“Раскрутка” для раўгені

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Бульба, сэр! Па якіх стравах Беларусь ведаюць у Еўропе?
У Мёрах прайшоў кулінарны фестываль “Еўрапейскія прысмакі”. На ім былі паказаны вынікі праекта транспамежнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Латвіяй “Паляпшэнне кулінарнага сервісу ў Латгальскім і Віцебскім рэгіёнах, абапіраючыся на канцэпцыю кулінарнай спадчыны”. Неафіцыйная назва — “Bella Cuisine” (назва ўяўляе з сябе першыя склады найменняў краін-удзельніц мерапрыемства (“Bel” — Беларусь, “La” — Латвія), да якіх далучылася слова “Сuisine” — “кулінарнае майстэрства”).

/i/content/pi/cult/541/11812/12-4.jpgЗ “Bella Dvina” ў “Bella Cuisine”


Гэта назва нарадзілася ў працэсе супрацоўніцтва па праекце “Bella Dvina”. Пра яго даведваюся ад Ігара Загрэкава, старшага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, які на фестывалі задзейнічаны ў вобразе Скарыны. Ля стэнда музея — фальклорны гурт “Варган” і полацкі клуб гістарычнай рэканструкцыі. Усе ў строях, мінуць іх складана.

Ігар распавядае, што частка праекта “Bella Dvina”, у якой удзельнічаў полацкі музей — “Музейная брама” — прадугледжвала навучанне супрацоўнікаў у Літве, Латвіі, Аўстрыі, а таксама набыццё аўдыягідаў, музейнага абсталявання, развіццё інфраструктуры, выпуск літаратуры аб музеях Беларусі, Літвы і Латвіі, складанне адзінага турыстычнага маршруту. Той праект праходзіў з красавіка 2013 па верасень 2014 года, таму цяперашні фестываль — фактычна пасляслоўе да яго.

З беларускага боку ў “Bella Cuisine” ўдзельнічалі 30 прадпрыемстваў сферы харчавання з Полацкага, Лепельскага, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага і Мёрскага раёнаў — кавярні, рэстараны, аграсядзібы, вытворцы ежы. Прадстаўнікоў большасці з іх можна пабачыць на “Еўрапейскіх прысмаках”. Дэгустацыі, продаж прадукцыі, шмат інфармацыйнага матэрыялу — словам, было вельмі смачна і весела. Той, хто плануе вандроўку па беларуска-латышскім памежжы, мог дэталёва распрацаваць шлях на аснове буклетаў ці выкарыстаць ужо складзены маршрут — кулінарны, прыродны, музейны… Што самае прыемнае, такая інфармацыйная палітыка “спрацавала” на мясцовых жыхарах: самі гледачы распавядалі мне, куды паехаць, якія плануюцца фестывалі на Віцебшчыне.

Хоць стварай клубныя фарміраванні!


Здаецца, семінары і візіты па абмене вопытам, што арганізоўваліся ў межах праекту “Bella Cuisine”, не мінулі дарма. Напрыклад, Наталля Жойцік, гаспадыня аграсядзібы з вёскі Язна Мёрскага раёна, згадвае пакаштаваныя дэсерты, хлеб, сыр, вінаградных улітак і вэнджанага ляшча з Латвіі, літоўскі шакаціс. Пасля латышскага ляшча яна вырашыла, што можна так гатаваць і беларускую рачную рыбу. Яе “фірменная страва” — бульбянікі (піражкі) з грыбамі. Але працуе Наталля ў язненскай школе. На пытанне, як атрымліваецца сумяшчаць бюджэтную працу з камерцыйнай дзейнасцю, пасміхаецца: “У Бога дзён многа. Добра быць узімку настаўнікам, а ўлетку — аграномам”. Вось каб кожнаму бюджэтніку — па сваёй невялічкай справе! З метадычнай падтрымкай устаноў культуры. Зажылі б!

Падчас рэалізацыі праекту “Bella Cuisine” Віцебская вобласць увайшла ў Еўрапейскую сетку кулінарнай спадчыны, што ўзнікла ў 1995 годзе як суполка аматараў мясцовай кухні з рэгіёна Сконэ ў паўднёва-ўсходняй Швецыі і паўночнага рэгіёна Даніі. (Дарэчы, Сконэ вядома з дзіцячай кніжкі Астрыд Ліндгрэн: у гэтай правінцыі жылі бацькі Нільса Хольгерсана, што абляцеў усю Швецыю на спіне гусака Марціна.) Сярод рэцэптаў, якімі прадстаўлена Беларусь у гэтай кулінарнай сетцы, былі “бульбяная бабка з салам” ад “Сядзібы Бабы Мароз” Мёрскага раёна, бульбяныя кілбаскі “Налівашкі” (першапачаткова — проста “кішка”) ад сядзібы “Лука” Полацкага раёна… Як бачым, адысці ад “бульбянага” стэрэатыпу не дапамагае нават міжнародны праект.

“Гарэзы”, зноў жа з бульбы, па рэцэпце бабулі гатуе Лілія Арцямёнак — гаспадыня сядзібы “Дастатак”. “Занялася аграбізнэсам пасля выхаду на пенсію, распавядае яна. — Мая сядзіба ў Дзісне, самым малым горадзе Беларусі”. Я разумею, што “раскрутка” яе малой радзімы як найменшага горада краіны ўдалася. І яшчэ думаю, што ў працаздольным узросце не ўсе вырашаюцца пакінуць стабільную працу, хай і з невялікім заробкам. А пенсія — час вялікіх магчымасцей, калі жыццё толькі пачынаецца! Хтосьці прысвячае сябе працы ў гародзе, іншыя — камерцыйнай дзейнасці, а нехта імкнецца здзейсніць даўнюю мару, — заняцца творчасцю. І ўсе пенсіянеры — патэнцыйныя “кліенты” ўстаноў культуры, у якіх дзейнічаюць “Школа пажылога прадпрымальніка”, “Клуб садаводаў і гароднікаў”, творчыя гурткі і студыі. Попыт будзе, трэба толькі ствараць клубныя фарміраванні!

Вось бы цвецінскую кулінарную кнігу!


У адказ на пытанне “Які ваш самы знакаміты рэцэпт?” пра стравы з бульбы пачынаюць распавядаць і прадстаўніцы клуба беларускай нацыянальнай кухні “Цвецінскія прысмакі” Мёрскага раёна. Зінаіда Кадушка, дырэктар Цвецінскага дома культуры, напрыканцы размовы згадвае раўгеню (кісель з запаранай аржаной мукі), цыбульнік (пірог з цыбулі з мукой і яйкам), а таксама дзеліцца клопатамі: забаранялі пэўны час спажываць свініну — гатавалі кур. А цяпер у раёне вырошчваюць адмысловую іх пароду — цэсарскія. Рэцэпты ж збіраюць ад старэйшых жыхароў вёскі Цвецін. Вось бы пабачыць калі-небудзь цвецінскую кулінарную кнігу!

Стравы з бульбы назвала брэндавымі для Віцебскай вобласці Ала Хорань — каардынатар праекта “Bella Cuisine” па Віцебскай вобласці. Яна мае аграсядзібу “Хорань” у вёсцы Клясціцы пад Расонамі і з’яўляецца старшынёй суполкі “Slow Food Расоны” (“Slow Food” — “павольнае харчаванне” — антонім да ўсім вядомага паняцця “Fast Food”). “Slow Food” у Расонах існуе з 2005 года. Мэта руху — захаваць разнастайнасць харчавання, традыцыйныя стравы. Ала Хорань трымае гаспадарку, робіць сыры, травяныя зборы. Са сваёй гарбатай яна прадстаўляе Беларусь на фестывалях “Slow Food” па ўсёй Еўропе. На аграсядзібу часта запрашае з канцэртамі гурт “Крыніца” з вёскі Янкавічы, які спявае ў “Хорані” на каляндарных святах і карпаратывах. Расоны, дарэчы, — адзін з першых раёнаў Беларусі, які заняўся агратурызмам. І нездарма! Людзі ахвотна едуць у паўночныя лясы.

Па выніках праекта была выдадзена Еўрапейская кулінарная кніга, куды ўвайшло па адным рэцэпце ад кожнай краіны. Хіба цяжка здагадацца, якой стравай Беларусь была прадстаўлена? Вядома, дранікамі! Уладзімір Цэслер, атрымліваецца, толькі падхапіў гэтую тэндэнцыю, стварыўшы майкі з надпісам “Dranik Land” і бігборды “I love draniki”. Смех смехам, а некаторыя турысты, едучы ў Беларусь, баяцца, што іх у нас закормяць бульбай. Як у таго англійскага лорда: “Аўсянка, сэр…”.

Кулінарная спадчына як… танец!


Кожны гісторык ведае, што бульба трапіла ў Еўропу ў XVI стагоддзі, а на тэрыторыі Беларусі “прыжылася” ўжо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, у ХІХ стагоддзі. Да таго часу нашы продкі елі рэпу, бручку, буракі… Кулінарная спадчына ў нас перажыла бадай што тыя ж працэсы, што і танцавальная: “нашэсце” позніх прадуктаў і танцаў, якія “прыжыліся” і ўспрымаюцца як нацыянальныя. А за імі даводзіцца патрошку збіраць ранейшыя…

Акрамя засілля бульбы на кулінарным фэсце, здзівіў рэпертуар, што гучаў са сцэны: месцамі быццам бы і фальклор, але стылізаваны пад сучаснасць, а месцамі — хіты 1980-х… На гэтым фоне прыемна было паслухаць латгальскі гурт, што выконваў песні акапэльна, граў жывую музыку.

Старшыня Мёрскага райвыканкама Ігар Кузняцоў паабяцаў, што фестываль “Еўрапейскія прысмакі” будзе праходзіць у горадзе рэгулярна. І яго словам верыш, бо фэст “Жураўлі і журавіны”, што паўстаў у выніку іншага праекта супрацоўніцтва з ЕС, стала ладзіцца ў Мёрах.

Фота аўтара

Мінск — Мёрскі раён — Мінск

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"