Маэстра і яго сад у квецені

№ 30 (1208) 25.07.2015 - 31.07.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка VІ
Сённяшняя публікацыя дзённікаў знакамітага кампазітара Ігара Паліводы ў фармаце віртуальнага дыялогу праз 19 гадоў з Вольгай Палівода, удавой кампазітара, прысвечана складанаму, супярэчліваму і неспрыяльнаму для творчасці часу — пачатку 1990-х. Пра што былі думкі творцы ў гэтыя гады? Адгорнем старонкі запісаў Ігара Ігаравіча.

/i/content/pi/cult/543/11840/15-1.jpgЧалавек “без скуры”

В.П.: — Людзям “без скуры” заўжды няпроста жыць. Але я не магу сказаць, што Ігар быў чалавекам бездапаможным у нейкіх выключна бытавых сітуацыях. Ён мог за сябе пастаяць, мог і “наехаць” на кагосьці па справе.

І.П.:

“1993 год.

Сер. 22.12

Самыя доўгія ночы ў годзе. Зімовае раўнадзенства? — ці як там гэта бязладдзе называецца.

Заканчваю, як быццам, з Куляшовым. На жаль, не перанапружваючыся. Імя даў праграме “Матчын спеў” — паводле рэфрэна апошняга вірша. “Матчын спеў”, “опера-песня” (* Ніякімі “операмі” цыкл і не пахне, як і папярэднія два. Слова “опера” трэба выключна для таго, каб ганарару хапіла хаця б на кіло свініны.). Смешна, канешне, але, можа, гэта і да лепшага, што смешна. Не на поўным жа сур’ёзе складаў я гэту “оперу-песню” на вершы народнага паэта! Хаця і стараўся. У нас на Беларусі справа ідзе да камунізму, і А.Куляшоў — гэта тое, што ім трэба.

Камуністы — гэта слова,

як са сталі,

Камуністы — гэта слова,

як з агню.

Маркс і Энгельс нам імя

такое далі

Сто гадоў таму назад

упершыню.

Мы не верым ані ў

Бога, ні ў малітвы,

І няма для нас другіх

свяцейшых слоў,

Апроч лозунгаў і

заклікаў да бітвы,

Апроч песень, ад якіх

бунтуе кроў.

А.Куляшоў, 1948 г. (*Гэтага няма ў “оперы-песні”, але ва ўсёй творчасці кліента скразіць паміж радкоў.)

[…]

У субботу 13-га быў пакліканы на “Песню бярыце з сабой”. Пасля трохгадовага — са снежня 1990 г. — злоснага ўхілення ад удзелу ў гэтых супершоу, клюнуў на мізэрны канверцік. “Песню бярыце з сабой” (куды — “з сабой”?) і яе творцы карыстаюцца маёй даўняй шчырай і найглыбокай непавагай. І адказваюць узаемнасцю. Але нават не паважаючы, не мог сабе прадставіць, якім мізэрным гэты канверцік акажацца. Сам канверт дакладна каштаваў даражэй за сваё змесціва. І падумаў я, перабіраючы ў руках звярыныя фанцікі: да чаго ж давяла нас, ганарлівых, сямідзесяціпрацэнтная інфляцыя! Нават не кладучы фанцікі ў кішэню, гідліва кінуў іх на прылавак першага буфета, які патрапіўся. І хоць буфет быў закрыты, добрая буфетчыца ўзяла звяркоў ахвотна і без ўсялякай грэблівасці. Усе знаёмыя, што трапляліся на вочы, — зонгмейкеры, сінгеры і віршрайтары — былі мной ад усёй душы пачаставаныя з фігурыстай шырокакублістай бутлі.

Будзь у мяне “відак”, я запісваў бы “Песню бярыце з сабой” для нашчадкаў. Упэўнены, нашчадкі былі б удзячныя.

