Які будынак без цаглінак?

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Трое музычных крытыкаў пра два новыя альбомы Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”
Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” зноў давёў, што ён жывейшы за ўсіх жывых калег, і на радасць сваім прыхільнікам выпусціў альбом, а да яго — альбом кантрольны. Гэта значыць, адразу два рэлізы з песнямі, якія калектыў выконвае на канцэртах, але якія на пласцінках яшчэ не выдаваліся: адзін беларускамоўны (“Прысвячэнне Майстру...”), другі — рускамоўны (“Хмель молодой”). Вядома, мы маглі б пайсці торным шляхам і адрэцэнзаваць іх у рубрыцы “Аўдыя&Відэа”, але дзяржаўныя калектывы робяць падобныя маштабныя рэлізы нячаста. Таму і мы вырашылі падтрымаць пачын артыстаў эксклюзівам і пагутарыць пра гэтыя работы ў фармаце “круглага стала” музычных крытыкаў: рэдактара аддзела газеты “Культура” Надзеі БУНЦЭВIЧ (далей — Н.Б.), намесніка галоўнага рэдактара часопіса “Мастацтва” Дзмітрыя ПАДБЯРЭЗСКАГА (Д.П.) і спецыяльнага карэспандэнта “К” Алега КЛІМАВА (А.К.). А ў дадатак да гутаркі — рэзюмэ ад мастацкага кіраўніка Беларускага дзяржаўнага аснамбля “Песняры” Вячаслава ШАРАПАВА.

/i/content/pi/cult/543/11841/6-1.jpgНешта ў гэтым ёсць

Д.П.: — Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то пласцінка — з вокладкі. Дзяржаўны ансамбль прапаноўвае слухачу альбомы, вокладкі якіх выкананы ў эстэтыцы фірмы “Мелодыя” другой паловы 1980-х. Для мяне гэта азначае на гэтым узроўні нібы закапаць у зямлю зробленае. Я асабіста схапіўся за галаву.

Н.Б.: — З іншага боку, у тым, як выглядаюць вокладкі і дыскі разам узятыя, я бачу поўную гармонію: кампакты стылізаваны пад пласцінкі таго часу.

Д.П.: — Каб гэта была арыгінальная задумка, я падтрымаў бы. Але падобнае рэалізавалася неаднаразова многімі выканаўцамі.

Н.Б.: — Я да таго, што яшчэ толькі трымаючы ў руках гэтыя альбомы, разумееш, што за музыка цябе чакае. Мяне бянтэжыць іншае. Калі назва аднаго з дыскаў — “Прысвячэнне Майстру...” — цалкам адпавядае такому падыходу, дык назва іншага — “Хмель молодой” — абсалютна не пасуе яго зместу. Калі музыканты пайшлі рэтра-шляхам, то назваць альбом варта было б “Старый клен” — па іншай з песень, што ўваходзяць у дыск.

А.К.: — Але ж гэта не альбом старых савецкіх песень.

Н.Б.: — А стылістыка амаль ва ўсіх акурат такая…

А.К.: — “Прысвячэнне...” таксама вытрымана ў той жа стылістыцы, гэта кампазіцыі, якія нагадваюць творчасць савецкіх ВІА 1970-х.

Н.Б.: — І ўсё ж “Прысвячэнне…” больш сучаснае, бо там некаторыя песні свядома вырашаны ў эстэтыцы постмадэрну: прысутнічае тое, што сёння называюць гіпертэкстам (свядомыя спасылкі на “песняроўскі” рэпертуар “залатых гадоў” ансамбля), інтэртэкстам (наўмысная пабудова на цытатах, рэмінісцэнцыях, калажах ды сэнсавым дыялогу).

Д.П.: — “Хмель...”, вядома, прайграе, нягледзячы на тое, што і ў ім я спасылкі пачуў. Песня “Каролина” нагадала мне “Александрыну”, “Мы с кумой” — “Слушай, тёща…”. Але гіперсучасным я б “Хмель...” дакладна не назваў.

Н.Б.: — У тым і справа, што ў “...Майстры…” тыя пазнакі расстаўлены свядома, наўмысна, чутныя відавочныя падказкі. Гэта сапраўды прысвячэнне. А ў “Хмеле...”, складаецца адчуванне, нібы вось так выйшла.

А.К.: — Калі ў беларускамоўнай пласцінкі такая гучная назва, то і носіць яна больш канцэптуальны характар.

Д.П.: — У другую ж, такое ўражанне, сабралі ўсё, што было пад рукой з рускамоўнага і не выдавалася. А ў першай да відавочных удач аднясу “Благаславi, мацi”, “Масленiца”, “Гэй, кола!”. Здзіўленне ж выклікаў у народнай песні “Ляцеў воран” нейкі падгаласок з “усходнім акцэнтам”. Навошта ён тут патрэбен? Ну а “мінус” стаўлю народнай “Ехаў казак”: атрымаўся гэтакі кафэшантан з цыганшчынай.

