Віцебская старонка канструктара СУ

№ 28 (1206) 11.07.2015 - 17.07.2015 г

Сёлета 120 гадоў з дня нараджэння нашага земляка Паўла Сухога — геніяльнага савецкага авіяканструктара, доктара тэхнічных навук, аднаго з заснавальнікаў рэактыўнай звышгукавой авіяцыі. Нарадзіўся ён у Глыбокім 10 ліпеня 1895 года. Яго дзяцінства і юнацтва прыпалі на дзяцінства і юнацтва авіяцыі.

/i/content/pi/cult/541/11796/14-1.jpg

 

Бацькі Паўла Сухога.

Віцебшчына стала для сям’і Сухіх родным домам. Будучаму авіяканструктару пачасціла расці ў той сям’і, дзе стваральная праца і глыбокія веды заўсёды шанаваліся. Яго бацька Восіп Андрэевіч, дзякуючы падтрымцы аднавяскоўцаў, якія сабралі сродкі для навучання таленавітага хлапчука, скончыў настаўніцкую семінарыю. Пасля вяртання дамоў Сухі становіцца настаўнікам у Глыбоцкім народным вучылішчы Віленскай вучэбнай акругі. На працягу дванаццаці гадоў ён выкладаў для дзяцей чытанне па кнігах, пісьмо, першыя чатыры дзействы арыфметыкі. Народнае вучылішча месцілася ў будынку ля сабора Раства Багародзіцы, з вакон якога заўсёды чуліся святочныя спевы. Верагодна, гэтае суседства і падштурхнула Восіпа Андрээвіча на стварэнне хора. “Бездакорныя паводзіны пры выкананні сваіх абавязкаў. З выдатным поспехам, працалюбства” — толькі выдатныя адзнакі прафесійных навыкаў гучалі ў адрас Сухога ў справаздачах Віленскай дырэкцыі народнага вучылішча і ў суправаджальным лісце пры пераходдзе на новае месца працы. (А маці будучага канструктара не засталася абыякавай да працы мужа. Яна бясплатна навучала дзяўчат рукаддзеллю. Па выніках 1892/93 навучальнага года з дырэкцыі вучылішч яна атрымала падзяку Яго Вялікасці.)

Жаніўся Восіп Андрэевіч на сваёй землячцы. Назаўседы зачаравала яго Лізавета Якаўлеўна сваёй дабрыней, гаспадарлівасцю і, канешне ж, цёмнымі косамі, што аккуратна вянчалі яе сімпатычную галоўку. У Глыбокім у Сухіх нарадзілася трое дзяцей, дзве дачкі і сын Павел. Сына Сухія хрысцілі і запісалі ў метрычнай кнізе глыбоцкай царквы ў прысутнасці сялянкі вескі Гапуты Наталлі Якаўлеўны Гісіч.

Віцебская старонка жыцця Сухіх перагарнулася. У 1900 годдзе сям’я пераязжае на новае месца жыхарства ў Гомель. Бацька атрымаў настаўніцкую пасаду ў Чыгуначным вучылішчы, а маленькі пяцігадовы Паша назаўсёды развітаўся са сваёй малой радзімай.

Фонды Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захавалі добрую памяць пра талент земляка. Акрамя кніг, фотаздымкаў дакументаў, ёсць і асабістыя рэчы: металічная ручка, акуляры са шклом, складзеным з двух частак.

Іна ЯКУБОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея