Горад-музей: запаведнік пад адкрытым небам

№ 12 (830) 22.03.2008 - 28.03.2008 г

18 сакавіка ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве з Полацкім нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам.

 
Подпісы пад дакументам паставілі дырэктар Інстытута гісторыі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя і дырэктар музея-запаведніка, у склад якога ўваходзяць 11 устаноў, Яўген Глазырын.

Дамова заключана з мэтай захавання і эфектыўнага выкарыстання гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі, дзеля развіцця асабістых і ўзаемных напрамкаў дзейнасці ў рэчышчы нацыянальных прыярытэтаў і існуючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

А.Каваленя зазначыў: “Адбылася гістарычная падзея — упершыню падпісана шырокафарматная дамова паміж установай акадэмічнай навукі і ўстановай культуры. Мы знаходзімся на пачатку шляху па аб’яднанні намаганняў у плане вывучэння і захавання гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Наш захад, спадзяюся, падтрымаюць іншыя музейныя ўстановы Рэспублікі Беларусь”.

Дырэктар акадэмічнага інстытута таксама падкрэсліў, што шчыльныя стасункі паміж установамі наладжваюцца напярэдадні адметнай даты — 1150-годдзя Полацка — калыскі беларускай дзяржаўнасці, што ўпершыню згадваецца ў летапісе пад 862 годам. Да 2012 г. неабходна правесці сумесныя археалагічныя даследаванні, якія дазволяць узбагаціць музейную экспазіцыю, падрыхтаваць навукова-папулярнае выданне, прысвечанае гісторыі Полаччыны, цікавае не толькі для беларусаў, але і для навукоўцаў і турыстаў з усёй Еўропы.

Менавіта таму важна, каб даследаванні мелі прыкладны характар, спрыялі стварэнню новых турысцкіх маршрутаў. Вялікае значэнне будзе мець грамадская падтрымка дадзенага праекта і яго адпаведнае фінансаванне.

Я.Глазырын адзначыў, што музейныя традыцыі ў горадзе закладзены яшчэ падобнай установай езуіцкага калегіума. За апошні час шмат зроблена па музеефікацыі, вывучэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей Полацка. На сёння ў горадзе ахоўная тэрыторыя займае 127 гектараў.

Інстытут і музей дамовіліся пра супрацоўніцтва ў справе арганізацыі і правядзення сумесных навуковых даследаванняў, міжнародных канферэнцый “Скарынаўскія чытанні”, семінараў, наладжванне абмену навуковай інфармацыяй у галіне гістарычных навук і нацыянальнай культуры, у тым ліку і яе электроннымі варыянтамі. Будзе праводзіцца сумесная арганізацыя экспертных, кансультацыйных і пошукавых работ у галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны, стварэнне неабходных умоў для сумеснай навукова-даследчай працы, падрыхтоўка навуковых кадраў для музея праз аспірантуру і дактарантуру Інстытута гісторыі.

Установы таксама дамовіліся аб узаемадзеянні ў галіне арганізацыі ахоўных археалагічных раскопак у Полацку і Полацкім раёне. Супрацоўніцтва прадугледжвае інфармаванне Полацкім музеем-запаведнікам Інстытута гісторыі аб земляных працах і будаўнічых работах у ахоўнай зоне музея ў Полацку.

Інстытут і музей дамовіліся таксама аб формах супрацоўніцтва, якія павінны спрыяць развіццю турызму. Плануецца выпрацоўка канцэптуальных падыходаў і арганізацыя сумеснай пастаянна дзеючай археалагічнай экспедыцыі, падрыхтоўка да 1150-годдзя Полацка, агульная выпрацоўка канцэпцыі экспазіцыі археалагічнага музея пад адкрытым небам у Полацку.

 

На здымках: філіялы Полацкага нацыянальнага музея-запаведніка.