Спонсарскі складнік

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

29 народных калектываў і выканаўцаў з 18 краін прыехалі сёлета на чарговы, трынаццаты па ліку, міжнародны фестываль “Вянок дружбы”, што традыцыйна ладзіцца ў Бабруйску. Акрамя канцэртаў і спектакляў, у рамках фэсту прайшлі велапарад, выстаўка рыцарскага клубу, лазернае шоў, феерверкі, Дзень моладзі з гульнямі і дыскатэкай... А па традыцыі ў гэтыя дні 8 удзельнікаў калектываў з Расіі, Калумбіі, Латвіі, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі адзначылі дні нараджэння ў коле фестывальнай сям’і...

/i/content/pi/cult/541/11809/12-1.jpgФестываль ужо даўно стаў візітнай карткай Бабруйска. Яго чакаюць усе. Тут кожны — ганаровы госць. На фестывалі засведчыліся 38 краін, 245 калектываў і больш за 8 тысяч удзельнікаў, а некаторыя з іх — не другі і нават не трэці раз...

Вось і на сёлетнім фэсце было больш за пяцьсот удзельнікаў. Забяспечыць іх жыллём і харчаваннем, прадаставіць транспарт, прапанаваць сувенірную прадукцыю — такія пытанні кладуцца на плечы арганізатараў міжнароднага форуму — Бабруйскага гарвыканкама, а больш за ўсё — на работнікаў сферы культуры, адукацыі, гандлю, а таксама на прадпрыемствы і фірмы.

Асаблівае пытанне — фінансавае. Як патлумачыла “К” намеснік начальніка ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі гарвыканкама Ірына Роскач, харчаванне і пражыванне ўдзельнікаў фестывалю забяспечваецца за кошт дзяржаўнага бюджэту. Усе астатнія грошы для арганізацыі канцэртаў, імпрэз, конкурсаў, а таксама для падарункаў і сувеніраў гасцям і ўдзельнікам фэсту арганізатары знаходзяць самі.

Так, па словах Ірыны Роскач, больш за 500 мільёнаў рублёў сёлета было зароблена на продажы білетаў на тры канцэрты “Вянка дружбы”. Акрамя таго, шмат дапамогі арганізатары атрымалі ад валанцёраў са сфер адукацыі і культуры, якія суправаджалі гасцей, былі для іх гідамі і перакладчыкамі падчас мерапрыемстваў… Усяго такіх добраахвотных памочнікаў працавала блізу 60 чалавек: лічба, пагадзіцеся, немалая…

Да таго ж, як адзначыла Ірына Роскач, дапамогу фэсту аказвалі прадпрыемствы і фірмы Бабруйска, у тым ліку — і недзяржаўнай формы ўласнасці… Напрыклад, індывідуальны прадпрымальнік Адалят Гасанаў ужо пяць гадоў запар забяспечвае імпрэзы шыкоўнымі кветкамі, а Ганна Бузак і фірма “Веста” прадастаўляюць сувенірную прадукцыю і ладзяць феерверкі для гасцей форуму…

Не засталіся ў баку і дзяржпрадпрыемствы. Скажам, вядомы “Чырвоны харчавік” сёлета ўпершыню зрабіў 5 тысяч адзінак упаковак зефіру ў фестывальнай “кашулі”… Салодкі прадукт пайшоў, што называецца, “на ўра!”. Дапамагалі “Вянку дружбы” мясцовы скураны камбінат, гарвадаканал, прыватныя ўстановы… Згадаю адзін, але вельмі красамоўны, факт: усе спонсары і мецэнаты фестывалю былі пазначаны ва ўсіх рэкламных улётках і буклетах… Так што пра бабруйскія прадпрыемствы, што займаюцца спонсарствам у сферы культуры цяпер ведаюць ва ўсіх тых краінах, удзельнікі ад якіх сёлета прыехалі ў горад на Бярэзіне...

Праца са спонсарамі працягнецца. Тым больш, па словах Ірыны Роскач, ужо сёння арганізатары ведаюць некаторых удзельнікаў “Вянка дружбы-2016”... Зразумела, што з такой інфармацыйнай падтрымкай ды рэкламнай кампаніяй бабруйскі фэст можа заўсёды разлічваць на спонсарскія сродкі… А па вопыт арганізацыі маштабнага міжнароднага форуму ды працы з мецэнатамі раю звярнуцца да Ірыны Роскач, якая шчыруе над гэтым святочным мерапрыемствам ужо трынаццаты год запар… І спыняцца ў сваёй працы не збіраецца…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"