Sacrum et profanum Будслаўскага фэсту

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

Нематэрыяльная культурная спадчына выклікае ў нас устойлівыя асацыяцыі з вышыванкамі, карагодамі і рамёствамі. Без сумневу, такое разуменне — няпоўнае. У якасці элемента НКС можна разглядаць любую праяву духоўнай дзейнасці народа, якая стала жывой традыцыяй. Таму наўрад ці выпадае здзіўляцца, што першым беларускім унёскам у прэстыжны Рэпрэзентатыўны спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO можа стаць фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай у Будславе. Асабліва гэта не здзівіць тых, хто сам наведаў невялічкае мястэчка на Міншчыне наконадні першай суботы ліпеня. У іншы сусветны спіс НКС, дзе ўжо прадстаўлены наш абрад “Цары”, Будслаўскі фэст, падобна, не патрапіць ніколі. Больш за дзесяць тысяч пілігрымаў, што сабраліся надвячоркам 3 ліпеня ля прыгожага барочнага касцёла, красамоўна засведчылі, што гэтай традыцыі не патрэбна “тэрміновая абарона” — яна жыве, квітнее і спакваля развіваецца.

/i/content/pi/cult/542/11816/14-1.jpgАрцыбіскуп на веладарожцы

Сам абраз з’явіўся ў Будславе больш за чатыры стагоддзі таму, неўзабаве сфармаваліся і традыцыі яго ўшанавання. Як кажуць старажылы, не перапыняліся яны нават “пры ваяўнічым атэізме”, калі касцёл пэўны час стаяў зачынены, а людзі маглі хіба што ўкленчыць на яго ганку.

“Другое нараджэнне” фэст спазнаў чвэрць стагоддзя таму. Пешыя пілігрымкі ў Будслаў з розных куткоў Беларусі ізноў пачалі ладзіцца адразу пасля таго, як гэта стала дазволена. У першыя гады лік удзельнікаў вымяраўся сотнямі, цяпер — тысячамі. А неўзабаве традыцыя абрасла і новымі элементамі. Вось ужо колькі гадоў у паломніцтва можна выправіцца і на веласіпедзе.

Сярод трох дзясяткаў раварыстаў, што вырушылі ад мінскага Чырвонага касцёла (агулам па Беларусі іх назбіралася больш за сотню), быў і ўжо немалады, але жвавы мужчына ў звычайным для дадзенага выпадку адзенні. Вонкава ён нічым не адрозніваўся ад астатніх. Магу паспрачацца, што далёка не кожны пазнаў бы ў ім найаўтарытэтнага іерарха Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне — балазе, на галаве ў яго замест мітры быў велашалом.

Падысці да старшыні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў на Беларусі мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча мог літаральна кожны ахвотны — ні аховы, ні нават суправаджэння... Дзіўна было б не скарыстацца такой аказіяй для бліц-інтэрв’ю падчас прывалу на мінскай веладарожцы.

— Пілігрымкі маюць вялізную гісторыю — згадайма хаця б адведзіны Святой Марыяй яе сваячніцы Альжбеты, уцёкі Святой Сям’і ў Егіпет, — праводзіць паралелі Яго Эксцэленцыя. — Так, у наш практычны век людзі, якія рушаць у няблізкі шлях пехатою, могуць выклікаць здзіўленне. Неяк адзін прадстаўнік мясцовых уладаў, з якім мы вырашалі пэўныя арганізацыйныя пытанні, дужа сумеўся: няўжо ў Будслаў нельга дабрацца на аўтобусе? Навошта ісці нагамі?

— Такое пытанне, пэўна, задае не толькі ён...

— Напэўна, адказ на яго будзе свой у кожнага з пілігрымаў. Хтосьці ідзе да Маці Божай з падзякай, хтосьці з просьбай, хтосьці бярэ не асабістую, але агульнаграмадскую інтэнцыю. Для кагосьці пілігрымка — гэта найперш спосаб абвяшчэння Евангелля. У жыхароў тых мясцін, праз якія праходзіць шлях, узнікае пытанне: што гэта за людзі, куды яны рушаць, чаму яны такія радасныя ў любое надвор’е?

