Рэпартаж з нагоды… "эпапеі"

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Музей гісторыі беларускай літаратуры: у чаканні рамонту і экспазіцыі
Як нядаўна пісала “К”, у хуткім часе ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры распачнецца завяршальны этап рамонту. Для таго, каб даведацца пра падрабязнасці рамонтнай "эпапеі", што цягнецца ва ўстанове культуры з сакавіка 2013 года, карэспандэнты наведалі вядомы гістарычны будынак, што месціцца на вуліцы Багдановіча. Экскурсію па музейных залах для нас зладзіла дырэктар установы культуры Лідзія Макарэвіч.

/i/content/pi/cult/540/11786/2-1.jpgРамонт… без будаўнікоў

Самае галоўнае першае здзіўленне: у будынку Музея гісторыі беларускай літаратуры пакуль што нідзе не бачна “шчыравання” будаўнікоў. Усё гэта таму, што, як патлумачыла Лідзія Макарэвіч, людзі ў касках з’явяцца тут не раней за другую палову ліпеня… А пакуль што ў музейных залах можна ўбачыць недаробленую столь, будаўнічыя прылады, разнастайныя скрыні і рулоны…

Праўда, па словах суразмоўцы, працы будаўнікам на лета і да канца года — да названага часу, як спадзяецца дырэктар установы культуры, рамонтная эпапея павінна завяршыцца — больш чым дастаткова. Напрыклад, ёсць планы па замене сістэмы ацяплення, хаця пакуль што гэтае пытанне ўдакладняецца. Таксама мае быць усталявана сістэма газавага пажаратушэння для фондасховішча, сістэмы вентыляцыі і кандыцыянавання, праведзены рамонт экспазіцыйных памяшканняў і шмат чаго яшчэ...

Падчас рамонту плануюць вырашыць і іншыя пытанні. Адно з іх — вельмі важнае: тое, як мае выглядаць будучая музейная экспазіцыя. Зразумела, яе неабходна аформіць згодна з найноўшымі дасягненнямі ў сучаснай музейнай сферы, улічваючы, натуральна, і гістарычную каштоўнасць будынка, які сёння займае ўстанова… Таму ў самым хуткім часе музейшчыкі абвесцяць конкурс на мастацкі праект новай музейнай экспазіцыі… Калі ж ужо зараз знойдуцца ахвотныя паўдзельнічаць у распрацоўцы ідэі — просьба звяртацца да дырэкцыі…

Выстаўкі і планы

Як можа зразумець дасведчаны чытач, музейную экспазіцыю, якую яшчэ толькі плануецца стварыць, не ўсталюеш ва ўстанове культуры за дзень ці нават за месяц. Таму пасля завяршэння рамонту ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры мяркуюць распачаць шэраг праектаў, якія можна ладзіць і без наяўнай пастаяннай экспазіцыі.

Што гэта за праекты і планы? Выстаўкі — як літаратурныя, так і, магчыма, мастацкія. Таксама ва ўстанове культуры будуць адбывацца прэзентацыі новых кніг, разнастайныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі, фотавернісажы. Да таго ж, як адзначыла Лідзія Макарэвіч, зараз музейшчыкі наладзілі даволі шчыльную сувязь з расійскімі літаратурнымі музеямі, і ў наступным годзе ва ўстанове адбудуцца шматлікія замежныя выстаўкі з шэрагу буйных музеяў-партнёраў з суседняй краіны.

Але ж, што ні кажы, а найбольш цікава ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры будзе ўжо пасля з’яўлення тут пастаяннай экспазіцыі. Як паабяцала Лідзія Макарэвіч, усе навіны ўстановы як у гэтым годзе, так і ў наступным, карэспандэнты “К” будуць даведвацца, што называецца, з першых вуснаў… А гэты, пакуль што даволі невялікі матэрыял, натуральна, не апошні…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"