Важнасць міру ў свеце

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

16-17 ліпеня з афіцыйным візітам у нашай краіне пабываў прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці.

Па прыездзе ў Беларусь высокі госць сустрэўся з Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод разнастайных сфер узаемадзеяння паміж нашымі краінамі пад час перамоў была закранута і сацыяльная. Кіраўнік беларускай дзяржавы з задавальненнем адзначыў высокую інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў у гуманітарнай сферы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што чарговым крокам у гэтым кірунку стане правядзенне Дзён культуры ў Малдове восенню, а ў наступным годзе Беларусь чакае малдаўскіх дзеячаў культуры з візітам у адказ.

Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці, у сваю чаргу, выказаў перакананасць, што дасягнутыя ў ходзе яго візіту ў Беларусь дамоўленасці, як і падпісаныя дакументы, будуць істотна садзейнічаць паглыбленню супрацоўніцтва паміж краінамі.

Сярод вынікаў перамоў малдаўскай і беларускай дэлегацый — падпісанне пакету дакументаў, накіраваных на развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Сярод іх пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, адукацыйным і культурным супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Выканаўчым камітэтам Аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія. З Магілёўскім аблвыканкамам Гагаузія падпісала план мерапрыемстваў на 2015-2017 гады па выкананні пагаднення аб гандлёва-эканамічным і культурным супрацоўніцтве.

Прэзідэнт Малдовы Мікалай Цімофці ўсклаў кветкі да манумента Перамогі, а пасля скіраваўся ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе, у суправаджэнні міністра культуры нашай краіны Барыса Святлова, агледзеў музейную экспазіцыю.

У Кнізе ганаровых гасцей малдаўскі Прэзідэнт пакінуў запіс аб тым, што, на яго думку, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца сапраўдным помнікам гісторыі ваенных гадоў. Таксама ён адзначыў, што схіляе галаву перад усімі, хто цаной неймаверных выпрабаванняў, а часта і свайго жыцця, змагаўся з ворагам у арміі, партызанскіх атрадах або працаваў у тыле. “Я хачу, каб мы жылі ў міры, каб лідары дзяржаў зрабілі ўсё для захавання міру на зямлі. Гэта самае галоўнае.” , — сказаў Прэзідэнт Малдовы пад час свайго візіту ў музей.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"