Бераставіччына, Навагрудчына, Бярэзіншчына, Століншчына...

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г


/i/content/pi/cult/541/11808/10-1.jpg

Бераставіччына / “Эйсмантаўскі фэст”

Аграгарадок Вялікія Эйсманты нядаўна стаў цэнтрам IV фестывалю польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст”.

Сёлета, у Год моладзі, фестываль праходзіў пад дэвізам “Вялікія Эйсманты — аграгарадок маладых”. Мясцовым маладым ініцыятыўным і перспектыўным спецыялістам прамаўлялі цёплыя словы. Найбольш актыўным з іх уручылі грашовыя прэміі. А выступоўцы ў сваіх прамовах падкрэслілі важнасць правядзення “Эйсмантаўскага фэсту” ў справе захавання польскіх традыцый і культуры ў гродзенскім рэгіёне.

Як і ў жыцці на эйсмантаўскай зямлі спрадвеку суіснуюць дзве мовы — польская і беларуская, так і на сцэне яны гучалі з вуснаў вядучых праграмы Марыны Хамяні і Паўла Каржанеўскага, у выкананых падчас канцэртнай праграмы песнях. Выступілі работнікі РДК і РМЦНТ Андрэй Аруткін, Юлія Атрушкевіч, Кацярына Ганчарова, акампаніятар Макараўскага ДНК Антон Бажко, народны ансамбль польскай песні “Стакроткі” Макараўскага ДНК і мясцовая творчая моладзь — Віялета Шуміла, Ганна Кулікоўская, Анастасія Пляхневіч і Алег Залескі, а таксама ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя Росы” з Гродна.

“Эйсмантаўскі фэст” заўсёды знаёміць мясцовых жыхароў з творчасцю мастакоў і майстроў бераставіцкай зямлі. Гэтым разам у фае Эйсмантаўскага ЦДК можна было ўбачыць лепшыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў рамках выстаўкі “Маладыя таленты Бераставіччыны”. Была арганізавана таксама выстаўка работ навучэнцаў мастацкага аддзялення Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў і яе эйсмантаўскага філіяла.

Ну і які ж фэст без смачных страў! Дэгустацыя цудоўнай хатняй выпечкі па польскіх рэцэптах сабрала ахвотных пакаштаваць прысмакі, прыгатаваныя ўмеліцамі раёна. Традыцыйна на падворку з каларытнай назвай “Заможны фальварак” частавалі бігасам і юшкай. Дарэчы, яшчэ адным сюрпрызам для жыхароў Вялікіх Эйсмантаў і ваколіц стала выступленне клуба рыцарскіх мастацтваў “Dies Magna” з Ліды.

У “Горадзе майстроў”, які прадстаўлялі рамеснікі Мастоўскага, Свіслацкага і Зэльвенскага Дамоў рамёстваў, а таксама ўмельцы з Гродна і Ваўкавыска, можна было набыць рэчы ручной работы. Попытам карысталіся дэкаратыўныя вырабы Бераставіцкага Дома рамёстваў. Таксама можна было займець сувенірныя паштоўкі з сімволікай фэсту, выкананыя настаўнікам Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў, мастаком, мясцовым краязнаўцам, аўтарам эмблемы свята Андрэем Втарушыным.

Святлана ГАНЧАРОВА

Фота аўтара

 

Навагрудчына / Пазітыў — кожны дзень

Жыхары Навагрудка змаглі пазнаёміцца з работамі адзінаццаці майстроў клуба-студыі “Палітра радасці” Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў у міні-галерэі “Імгненне” Навагрудскай раённай бібліятэкі.

Мастацкі клуб “Палітра радасці” аб’ядноўвае жывапісцаў, графікаў, фатографаў, паэтаў, мастацтвазнаўцаў, майстроў. Членамі клуба з’яўляюцца як прафесійныя мастакі, так і людзі самых розных прафесій. Прайшоўшы праз выпрабаванні, яны змаглі пераадолець сваю хваробу, навучыліся жыць інтарэсамі іншых і кожны новы дзень бачыць у пазітыўных колерах. Менавіта таму мы і назвалі выстаўку “Колер кожнага дня”.

Прыцягваюць увагу лірычныя пейзажы Ганны Гадзіравай “Чырвоныя ружы”, “Цёплы вечар”, у якіх спалучаюцца рамантызм і рэалізм. Вельмі тонка і дэталёва выпісаны манастыры і цэрквы на карцінах Івана Петручыка. Зачароўваюць яго партрэты дзяцей. Дзівяць рэалістычнасцю жывапісныя работы Дзмітрыя Лазавога. На выстаўцы ёсць і графіка. Эдуард Вялічка выдрапвае сухой іголкай рыскі на мелаванай паперы пакрытай чорнай тэмперай. Прадстаўлены яго карціны “Дождж”, “Лес” і іншыя.

Многія адкрылі для сябе тэхніку гільяшыравання — нанясення арнаменту ў выглядзе сеткі або перапляценняў хвалістых рысак. У дадзеным выпадку яны на тканіне. У гэтай тэхніцы працуе Валянціна Буднік. На яе карцінах прадстаўлены яркія, вясёлыя казачныя персанажы. Маргарыта Някрасава і Зінаіда Шыдлоўская засвоілі тэхніку інкрусціравання бяростай. Гэта працаёмкі працэс, які патрабуе канцэнтрацыі ўвагі і зладжанасці дзеянняў. Ірына Клімовіч радуе вышыўкай стужкамі, а Людміла Сабалеўская — вышыўкай крыжыкам. Цікава і незвычайна напісаны карціны Аляксея Лепіна. Гэта — андэграўнд: работы вельмі эксцэнтрычныя, рэзкія і сімвалічныя. Фотаэцюды ж Алены Кулюкінай і не адрозніш ад жывапісу.

Ірына ЦАРУК, дырэктар Навагрудскай раённай бібліятэкі

 

Бярэзіншчына / Убачыць і пачуць кнігу

Вулічны тэатр “Жывая кніга” Бярэзінскай раённай бібліятэкі стаў навацыяй летняга сезона-2015. Тэатр без кулісаў разгарнуўся на пляцоўцы ля фантана ў цэнтры гарадскога сквера (каля галоўнай бібліятэкі Беразіно) у чэрвені. Удзячнымі гледачамі кніжнага міні-тэатра сталі выхаванцы гарадскіх летнікаў.

Лета, па прызнанні дзяцей, — не самая спрыяльная пара для чытання. Урэўце, лагічна, што самой кнізе варта актывізавацца і “выйсці” на вуліцы да дзяцей, прычым у новай прыцягальнай форме кніжнага арт-парада. Нездарма многія літаратуразнаўцы ўсё часцей сыходзяцца на меркаванні: будучае — за літаратурай, якую можна убачыць, пачуць. А літаратура і тэатр — удалы сімбіёз.

Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай лагічна было вынесці на публіку лепшыя мастацкія творы беларускіх аўтараў ваеннай тэматыкі. З дапамогай тэатра аднаго акцёра Бярэзінскай ЦБ “Жывое слова” зладзілі вулічныя мастацкія прэзентацыі прозы малога фармату — беларускіх апавяданняў. Для тэатралізацыі былі абраны пранікнёныя творы: “Васількі” Міхася Лынькова, “Апошнія і першыя” Барыса Сачанкі, “За 100 км. на абед” Івана Чыгрынава, “Жаніх і нявеста” Васіля Хомчанкі…

Падчас адной тэатралізацыі, як правіла, агучваліся (трансляваліся) чатыры апавяданні, напрыканцы праводзіўся конкурс на самага ўважлівага слухача. Абавязкова вызначаўся рэйтынг твораў. Найбольшы рэйтынг бярэзінскай чытацкай публікі атрымалі апавяданні Уладзіміра Праўдзіна “Пяць цукерак ад Фрыца”, Анатоля Майко “Цукерка з Вялікай зямлі”, Віктара Улюцёнка “Абпаленае дзяцінства”, Андрэя Герашчанкі “Вавёрчаня”. Тэатральная форма дапамагла не казённа, а вобразна-эмацыйная раскрыць праблему дзяцей вайны. Акцёрская інтэрпрэтацыя тэксту дапаўнялася выкарыстаннем прадметаў, якія зрокава выказвалі асноўны кульмінацыйны момант твора, станавіліся сімвалам-метафарай усяго аповеду.

На “ўра” ўспрынялі тэатр ваеннага апавядання і выхаванцы раённага дзіцячага аздараўленчага летніка “Папараць-кветка”.