Але галоўная прычына, думаецца, адна. Усе мы ведаем ды ўсведамляем, што з’яўляемся грэшнікамі, і таму шукаем спосабы папрасіць Нябесную Апякунку прывесці нас да Хрыста, дапамагчы паўстаць з грахоўнага балота. Сёлета ў Касцёле — Год Навяртання, і гэта добрая нагода згадаць пра Маці Божую як пра надзейны прытулак грэшнікаў. А велапілігрымка — яшчэ адна магчымасць праслаўлення Бога. Хай кожны гэта робіць тым спосабам, які яму найбольш падабаецца!

— А ці можна надаць вандроўцы на веласіпедзе нейкі духоўны сэнс?

— Натуральна! Глядзіце: ровар мае вертыкальнае становішча толькі тады, калі рухаецца наперад — што, вядома ж, не атрымаецца без пэўных высілкаў. Калі хоць на хвілінку кінеш круціць педалі — адразу завалішся, бо на месцы застыць немагчыма. Тое самае тычыцца і чалавека. Калі ён прагне духоўнай дасканаласці, дык мусіць увесь час быць у вертыкальным становішчы і “круціць педалі”. То бок, жыць не толькі справамі паўсядзённымі, гарызантальна лежучы на зямлі, але — уздымацца і рушыць да Бога.

Пасмешлівая ўтопія

Начальнік аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч пераканана ў тым, што і веласіпеды, і іншыя інавацыі, якіх на фэсце не бракуе, зусім не пагражаюць страце яго ідэнтычнасці:

— Тое, што фэст пастаянна абрастае нейкімі свежымі завядзёнкамі, прыналежнымі ўжо да сучаснага свету, сведчыць выключна пра развіццё дадзенага элементу НКС. Гэта жывая культурная з’ява, адкрытая для ўсяго новага. Тым больш, яе карнявы змест застаецца без зменаў.

І сапраўды, у нязменным цэнтры ўвагі — сам абраз, размешчаны ў алтары касцёла. Па старой традыцыі гэтыя апошнія дзясяткі метраў шляху пілігрымы пераадольваюць на каленях. Але зусім непадалёк можна пачуць сучасныя рытмы і ўбачыць зухаватыя танцы — зразумела ж, таксама каталіцкія. Спалучаецца гэта ўсё наздзіў арганічна.

Будслаўскі фэст здатны вокамгненна парушыць тыя стэрэатыпы пра рэлігію і асабліва пра вернікаў, якія актыўна культывуе сённяшняя медыяпрастора (непрыгожыя дзяўчаты, закамплексаваныя хлопцы ды іншыя постніцшэанскія забабоны). Вельмі рэдка можна пабачыць столькі эмацыйна адкрытых і па-добраму разняволеных людзей у адным месцы. Пасміхаюцца яны разоў у сто часцей за цябе альбо твайго сябра-бізнесмена, бо крызіс іх чамусьці не прыбіў да зямлі. Прычым ты маеш магчымасць пераканацца, што шчырая ўсмешка манашкі выглядае куды больш прывабна, чым галівудская — у глянцавым часопісе.

І калі да вас завітае замежнік, які ведае пра Беларусь толькі па конкурсных працах “World Press Photo”, яго варта смела запрасіць у тую будслаўскую ўтопію — для поўнага “разрыву шаблону”. Беларусь можа быць і такой — пасмешлівай, светлай, адухоўленай. Над яе зямлёй можа лунаць дух яднання, брак якога ў нашым свеце і намагаецца кампенсаваць UNESCO. Прычым яднання без усялякага “допінгу” — яго ўтрапёна шукалі ахоўнікі на блокпастах (пасля вядомага выпадку без іх цяпер масавыя мерапрыемствы не праводзяцца) і, як здаецца, ні ў кога з вернікаў не знайшлі.

А з імправізаванага амбону, усталяванага ля касцёла — па-над морам запаленых свечак, — арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў зрабіць гэтую кароткачасовую ўтопію нашай паўсядзённасцю. Яго Эксцэленцыя ў сваіх гаміліях ніколі не абмінае вострасацыяльныя пытанні, дзякуючы чаму выраз “маральны рэлятывізм” добра ведае ці не кожны свядомы каталік — зрэшты, як тую з’яву ні называй, не ведаць пра яе ў сённяшнім свеце папросту немагчыма... Ішла гаворка і пра Амерыку — самі разумееце, з якой нагоды. Але ўрэшце мітрапаліт звярнуўся да ўжо агучанай мне на веладарожцы простай алегорыі з роварам — каб не зваліцца ў багну, трэба рушыць наперад.

Капучына ад капуцынаў

Ужо па сваім вызначэнні фэст прадугледжвае не толькі набажэнствы, але і “дадатковую праграму” — забавы ды кірмаш. І ў гэтым сэнсе ён таксама можа быць узорам для многіх — дзякуючы сваёй тэматычнай выверанасці.

Купіць можна было не толькі сімвалічную цагліну ў адзін з незбудаваных пакуль касцёлаў, але і мноства рэчаў, куды больш ужытковых. Прыкладам, вышыванкі, альбо майкі з хрысціянскімі слоганамі, альбо мёд ад праваслаўнага манастрыра. Трапляліся, праўда, матрошкі ды пластмасавая штампоўка і нават нейкія амулеты, аднак на агульным фоне яны выглядалі кантрабандай.

А найбольшы попыт мела імправізаваная кавярня “У капуцына”, размешчаная акурат насупраць касцёла. Працавала яна кругласутачна і “за ахвяру” (хто колькі дасць), таму чэргі жадаючых пакаштаваць смачную каву і ўдзень, і ўначы вышыхтоўваліся нежартоўныя. Нягледзячы на ажыятаж, маладыя барысты былі заўсёды ветлівымі і... беларускамоўнымі. Абслугоўвалі кліентаў яны ў сваіх карычневых габітах, а замаўлялі ім часцей за ўсё, вядома ж, капучына. І многія толькі тады зразумелі, што сугучнасць паміж назвамі папулярнага напою і манаскага ордэна са строгімі правіламі — зусім не выпадковая.

І дарэчы — пра беларускасць. На фэсце яна была настолькі паўсюднай і натуральнай, што… проста не прыцягвала да сябе ўвагі. Па-беларуску спраўляліся ўсе набажэнствы (за выключэннем адной польскамоўнай імшы), на гэтай мове спакойна і нязмушана гутарылі між сабой і святары, і вернікі ўсіх узроставых групаў — як сталічная моладзь, так і бабулькі, што іншай мовы нават і не ведаюць. І калі яны чуюць “тутэйшую гутарку” з амбону, у іх свядомасці здзяйсняецца мара Багушэвіча...

Памятаю, чвэрць стагоддзя таму ў Будславе ўсё было інакш. І калі тады яшчэ біскуп Казімір Свёнтак загадаў зняць сцяг... адной суседняй дзяржавы, што вісеў побач з беларускім, сярод многіх гэта выклікала недаўменне. Светлай памяці ксёндз Уладзіслаў Пятрайціс, які ахвотна выканаў дадзенае заданне, быў у відавочнай меншасці. Беларускамоўных святароў тады магло назбірацца добра калі з дзясятак ва ўсёй краіне. Цяпер іх — проста не пералічыць!

Тая нязмушаная атмасфера нацыянальнага яднання, што атачае духоўнае ядро фэсту, таксама стала над’емным яго складнікам. Па словах Алы Сташкевіч, пры намінаванні ў Спіс UNESCO асаблівая ўвага надавалася менавіта культурнаму вымярэнню рэлігійнага свята, якое яднае людзей з усіх куткоў Беларусі, а таксама міжканфесійнай еднасці, бо цудадзейную ікону шануюць таксама і праваслаўныя. І менавіта гэты фактар павінен стаць асноўным аргументам на карысць уключэння фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс, які ўтрымлівае пераважна не лакальныя, але менавіта агульна- (ці нават між-) нацыянальныя здабыткі. Чыста рэлігійная цырымонія туды ўвайсці не магла б, але паколькі фэст мае папраўдзе інтэгральны характар, шанцы ацэньваюцца як вельмі вялікія.

Сама працэдура доўжыцца больш за год — заяўку для намінацыі трэба падаць да 30 сакавіка (што ўжо было зроблена), а вынік можна чакаць толькі ў наступным лістападзе. Але, як кажуць, працэс пайшоў.

— Нядаўна мы атрымалі просьбу ўнесці пэўныя ўдакладненні ў прадстаўленыя матэрыялы, а з пачатку верасня распачнуць сваю працу прызначаныя UNESCO эксперты, — распавядае Ала Сташкевіч. — Калі вердыкты абодвух з іх будуць станоўчымі, агульнае рашэнне амаль дакладна будзе на нашу карысць. Калі ж меркаванні падзеляцца, вынік куды менш прадказальны.

