Вежа для амаль забытых?.. Усё ж не!

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Якая сацыяльная значнасць адкрыцця Мемарыяльнай залы мастакоў Гомельшчыны?
Мемарыяльная зала мастакоў адкрылася ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Нездарма кажуць: абяцанага тры гады чакаюць. Яшчэ 21 сакавіка 2013 года быў надрукаваны мой артыкул, які заканчваўся так: “Але для чаго я дакорліва пішу гэтыя радкі? Хачу прапанаваць не толькі мясцовым уладам, але і проста энтузіястам добрых спраў адкрыць у палацава-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў або ў Палацы культуры чыгуначнікаў ці ў Галерэі Гаўрылы Вашчанкі мемарыяльную залу мастакоў, якія нарадзіліся або працавалі на Гомельшчыне. Хай у ёй будзе хоць бы па адным творы тых, хто заслужыў такога гонару. Хай будуць і звесткі пра кожнага з іх, фатаграфіі, публікацыі. А ў юбілейныя дні хай збіраюцца там прыхільнікі іх творчасці, каб удзячна ўспомніць ды яшчэ раз самім асэнсаваць непаўторную сутнасць кожнага сапраўднага таленту”. І вось усё здзейснілася. Прыгадаць жа ёсць каго.

/i/content/pi/cult/542/11824/4-1.jpg

Вежа Палаца Румянцавых і Паскевічаў. / Фота palacegomel.by

Захараў

Пасля таго, як у Мазырскім драматычным тэатры імя Мележа згарэлі ўсе дэкарацыі да спектакляў, што на працягу многіх гадоў таленавіта афармляў Пётр Захараў, сам мастак пражыў нядоўга. Не вытрымала сэрца. А яно было чулым не толькі да прыроднай прыгажосці, але і да ўсяго, што ўзвышае чалавека, робіць яго сумленным і высакародным. Памятаю, з якім захапленнем мы сустрэлі персанальную выстаўку Пятра Захарава ў Светлагорскай карціннай галерэі. Амаль усе пейзажныя творы прываблівалі дэкаратыўнай манументальнасцю і адкрытай яркасцю каларыту. Мастак распавядаў, што пасля заканчэння Віцебскага мастацка-графічнага вучылішча пераехаў у Мазыр, дзе афармляў спектаклі “Лявоніха на арбіце”, “Трыбунал” Андрэя Макаёнка, “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы, “Партызаны”, “Брама неўміручасці” Кандрата Крапівы, “Адкуль грэх” Алеся Петрашкевіча… Каб нават і не ведаў, што ўсё працоўнае жыццё мастака звязана з Мазырскім народным тэатрам, то і тады няцяжка было б заўважыць, што яго карціны маюць дачыненне да сцэнічнага мастацтва. Яны цудоўна глядзеліся здалёк, сцвярджаючы рэальнасць уяўнага і ўяўнасць рэальнага. Ці не таму да Пятра Сяргеевіча вельмі прыхільна ставіліся знакамітыя тэатральныя мастакі Барыс Герлаван, Яўген Чамудураў, якія паспрыялі яго ўдзелу ў мінскай выстаўцы “Мастакі тэатра і кіно”, рэкамендавалі ў творчы саюз і нават прапанавалі стажыравацца ў маскоўскім Вялікім тэатры. Былі ўзнагароды — памятныя залатыя медалі па выніках тады яшчэ ўсесаюзных аглядаў тэатральна-мастацкай творчасці… Дзе цяпер яго карціны “Мая родная прастора”, “Сакавік”, “Вячэрні звон”, “Змяркае”? Ці змогуць мазыране прадоўжыць імі пасмяротнае жыццё мастака?

Кароткі

А хто патурбуецца пра творчую спадчыну Уладзіміра Кароткага, які таксама нядаўна пайшоў з жыцця? Тэмпера, акварэль, пастэль — гэта былі для яго толькі сродкі вырашэння складаных мастацкіх задач. Ён імкнуўся да таго, што не проста ўбачана, а ўсвядомлена душой, усімі яе супярэчлівымі пачуццямі. Нібы разумеючы, што часу яму засталося не так і шмат, спяшаўся з эцюднікам у родныя выратавальныя абшары. А потым устрывожана тэлефанаваў, пэўна, не толькі мне: “Што рабіць з тым, што ёсць? Каму падараваць, каб не знікла?” І дарыў нашай Карціннай галерэі “Традыцыя”, Палацу Румянцавых-Паскевічаў… Вельмі жадаў, каб яго акварэлі (а яны вартыя такога гонару) прынялі ў дар і супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея. Не паспелі…

Пятроў

Не ацанілі належным чынам пры жыцці і Алега Пятрова. Ён не быў прыхільнікам гучных тэм. Яму бліжэй былі сціплыя сюжэты, што завуцца “ціхай лірыкай”. Але галоўнай прыкметай сапраўднага мастака заўсёды з’яўлялася ўменне бачыць незвычайнае ў звычайным. Ён адным з першых аддаў перавагу пастэльнаму жывапісу па наждачнай паперы. Яго карціны прыемна ўражвалі сваёй набліжанасцю да жывапісу алейнымі фарбамі. Багаты адценнямі каларыт у злучэнні з пастэльнай чысцінёй і яркасцю захоўваў першапачатковую свежасць, дазваляў мастаку дасягаць, здавалася б, недасяжнага. Сціплы, негаманлівы, засяроджаны ў самім сабе — такім запомніўся Алег Міхайлавіч.

Алейнік

Не магу не нагадаць і пра Дзмітрыя Алейніка — аднаго з заснавальнікаў гомельскай школы жывапісу. Яго пэндзлю падпарадкоўваліся трапяткія, амаль няўлоўныя станы прыроды. Яны суседнічалі на карцінах, цудоўна дапаўняючыся, ствараючы непарыўнае адзінства. Мастак шукаў і знаходзіў прыгажосць прыроды, найбольш яму блізкую. Калісьці Левітан лічыў, што карціну нельга без зрокавай памяці напісаць нават з эцюда. А Дзмітрый Іванавіч пісаў толькі карціны. Пры жыцці ён не быў абдзелены ўвагай. Актыўна выстаўляўся, стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі… І вось цяпер амаль забыты. Нават у Гомелі.

Рыкалін

Не вельмі часта прыгадваюць і Уладзіміра Рыкаліна, афіцыйна прызнанага ганаровым грамадзянінам Гомеля. Яго звыкла лічаць майстрам індустрыяльнага пейзажа. Але ён быў і выдатным жывапісцам. У Светлагорскай галерэі “Традыцыя” застаўся падараваны ўдавой мастака Лідзіяй Рыкалінай яе ж партрэт, які творца не паспеў дапісаць. Ды нават тое, што ён паспеў, захапляе дзіўным майстэрствам і натхненнем.

Палянкоў

З Мікалаем Палянковым я перапісваўся да апошніх дзён яго жыцця. У гэтых лістах — тое, што перажыў творца, ідучы скрозь усе кругі ваеннага пекла. Першым настаўнікам мастака быў Валянцін Дзежыц — вучань Пятрова-Водкіна. Потым у легендарнай віцебскай вучэльні яму выкладаў Леў Лейтман — адзін з лепшых вучняў Пэна. Гэта ён аднойчы здзіўлена заўважыў: “Палянкоў — будучы Левітан!..” З ім згаджаўся і дырэктар Іван Ахрэмчык. Мікалай Сцяпанавіч — адметны майстар жанравай карціны, цудоўна валодаў каларытам, кампазіцыяй, умеў перадаць адухоўленасць прыроды. Але перш за ўсё заставаўся выдатным партрэтыстам. Аднак нават і ў мірны час лёс не быў літасцівы да яго. Персанальная выстаўка ў Светлагорску аказалася ўсяго другой на шматгадовым творчым шляху. Можа таму ён так шчодра ахвяраваў Галерэі “Традыцыя” больш за 30 сваіх карцін…

/i/content/pi/cult/542/11824/4-2.jpg

Казачэнка

І для Віктара Казачэнкі выстаўка ў Светлагорску была таксама толькі другой персанальнай. А паказалі мы яе, на жаль, праз пяць гадоў пасля смерці мастака. Наймацнейшым каларыстам называў яго Віталь Цвірка. Ды і Бялыніцкі-Біруля неаднойчы ўхваляў, а потым пасадзейнічаў яго ўступлення ў Саюз мастакоў, хоць прафесійнай адукацыі Віктар Фёдаравіч не меў. Вучыўся ён у Барыса Звінагродскага і Акіма Шаўчэнкі, якія кіравалі ў Гомелі студыямі выяўленчага мастацтва. Віктара Казачэнку лічылі адным з заснавальнікаў жанра індустрыяльнага пейзажу. Але перш за ўсё ён быў жывапісцам — наўмысна пазбягаў кідкага, пярэстага колеру, нібы выяўляючы штосьці галоўнае для сябе. Амаль 35 гадоў кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва ў гомельскім Палацы чыгуначнікаў. Яго вучнямі былі Зоя Літвінава, Валянцін Пакаташкін, Уладзімір Кароткі…

Крылоў

Не, немагчыма нават вось так, сціплымі радкамі, распавесці аб усіх гомельскіх мастаках, якія пайшлі з жыцця. Але як не ўспомніць Валянціна Крылова! Дзіўна, але з’яўляючыся адным са старэйшых на Гомельшчыне членаў Саюза мастакоў СССР, ён не згаданы, здаецца, ні ў адной мастацкай энцыклапедыі. Факт сам па сабе ўнікальны сваёй парадаксальнасцю. Валянцін Аляксандравіч скончыў Саратаўскае вучылішча, затым — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Валодаючы сапраўды самабытным талентам, ён заўсёды здабываў свой каларыт са шматслаёвага жывапісу — імкнуўся ад рэалізму да звышрэалізму. У пераканаўчых нацюрмортах колер нібы спрачаецца з… самім сабой. Тут у непадробным адзінстве і метафарычнасць, і гіпербалізацыя, і пачуццёвасць. А яшчэ ён — майстар складаных жанравых твораў, псіхалагічных партрэтаў.

Асаўляк

І ўжо зусім, як гаворыцца, не на слыху Мікалай Асаўляк, які жыў у Хойніках. Хоць валодаў дзіўным талентам, умеў усё падпарадкоўваць агульнай лірычнасці настрою. Ёсць нейкая трагічная невымоўнасць у шматлікіх яго карцінах — тая шматзначнасць, без якой няма і не можа быць сапраўднага мастацтва.

Што памятае і запомніць рэгіён?

Але ж былі яшчэ Аляксандр Ісачоў, Станіслаў Дзьяканаў, Ігар Сямека, Марыя і Валянцін Ягоравы, Ганна Восіпава, Аляксандр Гайлевіч… Што памятае і што запомніць родная Гомельшчына аб іх, калі нават няма ў яе ніводнай карціны куды больш знакамітага земляка, народнага мастака СССР Яўсея Майсеенкі?! І наша памяць пра народнага мастака Беларусі Віталя Цвірку магла б быць больш шчодрай…

Зрэшты, калі пацікавіўся грунтоўна, то аказалася, што мастакоў, якія нарадзіліся або працавалі на Гомельшчыне, — каля 70. Вось толькі некаторыя прозвішчы: Васіль Аксамітаў, Канстанцін Лебедзеў, Алена Машкоўцава (Самойленка), Міхаіл Башылаў, Пётр Дурчын, Барыс Звінагродскі, Анатоль Каплан, Сяргей Каўроўскі, Міхаіл Кікоін, Мікалай Пушкар, Акім Шаўчэнка… За кожным прозвішчам не толькі самабытны талент, але і непаўторны лёс.

І вось нарэшце першая выстаўка (у асноўным — з фондаў Палаца Румянцавых-Паскевічаў) у Мемарыяльнай зале на 33-метровай вышыні палацавай вежы. Мастакоў, творы якіх аб’яднала экспазіцыя, пры ўсёй разнастайнасці стыляў, каларытаў, прасторавых прыхільнасцей, збліжае адно: яны разумелі, што пейзаж — гэта партрэт Радзімы. Яе адчуванне — у пранікнёных карцінах Віталя Цвіркі (сярод якіх: “Мінскае мора”, “На Прыпяці”, “Ля ракі”), Георгія Ніскага (“Дарога на захадзе сонца”, “Палярная ноч”, “Бярозы”, “Восень”), Дзмітрыя Алейніка (“Восеньскае акно”), Акіма Шаўчэнкі (“У парку”, “Васількі”, “Вясна”), Віктара Казачэнкі (“На рацэ Сож”, “Гарадскі пейзаж”, “Дзятлавічы”), Алены Машкоўцавай (“Лясная лужына”, “Сухія травы”, “Шэры дзянёк”), Уладзіміра Рыкаліна (“Пралетарскі луг”)...

Своеасаблівым дадаткам да гэтай выстаўкі стаў аўтапартрэт Гаўрылы Вашчанкі “Сон у калядную ноч”, ахвяраваны Мемарыяльнай зале яго сынам Канстанцінам. Мы бачым народнага мастака, якога, на жаль, ужо няма сярод нас, у незвычайным увасабленні: ён спіць пад аховай анёлаў.

Хочацца верыць, што гэтак жа аберагаюцца і будуць аберагацца ў мемарыяльнай зале ўсе мастакі Гомельшчыны, творы якіх нарэшце набылі сталае месца жыхарства. Між іншым, гэта першая зала такога кшталту на Беларусі.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца са Светлагорска