Кветкі для Нэлі

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Успаміны з самага сэрца
Заслужаная артыстка Беларусі Нэлі Багуслаўская сустрэла свой 80-гадовы юбілей. Яна ад прыроды была адорана мастацкімі здольнасцямі, любіла рускую літаратуру, з асалодай дэкламавала вершы, наведвала акрабатычны і танцавальны гурткі. Але больш за ўсё Нэля любіла спяваць. Галасок у яе быў звонкі і чысты. Аднак аб тым, каб вучыцца музыцы, яна і не думала. Па парадзе роднай цёткі паехала разам з ёй у Душанбэ, дзе тая ўзначальвала лабараторыю механічнага завода.

/i/content/pi/cult/540/11779/14-2.jpg

(Працяг. Пачатак у № 25.)

Доўгая дарога

Але гэта было пасля. А са станіцы Усць-Лабінскай яе, маленькую, вывез незнаёмы ёй Яўген Вадалазскі з дазволам Пышмінскага ваенкамата… Спачатку яны пешкі прыйшлі ў Азоў, дзе жыў бацька Жэні і яго мачаха, цётка Марыя. Чыгунка была разбіта, і Жэня вырашыў пакуль што застацца дома. Цётка Марыя паставілася да чужой дзяўчынкі як да свайго роднага дзіцяці, атуліўшы яе клопатам і ласкай. Яна песціла, балавала, смачна карміла маленькую госцю. Бацька Яўгена лавіў у Доне ракаў і рыб, а Нэля з затоеным захапленнем разглядала ягоныя трафеі. Яна пасябравала з суседскімі дзецьмі — братам і сястрой, якія былі амаль што яе равеснікамі. Разам ім было весела і цікава.

Усё скончылася тады, калі Азоў занялі немцы. У вялікім доме Жэніных бацькоў яны раскватараваліся грунтоўна і надоўга. Цётка Марыя стала забараняць Нэлі гуляць на вуліцы, палохаючыся патрулей. І Нэля без мэты сноўдалася з кута ў кут. Аднойчы яна зайшла ў пакой, дзе сядзеў днявальны. Падышоўшы да яго ззаду, яна ўбачыла, што ён трымае ў руцэ фотаздымак з жанчынай і хлопчыкам ды плача над ім. Заўважыўшы дзяўчынку, немец павярнуўся да яе і жэстамі патлумачыў, што на фота яго жонка і сын. І спытаў на ломаным рускім, дзе яе “па-па”. Пачуўшы знаёмае слова “папа”, Нэля з гонарам адказала: “Мой папа на войне бьёт фашистов!”

Добра, што той немец не разумеў па-руску. Хаця Нэлі Захараўна і дагэтуль лічыць, што ён, напэўна, папросту быў неблагім чалавекам, нават пачаставаў яе галетай… Ёй пашанцавала. Пранесла. Але пасля гэтага выпадку цётка Марыя ад граху падалей стала закручваць яе ў дывановую дарожку, каб яна не магла рухацца. Толькі галава тарчала зверху. Жывы куль ставілі ў куце каля забітых дзвярэй у другой частцы дома. І ў гэтым дыване, спавітая, як салдацік, яна прастойвала гадзінамі.

На сямейнай нарадзе вырашылі: чакаць больш нельга. Нэлю трэба было вывозіць, таму што яе знаходжанне пагражала небяспецы ўсёй сям’і. Суседскія дзеці больш не жадалі гуляць з Нэляй і абзывалі “жыдоўкай”. А гэта значыла, што незычліўцы ў любы момант маглі данесці, дый патрульныя не глухія... За ўкрывальніцтва яўрэйскай дзяўчынкі ўсю сям’ю маглі расстраляць.

Позняй студзеньскай ноччу 1943 года напярэдадні Каляд Нэля з Жэнем выправіліся ў доўгі шлях на Урал. Пешшу ішлі некалькі месяцаў і дайшлі ў Пышму ўжо тады, калі там пачаў раставаць снег. Шасцігадовая дзяўчынка ішла побач з дарослым, але незнаёмым, па сутнасці, чалавекам праз вайну, праз краіну, праз голад і мароз, цярпела нягоды, хварэла, адчайвалася, плакала, але ўставала і мужна ішла далей — сотні кіламетраў насустрач самаму дарагому чалавеку ў свеце. Што ёй давялося перажыць, ведае толькі яна. Не загінула цудам. Жэня прывёў яе да Аксаны худую, брудную, завашыўленую, з адкрытай формай туберкулёза…

Сям’я Багуслаўскіх згубіла на вайне семярых найбліжэйшых сваякоў. Загінулі бацькі Захара, тата Аксаны, а таксама мужы дзвюх яе сясцёр. У жывых застаўся толькі Захар Рыгоравіч Багуслаўскі.