Н.Б.: — Асабіста ў мяне найбольшае непаразуменне выклікалі “Пераборлівыя дзеўкі”: нават па змесце песня асацыюецца ледзь не з даваеннымі гадамі. А вось даволі простая колішняя песня Ігара Лучанка “Дзе ты, зорка мая…” набыла вельмі добрую аранжыроўку: прыцягальныя гармоніі ва ўступе, адметнае ансамблевае шматгалоссе, імкненне пераадолець паўторнасць за кошт інтэнсіўнага варыяцыйнага развіцця. У “Хмеле...” нічога такога няма. І песень запамінальных таксама. Ад таго ж “Старого клена” Аляксандры Пахмутавай чакаеш нейкага новага прачытання, пераасэнсавання (хто і як гэтую песню толькі ні перапяваў!), але ўсё вельмі традыцыйна.

А.К.: — Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” ў гэтым і папракаюць, што пры захаваннi традыцый таго ансамбля, новых песень, вартых старых хітоў, у іх рэпертуары сёння няма.

Н.Б.: — А чаму папракаюць? Бо ад “Песняроў” чакаеш развіцця традыцый. У Мулявіна былі розныя творчыя перыяды — лепш, горш, — але развіццё ішло (можа, акрамя самых апошніх гадоў яго жыцця, калі ў творчасць ансамбля ўмяшаліся ўсім вядомыя фактары). А новае ў цяперашніх “Песняроў” выглядае бясконцай “стылізацыяй” пад старых “Песняроў”. І нават спробы па-свойму аранжыраваць народныя песні не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, як гэта рабілася ў часы Уладзіміра Георгіевіча.

Д.П.: — Адсутнічае эксперымент як такі.

А.К.: — А я б да яго ўсё ж аднёс пласцінку “Шчаслiвасць” на вершы Янкі Купалы. Не буду яе параўноўваць з такімі работамi, як “Песня пра долю” або, напрыклад, “Гусляр”, — вялікімі музычнымі драматургічнымi творамi, але тое быў матэрыял, што падбіраўся і выбудоўваўся адмыслова.

Д.П.: — Пасля “Шчаслiвасцi” ў мяне якраз з’явілася надзея на тое, што нарэшце мы дачакаліся руху ад “Песняроў”.

Н.Б.: — У “Прысвячэнні...” ёсць намёкі на гэта. Я б адзначыла пачатак пласцінкі. У першай песні — “Прысвячэнне Майстру…” Вячаслава Шарапава — цікавая драматургія, адыход ад лабавой падачы “куплет-прыпеў”. На месцы першага прыпева ўзнікае “спасылка” на “Завушніцы”, на месцы другога — на “Крык птушкі”. Запевы вырашаны амаль як малітва-заклінанне — рэчытацыяй на адной ноце. Інструментальны ж уступ носіць гэткі “атмасферна-тумановы” характар, пераносячы слухача кудысьці ў паднябессе. Наогул, на аснове самой гэтай ідэі — прысвячэння са “спасылкамі”, не гаворачы пра ўвесь альбом, — можна было б паспрабаваць зрабіць буйную шматчасткавую кампазіцыю — тэатралізаваную, канцэптуальную.

Д.П.: — Я згодны, што з гэтага альбома можа атрымацца яркая скразная канцэртная праграма, шоу з візуальным радам ці нават спектакль.

Н.Б.: — Аднак да сярэдзіны пласцінка неяк выдыхаецца. А яшчэ не трэба забывацца пра тое, што як ад дзяржаўнага калектыву ад ансамбля патрабуюць выкананне плана. З аднаго боку, яны павінны “захоўваць брэнд”, з іншага — з году ў год рабіць касу. Верагодна, тут ужо не да эксперыментаў. І “Песняры” застаюцца закладнікамі публікі, якой (у сярэднім) ад 45 гадоў і больш.

А аўтары хто?

А.К.: — “Песняры” маглі б “згуляць” на маладзёжным полі, але для гэтага ў іх няма адпаведнага рэпертуару, няма іншых аўтараў, якія пісалі б нешта менавіта пад ансамбль — на стыку музычных традыцый, архаікі і чагосьці актуальнага. А тыя, хто стварыў калісьці вялікія “песняроўскія” хіты, альбо, на жаль, памерлі, альбо перасталі пісаць, альбо, што натуральна, вечна быць сучаснымі не здольныя.

Н.Б.: — Тут трэба згадаць, што Мулявін падбіраў у ансамбль людзей, якія з’яўляліся носьбітамі нейкіх новых творчых ідэй.

