Яшчэ адно падарожжа старых паштовак

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Не так даўно (“К” № 7 за 2008 г.) мы паведамлялі пра выхад кнігі “У пошуках страчанага: гісторыя Беларусі ў старых паштоўках”. А зараз у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе аднайменная выстаўка — праект лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” за 2006 г., вядомага філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава і газеты “СБ. Беларусь сегодня”.

 /i/content/pi/cult/153/1178/Pashtouka.jpg
Сам У.Ліхадзедаў падкрэсліў, што з прыкладна 500 прадстаўленых у экспазіцыі паштовак (усе — арыгіналы!) у кнізе не больш за 20%. Даўняя мара філакартыста — прапанаваць сваю калекцыю на ўсеагульны агляд — здзейснілася. Чаму менавіта ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны? Бо спадабаўся падыход яго супрацоўнікаў да арганізацыі выстаўкі. Што да ваеннай спецыфікі музея — яго наведвальнікі атрымаюць унікальную магчымасць убачыць фатаграфіі нашых гарадоў, мястэчак і вёсак, зробленыя падчас Першай сусветнай вайны кайзераўскімі салдатамі.

Праз паўтара месяца выстаўка “У пошуках страчанага” пачне падарожнічаць па абласных цэнтрах краіны. Таму акцэнты ў экспазіцыі зроблены на тэматычных падборках паштовак, прысвечаных Мінску і абласным гарадам. Але тут можна ўбачыць і колішнія Паставы, і Пінск, і Жылічы... Асобныя раздзелы — “Беларускія вобразы” (каларытныя партрэты карэнных жыхароў) ды “Пісьмы” — лаканічныя паведамленні і пажаданні на адваротным баку паштовак, напісаныя каліграфічнымі почыркамі адрасатам, якіх даўно няма.

Паштоўкі могуць распавесці пра многае: як кахалі, як сумавалі, як святкавалі, чым ганарыліся беларусы нейкіх 100 гадоў таму... Найдаўнейшая картка датавана 1896 годам.

Асабліва цікава, кажа У.Ліхадзедаў, параўноўваць паштоўкі, выпушчаныя да і пасля Сталыпінскай рэформы. Наглядна бачна, як раслі гарады пад уплывам моцных эканамічных стымулаў, мяняліся абрысы нават сціплых мястэчак.

Большасць з гэтых паштовак — абсалютная рэдкасць. Як, напрыклад, “Привет из Минска” — намаляваны вясёлы салдат з ранцам, які можна расшпіліць, і адтуль высунецца гармонік. Мабыць, адзіны экзэмпляр на ўсю Беларусь.

Сваю галоўную задачу Уладзімір Ліхадзедаў бачыць у папулярызацыі малавядомых аспектаў нашага мінулага, асабліва сярод моладзі: “каб ведалі карані свае”. На падставе ўласнай вялізнай калекцыі ён збіраецца выдаць яшчэ некалькі кніг, а таксама рыхтуе выстаўку літаграфій паводле малюнкаў Напалеона Орды, створаных на беларускай зямлі.

Святлана ІШЧАНКА

На здымку: паланез у выставачнай зале.