Паўночныя вандроўкі

І вось мінуў час… Цётка ўладкавала Нэлю на тэкстыльны камбінат Сталінабада (так тады называўся Душанбэ). Магчыма, яна так і прастаяла б усё жыццё ля матальнага станка, бо праца ёй вельмі падабалася, але аднойчы, здаючы пражу на ўлік, выпадкова ўбачыла аб’яву: у клубе камбіната адбудзецца агляд мастацкай самадзейнасці. Падумала: “А чаму б не? Паспрабую наведаць!”

Менавіта на самадзейнай сцэне яна ўпершыню адчула, што мае сапраўдны голас. І гэта адзначалі ўсе, хто слухаў яе спевы. Неўзабаве Нэлі выйграла конкурс мастацкай самадзейнасці працаўнікоў лёгкай прамысловасці Таджыкістана і атрымала рэкамендацыю на паступленне ў Душанбінскае музычнае вучылішча. Уласна кажучы, з гэтага і пачаўся яе доўгі і, без перабольшання, зорны шлях на прафесійнай сцэне.

Праўда, у музычным вучылішчы яна рыхтавалася стаць акадэмічнай спявачкай: на дзяржэкзамене выконвала арыю Царэўны-Лебедзь з оперы “Казка пра цара Салтана” Рымскага-Корсакава і іншыя сур’ёзныя вакальныя творы. Дарэчы, і зараз Рымскі-Корсакаў застаецца яе ўлюбёным кампазітарам. У яго операх “Царская нявеста” і “Снягурка” Нэлі марыла праспяваць партыі Марфы і Снягуркі. “Сур’ёзная класічная музыка ўвайшла ў маё жыццё ніадкуль і адразу, без усялякай падрыхтоўкі. Больш за ўсё я баюся, што, калі памру, не буду чуць гэтай музыкі!” — прызнаецца цяпер Нэлі Захараўна.

У 1958 годзе яна скончыла музычнае вучылішча і вярнулася дамоў, у Крывы Рог. Спачатку працавала салісткай невялічкага аркестра пры тамтэйшым кінатэатры, потым пераехала ў Днепрапятроўск, дзе ёй прапанавалі месца салісткі харавой капэлы. Але адтуль яе выціснулі больш сталыя зайздрослівыя “калегі”. Так яна апынулася ў Чарнігаве і стала артысткай мясцовай філармоніі. І вось менавіта туды ў пошуках маладых артыстычна-музычных кадраў завітаў тагачасны музычны кіраўнік беларускай эстрады Леў Молер. Ён пачуў спевы Нэлі Багуслаўскай і тут жа прапанаваў ёй пераехаць у Мінск.

Мінск! Сэрца Нэлі забілася часта-часта… Неверагодна! У Мінску ж цяпер жыве і выкладае ў кансерваторыі яе любімы педагог па вакалу Маргарыта Гатардаўна Людвіг! Значыць, цяпер яна зможа працягнуць вучобу, удасканаліць свае вакальныя навыкі пад яе кіраўніцтвам! Нэлі не раздумвала ні хвіліны…

“Гэту песню спяваць не будзеце!”

На пачатку 1962-га Багуслаўская прыехала ў сталіцу Беларусі. Тут, у філармоніі, яе адразу ж залічылі ў брыгаду вядомай у той час эстраднай спявачкі Ірыны Палянскай. Узялі, так бы мовіць, “другім нумарам” — разбаўляць сольныя выступленні эстраднай прымы. Сказалі, што акампануе Палянскай інструментальны ансамбль, кіруе ім Ізмаіл Капланаў і што ёй трэба прыйсці на рэпетыцыю, каб узгадніць рэпертуар. Яна і прыйшла.

Філармонія месцілася тады ў так званым Архірэйскім дамку, што і цяпер стаіць на сваім месцы — пры адным з выхадаў са станцыі метро “Кастрычніцкая” ля Дома афіцэраў. Яна ўзнялася на другі паверх, зайшла ў невялічкую канцэртную залу і… абамлела. На сцэне разгараўся сапраўдны скандал. Адзін з музыкантаў, ударнік, няўдала сыграў збіўку, і той, хто, як яна зразумела, быў кіраўніком ансамбля, пачаў гучна на яго раўці.

“Вось гэта нумар! — падумала Нэлі. — Няхай толькі паспрабуе гэтак жа адкрыць рот на мяне! Працоўная кніжка пакуль яшчэ ў сумцы. Разварочваюся і з’язджаю!”

Тым часам вусаты крыкун — а гэта, вядома ж, быў Ізмаіл Капланаў — заўважыў, нарэшце, у глядзельнай зале незнаёмку...

Адразу ж спытаў:

— Хто вы? Што тут робіце?

— Я — Нэлі Багуслаўская, залічана ў брыгаду Ірыны Палянскай. Прыйшла на рэпетыцыю.

— І што збіраецеся спяваць?

— Праспяваю, што прапануеце.

— Ну назавіце хаця б адну песню з вашага рэпертуару, — не сунімаўся Капланаў.

— Ну, напрыклад, “Набудзьце фіялкі”.

— Гэту песню вы спяваць не будзеце...

Чаму Ізмаіл Капланаў адказаў так, чытайце ў заканчэнні нарыса ў наступных нумарах "К".

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца