Якая карысць ад гарадскіх?

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

У некаторых раёнах у апошнія гады паспяхова, але без асаблівага розгаласу праходзяць летнікі па традыцыйнай культуры. Ініцыятыва часцей за ўсё грамадская, але з падтрымкай мясцовай улады і работнікаў культуры. Я зараз не пра этнаграфічныя экспедыцыі, хаця і даследаванні ў летніках праводзяцца. Звычайна асноўная мэта апошніх — далучэнне гарадской моладзі да традыцыйнай культуры, пагружэнне, хоць ненадоўга, у вясковае жыццё.

/i/content/pi/cult/540/11770/5-1.jpgСёлета з 8 па 12 ліпеня ў Любанскім раёне пройдзе V Рэгіянальны фэст традыцыйнай культуры “Пятровіца”. Гэтак на Любаншчыне называюць Пятроўскі пост, які завяршаецца 12 ліпеня, у дзень святых Пятра і Паўла. Назву абралі для летніка, які спачатку планаваўся як школа традыцыйнага танцу. Аднак з кожным годам дзейнасць яго пашыралася. Цяпер удзельнікі маюць усё больш магчымасцей пазнаёміцца з рознымі аспектамі традыцыйнай культуры Любаншчыны, павучыцца рамёствам і гатаванню.

У Шыпілавічах на Петрака быў кірмаш — да жыхароў з’язджаліся родныя і сваякі. Летнік “Пятровіца” — своеасаблівы працяг гэтай традыцыі. Арганізатары — сям’я Кухарэнкаў і работнікі культуры раёна. Удзельнікі прыязджаюць з усёй Беларусі, а таксама з Расіі, Літвы. Часам запрашаюць работнікаў культуры і гурты з іншых раёнаў. Сёлета гасцямі фэсту стануць гурт “Набіліцы” з вёскі Баранава пад Старымі Дарогамі і Зінаіда Крупская з Вілейшчыны. Такім чынам, будзе магчымасць параўнаць танцавальныя манеры трох раёнаў.

За чатыры гады назбіраліся гігабайты адзнятых майстар-класаў, песень. Здаецца, бяры ды выдавай мультымедыйныя зборнікі. Былі б сродкі... Адбываліся і міні-выправы ўдзельнікаў да носьбітаў фальклору. Гэтыя матэрыялы таксама каштоўныя.

Як на мой погляд, даўно наспела неабходнасць пераймаць вопыт Любанскага раёна. Падчас “Пятровіцы” тут можна было б зладзіць абласны, а то і рэспубліканскі метадычны семінар з тэматыкай накшталт “Найноўшыя методыкі далучэння моладзі да традыцыйнай культуры”. А ў тым, што методыкі выкарыстоўваюцца самыя сучасныя, давялося пераканацца на ўласным досведзе. Сёлета на Новы год трапіла на фольк-марафон у Капенгагене, дзе праводзіла майстар-клас па беларускіх танцах. Датчане, шведы, немцы, палякі, французы, італьянцы вывучылі “Каханачку” і “Месяц” з Новінаў Бярэзінскага раёна і “Польку-бабачку” з Лельчыцкага. На пачатку заняткаў, узгадаўшы методыку выкладання Сяргея Выскваркі, кіраўніка ўзорнага фальклорнага ансамбля “Верабейкі” з Любані, доўга “ўтаптвала” з вучнямі трохкрок і толькі ў самым канцы перайшла да вывучэння фігур танцаў. Аказалася, што такім жа чынам выкладаюць ці не ўсе, хто праводзілі на фольк-марафоне майстар-класы.

Некаторыя ўдзельнікі “Пятровіцы” сёлета прыедуць пяты год запар. Мабыць, работнікам культуры з іншых раёнаў цікава было б даведацца, што вабіць сюды моладзь, што ўтрымлівае, каб і ў сябе паспрабаваць разгарнуць якую ініцыятыву. Абапірацца варта на мясцовых краязнаўцаў, выхадцаў з раёна, якія жывуць у вялікіх гарадах, цікавяцца традыцыйнай культурай і, можа, хацелі б паказаць сваю малую радзіму сябрам.

З іншых яскравых прыкладаў — этнаграфічны летнік на Петрыкаўшчыне, што праходзіў у 2012 і 2014 гадах (прымяркоўваецца да фестывалю “Покліч Палесся”). Моладзь з’язджаецца туды з усёй рэспублікі, каб пазнаёміцца з традыцыйнай культурай Палесся, параўнаць яе з культурай сваіх родных мясцін. Да абеду выпраўляюцца па вёсках, апытваюць носьбітаў фальклору. Пасля абеду ёсць час пазнаёміцца, наведаць музеі раёна, прагуляцца на цеплаходзе. Месцаў у летніку летась было ўсяго 15, удзельнікаў набіралі праз сацыяльныя сеткі.

Арганізатары летніка — спрэс дзяржаўныя ўстановы — аплачваюць для моладзі жытло (у 2014 годзе аматары этнаграфіі жылі ў гатэлі “Над Прыпяццю” вёскі Ляскавічы) і транспарт. Рухавіком жа навуковых даследаванняў выступае Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый. Дзякуючы дырэктару яго гомельскага філіяла Пятру Цалку вынік петрыкаўскіх летнікаў нават можна ў руках патрымаць: нядаўна выйшаў зборнік палявых матэрыялаў, сабраных удзельнікамі.

Для работнікаў культуры Петрыкаўскага раёна такі навуковы дэсант, хай і аматараў, але гатовых укладаць сілы і час у збор фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу, — вялікая дапамога. І выгоды ад такога супрацоўніцтва навідавоку: папаўненне метадычнага фонду, увага да традыцыйнай культуры раёна, новыя ідэі, разварушванне культурнага жыцця. Праўда, склалася ўражанне, што некаторыя работнікі цьмяна разумелі, чаму да іх у раён прыехала моладзь і якая дапамога ёй патрэбная (скажам, даведацца, ці на месцы інфарманты, ці не зляглі яны ў бальніцу, ці не з’ехалі куды).

Прапанова на ўзроўні ідэі: чаму б не рабіць летнікі на базе дамоў рамёстваў, дзе яшчэ ёсць носьбіты традыцый, што могуць вучыць моладзь? У Польшчы, напрыклад, зацікаўленыя людзі плацяць немалыя грошы, каб прыехаць да народнага майстра, пажыць пры яго сядзібе з тыдзень, папрацаваць з ім у майстэрні. Канешне, патрэбны арганізатар, рэклама. У век сацыяльных сетак за піярам справа не стане. Арганізатарамі маглі б выступіць установы культуры. Вось ужо і план па пазабюджэтнай дзейнасці, лічы, у кішэні.

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"