрвеня.

Пасля завяршэння здымак Куллінковіч напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: “Я так ніколі не стамляўся. Спусташэнне поўнае. Сказаць, што задаволены, — зманіць. Я вельмі задаволены. Сказаць, што ўдзячны, — гэта таксама маленькая хлусня. Я вельмі ўдзячны. Я яшчэ ніколі не бачыў, каб гэтакая колькасць людзей працавала ў такім парыве”.

Плануецца, што ў выніку атрымаецца карціна амерыканскага фармату прыкладна на 45 хвілін. Арыенціровачна фільм выйдзе ўжо ў верасні гэтага года. Рэжысёрам плануецца серыя кінапрэм’ер у беларускіх кінатэатрах, затым фільм адправіцца ў фестывальны тур, пасля чаго будзе прапанаваны айчынным тэлеканалам.

Алег ГРУШЭЦКІ

Фота аўтара