Перадача пастаўлена цяпер, як вядома, на шырокую КАМЕРЦЫЙНУЮ нагу. А паколькі ў наш час словы КАМЕРЦЫЙНЫ і КРЫМІНАЛЬНЫ — сінонімы, то нага гэта — брудная. […] Праўда, у наш час паняцце КРЫМІНАЛЬНЫ кудысьці падзелася, сцёрлася, адначасова набываючы ўсеабдымныя маштабы. Сустракаюцца яшчэ канешне, белыя вароны, якія не жадаюць быць крымінальнікамі, але іх не бяруць на працу нават прастым паставым міліцыянерам […]. Там сядзяць ПАХАНЫ, АЎТАРЫТЭТЫ-Ў-ЗАКОНЕ, прытрымальнікі АБШЧАКА. Слова КРЫМІНЛЬНЫ яны вельмі не любяць, і крымінальнае какетліва называюць камерцыйным. Абшчак — […] бюджэтам. Пайку — спажывецкай карзінай. Кашатніцу — работнікам гандлю, і гэтак далей. Паняцце КРЫМІНАЛЬНАЕ ПРАВА зараз трактуецца як “права кожнага на крымінальнае злачынства”. Уркі (камерсанты-бізнесмены) — самыя сёння пашанотныя людзі. У прыватнасці, у асяроддзі спяцоў па сяміноцці накшталт мяне. Спяцы стаяць перад уркамі на цырлах, пускаючы слюні. Адны самі становяцца дробнымі уркаганамі, напрацоўваючы мастацтва шчыпацтва і гоп-стопінга. Іншыя, таго і не заўважаючы, паражаюцца вірусам музычнай клептаманіі, беручы не толькі адзін у аднаго, але і ў саміх сябе: падвяргаюць эксгумацы трупы, што даўно расклаліся, і кідаюць іх да ног уркаў-камерсантаў у надзеі заслужыць сваю маленькую, але недаабгладаную костку. Костка, костка — чаго б тое ні каштавала костка! Урка скажа: “Пляшы, падла!” — спляшам. “Пой!” — спяём.

Усё тое тычыцца, канешне, не толькі супершоу “Песню бярыце з сабою”. Далёка, на жаль, не толькі”.

В.П.: — На рост узроўню сучаснай беларускай эстрады можа, відаць, паўплываць толькі адно: агульны рост культуры людзей, грамадства ў цэлым. І трэба ж у кагосьці навучацца. У класікаў, да прыкладу. Каб стварыць свой духоўны прадукт, трэба ўкласці і часцінку ўласнага духоўнага свету. А ён ёсць далёка не ва ўсіх аўтараў. Па сутнасці, усё ж напісана і раскладзена па палічках. Толькі руку працягні і бяры ды інтэрпрэтуй у сваім разуменні. Але каб спець песню, а тым больш напісаць яе, трэба шмат ведаць, многа думаць і разважаць, багата чаго пражыць і перажыць.

Не лабская, а “райтарская”

В.П: — Поспехі, аншлагі, віншаванні… Але далей праграмы не выконваліся, партытуры асядалі ў доўгіх шуфлядах. Атрымліваецца, музыка, напісаная Ігарам, аказалася нікому не патрэбнай, сышла ў нікуды. Чаму? Як ні сумна тое прагучыць, з-за высокага духу твораў. Высокую паэзію класікаў кампазітар здолеў гэтак жа высока ўзняць у музыцы. Менавіта таму я і кажу, што работы Паліводы маглі б стаць пачаткам новага этапу ў развіцці айчыннай эстраднай музыкі. Маглі б… Але такога павароту не адбылося. І краіна спазнала не лепшыя часы, і людзі сталі зыначвацца.

І.П.:

Сб. 25.12

А тут Новы год зноў лезе са сваімі святамі. Шчасце, што […] выпісалі 500 тысяч за “оперу песню”, якую не бачылі ў вочы. Купіў […] за паўмільёна ката ў мяху. Не ведаю, як Куляшоў, а 500 тысяч вельмі дарэчы. Новы год сустрэць — павінна хапіць.

А што тычыцца вынікаў… Іх прынята падводзіць, усе падводзяць, і я паспрабую.

Сказаць, што прамінулы год малазмястоўны, не магу, бадай. Пачаўся ён з яўрэйскіх халтур з выездам на тры дні па абласных гарадах. Гэта скончылася 13 студзеня афіцыйным спыненнем маёй лабскай дзейнасці і пераходам на выключна “райтарскую” працу. І антысіметызм тут абсалютна ніпрычым. Да канца студзеня займаўся аранжаментамі (Зарыцкі/Гілевіч і іншая). З першых жа чыслаў лютага — рэпетыцыі ў аркестры “Беларушчыны”. Упершыню ў жыцці давялося пастаяць за дырыжорскім пультам, і гэта было вельмі міла. Адначасова — 4 лютага — атрымаў з маэстравых рук зборнік Куліковіча на прадмет стварэння праграмы “Песень беларускага замежжа”. Прыняты зборнік паклаў пад сукно, а сам рабіў апошнія штрыхі па “Беларушчыне” — уступ, звязкі і да т. п. Паралельна здараліся і вялацякучыя аранжаменты.

— Ты вялікі, — патэтычна сказаў мне тады Маэстра. — Ты ствараеш музыку ХХІ стагоддзя.

Я не пагаджаўся, але і не спрачаўся з пенай ля рота.

[…]”

Нагадаем пра запушчаны працэс стварэння і ўсталявання мемарыяльнай шыльды кампазітару на доме па мінскім адрасе, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымалі Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі і Мінгарвыканкам. Аднак паколькі бюджэтнае фінансаванне пад дадзены праект не закладзена, быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033).

 

Пачатак артыкула — у рубрыцы "Прыватная гісторыя".

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах