Рэліквіі Марыі Дароты

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Радзівілаўскае ХІХ стагоддзе ў Нясвіжскім палацы
150 гадоў таму, у маі 1865 года, Нясвіж наведаў князь Антоній Вільгельм Радзівіл разам з жонкай Марыяй Даротай з дому дэ Кастэлян. Гэта быў іх першы візіт у фамільную рэзідэнцыю больш чым праз паўстагоддзя яе занядбання, якое наступіла пасля вайны 1812 года. З таго часу пачалося аднаўленне палаца і вяртанне яму статуса культурнага цэнтра. У маі ж гэтага года ў вялікай выставачнай зале Нясвіжскага палаца адкрылася выстаўка “Марыя Дарота Радзівіл. Час культурнага адраджэння”. Яна прысвечана дзейнасці жанчыны, дзякуючы якой замак вярнуў сабе колішнюю веліч. Сёлета спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння і 100 гадоў з дня смерці гэтай выдатнай асобы.

/i/content/pi/cult/541/11797/14-2.jpgМаркіза Марыя Дарота дэ Кастэлян паходзіла са старажытнага французскага арыстакратычнага рода, вядомага яшчэ з ХІ ст. У свой час яе лічылі адной з прыгажэйшых жанчын Еўропы. У 17 гадоў яна стала жонкай 24-гадовага князя Антонія Вільгельма Радзівіла і да канца жыцця адчувала сябе прадстаўніцай старажытнага літвінскага роду. Дзіўна, але францужанка з большай павагай паставілася да спадчыны новай сям’і, чым уся нямецкая галіна Радзівілаў да зямлі сваіх продкаў. Пры гэтым большасць часу яна праводзіла ў Берліне, Нясвіж наведваючы пераважна ў летнія месяцы. Але без яе энергіі, ініцыятывы і прадпрымальнасці работы ў палацы наўрад ці атрымалі б належны імпульс. Менавіта пры ёй былі адрамантаваны замкавыя пакоі, адноўлена капліца, закладзены славутыя паркі, упарадкавана бібліятэка і вернута частка нясвіжскіх каштоўнасцей.

Адметнасцю выстаўкі стала тое, што на ёй прадстаўлены рэчы як з фондаў Нацыянальнага музея-запаведніка “Нясвіж”, так і з прыватных калекцый. Найперш — з асабістых збораў Мацея Радзівіла. Сярод іх унікальныя сямейныя артэфакты: папка для дакументаў, аздобленая выявамі гербаў Радзівілаў (арол з паляўнічымі трубамі на грудзях) і Кастэлян (замкавая вежа), асабістая пячатка Марыі Дароты, кій князя Антонія Вільгельма.

Некаторыя рэчы дазваляюць па-іншаму зірнуць на месца арыстакратыі былога Вялікага Княства Літоўскага ў Еўропе ХІХ ст. Напрыклад, гравюры з партрэтамі Антонія Генрыка Радзівіла і яго жонкі Луізы Прускай. Ці многія ведаюць, што яна была пляменніцай славутага караля Фрыдрыха ІІ Вялікага? А ў гонар свайго вяселля з Антоніем дамаглася вызвалення з прускіх турмаў удзельнікаў касцюшкаўскага паўстання. Ці многія ведаюць, што ў радзівілаўскім палацы ў Берліне, па адрасе Вільгельмштрасэ, 77 (гравюра з яго выявай таксама экспануецца на выстаўка), напрыканцы ХІХ стагоддзя вырашаўся лёс не толькі Еўропы, але і іншых кантынентаў. Пасля таго, як князі прадалі будынак нямецкаму ўраду, тут размясцілася рэйхсканцылярыя. Менавіта ў колішнім радзівілаўскім палацы быў падпісаны Берлінскі дагавор, які падвёў рысу пад руска-турэцкай вайной 1877-1878 гг., і адбылася канферэнцыя, што зацвердзіла каланіяльны падзел Афрыкі.

Сапраўдным упрыгожаннем выстаўкі з’яўляецца акварэль Юльяна Фалата “Палессе”. Гэты мастак у лютым 1886 г. суправаджаў прынца Вільгельма, будучага імператара Вільгельма ІІ, які прыехаў да Радзівіла, каб прыняць удзел у паляванні на мядзведзя. Вось як пра гэта пазней узгадвала Марыя Дарота:

“…прынц наведаў праездам Нясвіж, дзе паснедаў і агледзеў замак, пасля адправіўся на тыдзень у Дзяніскавічы і Давыд-Гарадок, дзе забіў уласнай рукой трох мядзведзяў, а некалькі мядзведзянятаў узяў з сабой, каб адвезці свайму дзеду.

Спіс здабытых вялікіх і малых мядзведзяў складаўся з трыццаці пазіцый. Мы спецыяльна арганізавалі васемсот загоншчыкаў, не лічачы шматлікіх ахоўнікаў, што адказвалі за бяспеку прынца… Што тычыцца Фалата, то ён стаў сябрам сям’і і яшчэ часта наведваўся ў Нясвіж”.

На тым паляванні Юльян Фалат (Дарэчы, пра Фалата “К” пісала ў рубрыцы “Вяртанне імёнаў”. — Рэд.) стварыў серыю акварэлей, якія неўзабаве былі выдадзены асобным альбомам і прынеслі аўтару шырокую вядомасць. Ён стаў прыдворным жывапісцам імператара, сябрам Берлінскай акадэміі мастацтваў. Яго карціны, якія знаходзіліся ў Нясвіжы, і праз шмат гадоў Радзівілы лічылі неабходным захоўваць, як неад’емную ўласнасць роду. Але, так сталася, што пасля вайны гэтыя акварэлі апынуліся за межамі Беларусі. І вось адна з іх вярнулася ў палац!

Акрамя рэліквій княжацкай сям’і, на выстаўцы можна бачыць мэблю, посуд, карціны еўрапейскіх мастакоў ХІХ стагоддзя, з дапамогай якіх была адноўлена атмасфера берлінскага салона Марыі Дароты Радзівіл. Гасцямі гэтага салона былі ўплывовыя палітыкі, дыпламаты, военачальнікі, дзеячы культуры. Сярод іх імператары Вільгельм І і Вільгельм ІІ, канцлер Ота фон Бісмарк, палкаводзец Гельмут фон Мольтке, рускі дыпламат Мікалай Ігнацьеў, брытанскі палітык Джорж Керзан і іншыя асобы. З Францыі ў Нясвіж перадалі арыгінальны альбом з праграмай тэатральнай вечарыны, якая адбылася ў замку Рашкот 25 верасня 1867 года. У той дзень, у якасці акторкі ў спектаклях была задзейнічана княгіня Марыя Радзівіл.

Таксама на выстаўцы прадстаўлены кнігі з экслібрысамі Разівілаў, мемуары самой Марыі Дароты, некалькі тамоў яе ліставання, арыгінальныя лісты і тэлеграмы, фотаздымкі з відамі Нясвіжскага палаца стогадовай даўніны.

Андрэй БЛІНЕЦ, загадчык сектара навукова-экспазіцыйнай дзейнасці Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”