Мовай памяці

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Мова — нешта большае, чым проста сродак камунікацыі. Ёсць ў гэтай з’яве невытлумачальны, метафізічны чыннік. Нават калі чалавек шырока не карыстаецца роднай мовай, яна ўсё адно яму патрэбная для адчування сваёй повязі з зямлёй, на якой ён стаіць, у якую духоўна ўкаранёны. Мне ў сувязі з гэтым хацелася б разгледзець пытанне ўжывання беларускай мовы ў надпісах, што выбіты на камені або адлітыя з бронзы — тэксты на помніках, мемарыялах у гонар выдатных асоб і знакавых падзей.

/i/content/pi/cult/541/11802/4-28.jpgУ савецкі час былі падрыхтаваныя людзі, якім належыла сачыць за трываласцю маральна-ідэйнага адзінства грамадства, і яны не выпускалі са свайго поля зроку такую, нібыта, драбязу, як надпісы на помніках, на якіх таксама мусіў выхоўвацца патрыятызм. Але, з сённяшняго майго пункту гледжання, гэта была лагічна абгрунтаваная палітыка. І дадам, што сёе-тое з савецкай практыкі можа быць эфектыўна скарыстаным і ў суверэннай Беларусі ўжо для нацыянальных інтарэсаў.

У аздобе ваенных мемарыялаў савецкай пары на беларускай зямлі дамінуе руская мова. А паколькі існуе пэўная інэрцыя (хоць і змяняюцца варункі), гэтая традыцыя мае ў нас працяг і сёння. Скажам, на помніку Герою Беларусі лётчыку Уладзіміру Карвату ў Брэсце надпісы на рускай мове, хоць гэты чалавек здзейсніў подзвіг у новай Беларусі і застанецца ў гісторыі нацыі як першы носьбіт найвышэйшай узнагароды суверэннай дзяржавы. Затое на мемарыяле “Беларусь партызанская”, што пабудаваны ў Мінску ў 2005 годзе, надпіс зроблены па-беларуску, хоць стылёва помнік належыць савецкай манументальнай школе. Таксама беларускамоўным надпісам аздоблены помнік “Партызанам Палесся” у Пінску (2002). А вось “сцяна памяці” мемарыяла "Трастянец" на эскізе — з вялікіх літар, якія утвараюць надпіс “Тростенец” па-руску.

З беларускай мовай усё ладна ў помніках і памятных знаках дзеячам культуры. Варта адзначыць і тое, што мемарыяльныя знакі, якія Беларусь ставіць за мяжой, маюць тэксты на дзвюх мовах, як, напрыклад, бронзавая шыльда ад Прэзідэнта Беларусі ў памяць загінуўшых землякоў у канцлагеры Равенсбрук (усталявана ў 2006 годзе), аздобленая па-беларуску і па-нямецку. Таксама на беларускай мове зроблены надпісы на помніках дзеячам нацыянальнай гісторыі...

І ўсё ж, ці ёсць нейкія правілы і дакументы, якія рэгламентуюць скарыстанне той ці іншай мовы ў мемарыяльных аб’ектах, значных для грамадства? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да двух вядомых скульптараў, дасведчаных у гэтай справе, — да Івана Міско і Анатоля Арцімовіча. Першы не адзін год узначальвае Экспертную раду па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве, праз якую прайшлі ўсе больш-менш значныя мемарыялы апошніх гадоў. Ды і сам Іван Якімавіч зрабіў у галіне манументальнага мастацтва нямала. Другі — мастак з адметнай стылістыкай і аўтар шэрагу помнікаў, што ўжо сталі неад’емнай часткай нашага культурна-гістарычнага ландшафту.

Па словах Івана Міско, тое, якая мова мусіць быць скарыстана ў мемарыяльных надпісах, ніякімі заканадаўчымі актамі не вызначаецца. Яе выбар акалічнасць залежыць ад замоўцаў помніка, ад іх культурнага ўзроўню, выхавання і сацыяльнага досведу. На думку Івана Якімавіча, экспертная рада ў гэтым пытанні магла бы займаць даволі жорсткую, больш прынцыповую пазіцыю, прымушаючы замоўцаў і выканаўцаў праектаў лічыцца з культурнымі прыярытэтамі нашай сувярэннай дзяржавы.

Ну, а Анатоль Яфімавіч дадаў, што манументальную скульптуру, якую пабачыць вялікая грамада, трэба рабіць так, каб і без надпісаў усё было зразумела. Прынамсі, ён сам заўжды імкнецца да такога ўзроўня выразнасці.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"