Ад чаго гэта залежыць, сказаць пакуль цяжка. Прыкладам, "Дрыбінскіх шапавалаў" скіравалі на дапрацоўку праз тыя заўвагі, якія нам, прафанам, могуць здацца нейкімі дзіўнымі прыдзіркамі: маўляў, чаму яны пазіцыянуюць сябе як закрытую супольнасць (хаця, уласна, менавіта ў гэтым, бадай, увесь цымус), ці не прывядзе наданне статуса да камерцыялізацыі рамяства?

— Прайшло зусім мала часу, але падыходы міжнароднай экспертнай супольнасці па гэтым пытанні ўжо істотна змяніліся, камерцыялізацыя стала лічыцца не абсалютным злом, але спосабам выжывання традыцыйных умельстваў, — кажа Ала Сташкевіч. — Але паколькі самі падыходы да нематэрыяльнай спадчыны яшчэ толькі выпрацоўваюцца, тут шмат што можа залежыць нават ад суб’ектыўных фактараў.

Зрэшты, мы ўжо даўно пераканаліся ў гэтым на прыкладзе іншых міжнародных спаборніцтваў. Таму для нашай краіны ў дадзеным выпадку самае важнае — гэта менавіта ўдзел.

— Не буду хаваць: наш выбар на карысць Будслаўскага фэсту быў зроблены яшчэ і дзякуючы надзвычай актыўнай пазіцыі на гэты конт Каталіцкага Касцёла, — працягвае Ала Сташкевіч. — Уявіце сабе: мітрапаліт Кандрусевіч асабіста прачытаў падрыхтаваныя намі па-англійску матэрыялы ды нават унёс туды пэўныя карэктывы, якія тычацца спецыфічнай рэлігійнай тэрміналогіі! Ды і фільм, які павінен спадарожнічаць намінацыі, таксама быў зроблены высілкамі менавіта Касцёла.

Як выявілася, гэта вельмі істотная праблема для рэпрэзентацыі Беларусі на міжнародным узроўні. Кожная намінацыя павінна ўтрымліваць якасныя фота- і відэматэрыялы. Цана пытання, у прынцыпе, невялікая. Па словах Алы Сташкевіч, ніжняя планка — гэта недзе тры тысячы “ў.а.”. Але ў пераважнай большасці выпадкаў нават такія грошы становяцца непераадольным бар’ерам — як, напрыклад, з тымі ж шапаваламі, чые валёнкі ніхто не замінае падаць на разгляд экспертаў UNESCO паўторна.

Што ж зменіцца ў Будславе, калі фэст атрымае паважны міжнародны статус? Напэўна, мяняць там нічога і не трэба, за выняткам пэўных удасканальванняў. Бо варта нагадаць, што Будслаў — гэта вёска, дзе жыхароў усяго каля сямі соцень. І калі ўлічыць, што раз на год яе насельніцтва павялічваецца ў дзясяткі разоў...

— Спадзяюся, наданне статуса будзе мець для Будслава таксама і эканамічны плён, — кажа Ала Сташкевіч. — Бо стварэнне адпаведнай інфраструктуры для пілігрымаў і выпрацоўка маркетынгавай стратэгіі, якая дазволіла б мясцовым жыхарам зарабляць ды быць асабіста зацікаўленымі ў падтрымцы жыццядзейнасці элемента — гэта надзвычай важная задача.

Развівацца Будславу яўна ёсць куды. Адыйдзеш трохі ад дагледжанага прыкасцёльнага пляца — і бачыш закінутыя дамы ці гаспадарчыя будынкі. У плане інфраструктуры мястэчка выглядае даволі выйгрышна — прынамсі, у сваёй намінацыі. Ёсць нават кавярня, але гатэля, вядома, няма. Таму мясцовыя бабулькі потым яшчэ доўга ганарацца, што на іх ложку спаў той ці іншы біскуп, а большасць пілігрымаў пры ўсім жаданні можа размясціцца толькі ў намёце.

Паломнікі, вядома, не скардзяцца, а вось турысты — куды больш патрабавальныя. У тым, што іх трэба актыўна запрашаць на гэты фэст — не абапіраючыся на канфесійную прыналежнасць і ўвогуле на светапогляд, — не сумняваюцца ні спецыялісты ў сферы НКС, ні каталіцкія іерархі.