Д.П.: — У залежнасці ад задач, якія ў дадзены момант стаялі перад ансамблем.

А.К.: — Як патрэбныя яму тут і цяпер “інструменты”. Дарэчы, нягледзячы на перманентныя турбацыі ў складзе Белдзяржансамбля, музыкантаў Шарапаў адшуквае вельмі прыстойнага ўзроўню. Гэта і ў запісе чуваць, і “жыўцом”.

Н.Б.: — Але крэатыўнікаў узроўню тых “песняроў” сярод іх няма.

А.К.: — Трэба аддаць належнае і цяперашнім “Песнярам”: новыя кампазіцыі (у дастатковай колькасці) яны пішуць, а не толькі перапяваюць старое, як гэта робяць тыя іх расійскія калегі, з якімі мулявінскія “Песняры” пачыналі прыблізна ў адзін час: “Добры молодцы”, “Поющие гитары”, “Самоцветы” і гэтак далей. Іншая справа, што ад, дапусцім, “Веселых ребят” або “Землян” пасля іх рэюніяну, публіка — нават зусім маладая — патрабуе старыя песні, а да новых ставіцца, як правіла, прахалодка.

Крытыкаваць — не будаваць

Д.П.: — “Прысвячэнне Майстру...” — матэрыял прыстойны. Але ці будзе ён мець хоць нейкі рэзананс?..

Н.Б.: — У гэтым альбоме ёсць што развіваць, я бачу ў ім магчымую лінію, вакол якой можна нешта выбудаваць, а вось “Хмель молодой” — работа досыць прахадная.

А.К.: — Мне таксама беларускамоўны рэліз здаўся больш цікавым. Тым не менш, як мне здаецца, яго песні ў часы Мулявіна былі б не падмуркам і не галоўным упрыгожаннем будынка — пласцінкі, праграмы, — а звычайнымі цаглінкамі. Праўда, якi будынак без цаглiн?..

Д.П.: — Увогуле, пажадаем “Песнярам” поспеху!

Рэзюмэ ад Вячаслава Шарапава

Загадзя прашу прабачэння, калі камусьці ў маім рэзюмэ трапіцца “перчык”. Справа ў тым, што некалькі пакаленняў славян свядома (ці несвядома) узгадоўваць у сабе прыкметы каланіяльнага мыслення. Выяўлялася гэта ў абагаўленні заходняй музыкі з яе ідэаламі, моды, жавальнай гумкі і таму падобнага. У выніку, сёння мы масава перасталі чуць ці хацець чуць у песні добрае, сардэчнае. У наяўнасці расслаенне на моладзь, якая ўжо гаворыць з акцэнтам, а ўсю сваю прагрэсіўнасць выказвае ў сэлфi і “лайках”. З іншага боку — шансон-соцыум, прыхільны стылю, які не вынаходзіць нічога, паспяхова існуючы ў трох акордах і “канкрэтным” слоўным наборы. І гэта — наша масавая культура. Рэальная і неаспрэчная, якой пляваць на музычных крытыкаў. Можна заглыбіцца ў нетры гэтай тэмы, але ёсць людзі, якія вельмі добра тлумачаць ўсе прычыны і плады бягучай сітуацыі.

Вярнуся да “Песняроў”. Можа, хтосьці не ведае, але мы, літаральна да пачатку гэтага года, вельмі шмат ездзілі. Неверагодна шмат! Прычым не толькі з касавымі канцэртамі, куды прыходзіла пэўная аўдыторыя, але і на вялікія масавыя мерапрыемствы на вуліцах і стадыёнах, удзельнічалі ў зборных канцэртах разам з самымі рознымі выканаўцамі неаднастайнай ступені “зорнасці” і статусу. Нас слухалі розныя па ўзросце і прыхільнасцях людзі. Маючы сёння велічэзны досвед зносін з сучаснай аўдыторыяй, выснова адназначная: мяняцца нам нельга! Эпоха сучаснага інфармацыйнага шквалу гэта не прыме. Іншая справа, што ў агульнай атмасферы спеюць змены. Сёння ўжо мала хто з дарослых верыць у будучыню панка альбо ў прагрэсіўны ўплыў джаза. Людзі актыўна далучаюцца да рэтраспектывы, спрабуюць схавацца за заспакойваючы ўплыў старых добрых савецкіх песень, ідэй сацыяльнай справядлівасці і традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў. І урокам нам усім — нігілізм, цынізм, якія ператварылі выдатную суседнюю з намі зямлю ў поле бою. І гэта, хутчэй за ўсё, ад доўгай адсутнасці цвярозай ідэалогіі, часткай якой, бясспрэчна, з’яўляецца папулярная музыка.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"