Метрыка са сцяны касцёла

№ 29 (1207) 18.07.2015 - 24.07.2015 г

У Вішневе падчас рэстаўрацыі былі знойдзены ўнікальныя дакументы сярэдзіны XIX стагоддзя
Днямі Байнэт скалахнула прыемная навіна: у касцёле вёскі Вішнева на Валожыншчыне падчас правядзення рэстаўрацыйных работ была знойдзена схованка з рознымі старадаўнімі рэчамі. “К” адразу выправілася ў названае паселішча, каб на свае вочы ўбачыць каштоўную знаходку і пагутарыць з тымі, хто спрычыніўся да яе адкрыцця свету.

/i/content/pi/cult/542/11814/12-1.jpgКнігі стогадовай даўніны

Дабрацца да Вішнева з Мінска няцяжка: шлях праз Валожын — прыкладна 80 кіламетраў. Сам аграгарадок уражвае сваёй чысцінёй і прыгажосцю навакольных краявідаў, сваімі ціхімі вуліцамі, а таксама, натуральна, царквой і касцёлам, якія знаходзяцца непадалёк адзін ад аднаго. Менавіта ў старадаўнім касцёльным гмаху, асвечаным у гонар Дабравешчання Прасвятой Дзевы Марыі, 10 ліпеня і быў знойдзены каштоўны скарб…

— Хованку з дакументамі знайшлі падчас усталявання новага вітража на фасадзе касцёла, — патлумачыў “К” кіраўнік рэстаўрацыйных работ у помніку гісторыка-культурнай спадчыны, мастак Алесь Пушкін. — Рабочыя адразу паклікалі мяне і пробашча — айца Юзафа Мельдзюка, і мы зразумелі, што знаходка — вельмі 
каштоўная…

У хованцы знайшлі прыкладна тры дзясяткі папак з дакументамі. А гэта метрыкі, дамовы, парафіяльныя кнігі, інвентарныя запісы касцёла, некаторыя іншыя рэчы. Дакументы, да слова, ахопліваюць перыяд з 1827 па 1943 гады. Таксама тут жа былі знойдзены 22 арганныя трубы і некалькі акварэльных замалёвак алтарнай часткі касцёла ды два пакункі кніг з парафіяльнай бібліятэкі.

— Вось, паглядзіце, гэта знаходка — самая кашкоўная, — кажа мне загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Галіна Акуловіч і паказвае запыленую старадаўнюю кнігу: — Гэта ні што іншае, як метрычная кніга — спіс тых, хто нарадзіўся ў паселішчы на працягу з 1 студзеня 1827 года да 27 ліпеня 1832 года. Дарэчы, у канцы метрыкі ў алфавітным парадку размешчаны ўсе прозвішчы новых жыхароў паселішча, што вельмі аблегчыць нашу працу над гэтым дакументам.

Скарб вернецца ў лічбе

Супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі 15 ліпеня апынуліся у Вішневе, натуральна, не проста так: менавіта ім ксёндз-пробашч перадаў усе знаходкі будаўнікоў і атрымаў на рукі завераны ўсімі пячаткамі дакумент. Як патлумачыла Галіна Акуловіч, адразу па прыездзе ў Мінск супрацоўнікі яе аддзела распачнуць працу над расшыфроўкай знойдзеных дакументаў...

— Мы правядзём дэталёвае апісанне знойдзеных артэфактаў, — адзначыла суразмоўца. — Таксама гэтыя дакументы будуць адрэстаўраваны і адсканаваны. А ўжо пасля мы зможам даваць даведкі па гэтых запісах усім ахвотным, а таксама адказваць на звароты грамадзян, якія шукаць сваіх продкаў ці ствараюць уласныя генеалагічныя “дрэвы”…

Але ўсё тое не значыць, што дадзеныя запісы можна будзе адшукаць толькі ў архіве.

— Я вельмі хацеў бы, каб знаходкі ў электронным выглядзе вярнуліся да нас, — кажа пробашч. — Бо ўсё гэта — частка гісторыі нашага краю, якой трэба цікавіцца, якую таксама трэба ведаць. Прычым, я мяркую, што гэта важна не толькі для нас, а і для ўсіх грамадзян Беларусі…

Тое, што ў электронным выглядзе знойдзеныя матэрыялы змогуць вярнуцца ў касцёл, не выключае і Галіна Акуловіч. Так што цалкам магчыма, што аматары старадаўніх генеалогій змогуць адшукаць частку свайго радаводу менавіта ў вішнеўскім храме…

Пошукі-2: працяг рэальны

Дарэчы, сваіх продкаў, дзякуючы знойдзеным архівам, нехта ўжо знайшоў. Прынамсі, гэта пацвердзіла мне Марыя Трапашка, арганістка касцёла, якая, да слова, адшукала ў метрычных запісах прозвішчы сваіх прадзядоў і дзядоў. Так што пачатак новага жыцця касцёльнага архіву з Вішнева ужо, бадай, пакладзены.

Дарэчы, як я ўжо пісаў, сярод хованкі былі знойдзены некалькі малюнкаў алтарнай часткі касцёла. Цалкам магчыма, што гэта, як спадзяецца Алесь Пушкін, творы знакамітага Фердынада Рушчыца, які паходзіў з гэтых месцаў, а ў пачатку XX стагоддзя жыў непадалёк ад Вішнева — у Багданаве. Версія, канечне, вельмі цікавая і нават крыху сенсацыйная, але ж, зразумела, патрабуе дадатковай навукова-мастацкай экспертызы. Пра яе вынікі “К” абавязкова паведаміць сваім чытачам.

Між тым, а. Юзаф Мяльдзюк не выключае, што дадзеная знаходка ў касцёльных сценах — далёка не апошняя.

— Цалкам магчыма, што ў час далейшай рэстаўрацыі будаўнікі змогуць адшукаць яшчэ шмат цікавых артэфактаў, — упэўнена кажа настаяцель касцёла. — Да слова, знойдзеныя актавыя запісы заканчваюцца 1943 годам. Як я мяркую, гэты тайнік быў зроблены ў сувязі з карнымі акцыямі фашыстаў, расстрэламі яўрэяў: нехта такім чынам хацеў проста схаваць інфармацыю пра людзей ад немцаў. Між тым, наша парафія існуе з 1424 года, але поўных дакументаў пра яе дзейнасць, спісаў пра хрышчаных у храме і многа іншага, мы не маем. Таму не выключаю, што недзе тут ёсць і іншыя тайнікі, і яны таксама будуць знойдзеныя, як была адшукана вось гэта частка архіва.

А пакуль што ксёндз з Вішнева заклапочаны іншымі праблемамі: не стае грошай на працяг рэстаўрацыі касцёла, мала прыходзіць прыхаджан у храм, а сучасная моладзь вельмі далёкая ад рэлігіі і веры ў Бога… Хоць, як кажа айцец Юзаф, цяпер увагі да храма будзе значна больш, прычым, як ад мясцовых жыхароў, так і ад прыезджых турыстаў… Так што, цалкам магчыма, і спонсары на працяг рэстаўрацыі яшчэ знойдуцца. Як кажуць, усё ў Божай волі…

А пра далейшы лёс старадаўніх дакументаў з Вішнева мы паспрабуем распавесці ў далейшых нумарах “К”. І, на ўсякі выпадак, будзем падтрымліваць сувязь з ксяндзом-пробашчам: а раптам будаўнікі знойдуць яшчэ што-небудзь гістарычна-каштоўнае пад час рэстаўрацыйных работ у храме? Прынамсі, хацелася б на гэта спадзявацца…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"