Тамара КРУТАЛЕВІЧ, загадчык аддзела маркетынгу Бярэзінскай ЦБ

Століншчына / Юбілеі ў парку Радзівілаў

У Століне ўрачыста адзначылі 130-годдзе парку “Манькавічы” і 60-годдзе раённага краязнаўчага музея, які знаходзіцца на тэрыторыі знакамітага помніка прыроды.

Юбілейнаму мерапрыемству папярэднічала наведванне гасцямі імпрэзы выставачнай залы, што адкрыта ў гістарычным дамку брамніка маёнтка Радзівілаў. Зараз тут экспануюцца творы мясцовага мастака Сяргея Місюна, у творчасці якога неаднаразова закраналася радзівілаўская тэма. На ўваходзе ў парк гасцей сустракаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі “Выцінанка”, а артыст у вобразе Летапісца зачытаў указ Вялікага князя Літоўскага, караля польскага Жыгімонта ІІ аб перадачы Гарадка Давыдава ў вечнае карыстанне князю Мікалаю Радзівілу Чорнаму ў імя ўмацавання дружбы і за верную службу (1551 год). Гэтым указам пакладзены пачатак заснавання Давыд-Гарадоцкай ардынацыі (1632 год) і — з цягам часу — узнікнення палацава-паркавага ансамбля ў фальварку Манькавічы.

З супрацоўнікам музея Аляксеем Вярэнічам мы выпраўляемся ў экскурсію-падарожжа па радзівілаўскай дарозе цяпер Батанічнага парку рэспубліканскага значэння. Аляксей Іванавіч згадвае старонкі гісторыі роду Радзівілаў, звяртае ўвагу на відавую разнастайнасць флоры, а падарожжа завяршаецца ля памятнага каменя, на якім пакінуты падзячны надпіс першага ўладальніка манькавіцкага палаца князя Станіслава Радзівіла сваёй маці за цудоўны падарунак — парк. Падчас экскурсіі мы сустрэлі маладых людзей, якія прагульваліся па парку ў нязвыклым для нашага часу адзенні і нагадвалі нам эпоху магнацкага роду.

Затым эпіцэнтрам святкавання становіцца пляцоўка перад краязнаўчым музеем, дзе ўдзельнікі народнага тэатра “Пагарынне” Столінскага ГДК паказалі перадгісторыю з’яўлення Радзівілаў на Століншчыне, якому паспрыяла рамантычнае каханне польскага караля Жыгімонта ІІ Аўгуста і Барбары Радзівіл — дачкі Фердынанда, аднаго з магутных прадстаўнікоў ужо тады ўплывовай фаміліі. І хаця Барбара Радзівіл прабыла на троне ўсяго паўтара года, кароль для ўмацавання роду перадаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму гарады Клецк і Давыд-Гарадок.

Што ж да музея, то першая экспазіцыя была адкрыта ў 1955 годзе. Сёння яго фонды налічваюць звыш 24 тысяч адзінак, якія аб’яднаны ў 23 калекцыі. Цяпер дзейнічае трэцяя па ліку экспазіцыя, якая была адкрыта ў 2005-м. Пяць гадоў таму музей атрымаў статус юрыдычнай асобы, пашырыў сваю інфраструктуру. З’явіліся тры філіялы: Музей гісторыі горада Давыд-Гарадка, Рэчыцкі музей народнай славы і Музей-сядзіба ганчара ў вёсцы Гарадная. Захаваннем гісторыка-культурнай спадчыны займаюцца і 12 грамадскіх музеяў ва ўстановах адукацыі. Дырэктар столінскай скарніцы Святлана Вярэніч прыгадвае людзей, якія стаялі ля вытокаў музейнай справы ў раёне і дзякуючы якім ішло фарміраванне фондаў: гэта Вера Очкіна, Яўстафій Высоцкі, Ксенія Кожына, Юрый Камароў, Святлана Луцкая.

Музей запрасіў гасцей на нетрадыцыйную экскурсію па залах. Гледачы маглі азнаёміцца з фотавыстаўкай Паўла Куніцкага, прысвечанай Палессю і палешукам. А на гадзіну ў Зале гісторыі была прадстаўлена калекцыя прадметаў княжацкага роду Радзівілаў, працавалі выстаўкі іканапісу ХІХ стагоддзя і “Страчаная спадчына”

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара