Як стваралі Маці-Радзіму

№ 27 (1205) 04.07.2015 - 10.07.2015 г

Пра гісторыю манумента распавядае яго скульптар, а мадэль, з якой ляпілася фігура, упершыню дзеліцца ўспамінамі
Трыццаць гадоў таму, калі святкаваліся саракавыя ўгодкі Перамогі, у беларускай сталіцы з’явіўся мемарыял “Мінск — горад-герой”. Тады яшчэ не было шыкоўнага праспекта Пераможцаў, і згаданы мемарыял візуальна трымаў вялізны абшар ад Палаца спорту да гарадской мяжы. Цяпер абеліск і бронзавая фігура Маці-Радзімы сталі складнікам архітэктурна-прасторавага комплексу Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і праз гэта набыў асаблівую сімвалічнасць і эстэтычную выразнасць. Згадаць, як ствараўся мемарыял, што стаў, фактычна, для музея “закладным каменем” на новым месцы, мы папрасілі скульптара і… ягоную мадэль, што стала адным з прататыпаў знакамітага помніка.

/i/content/pi/cult/540/11769/4-1.jpgСкульптар

Валянцін ЗАНКОВІЧ, скульптар, архітэктар, лаўрэат Ленінскай прэміі, адзін з аўтараў мемарыяла "Хатынь" і знака “Мінск — горад-герой”:

— Рашэнне пра тое, што такі памятны знак у Мінску мусіць быць, прымала не мясцовая ўлада, а Масква. Гарады-героі складалі асобую групу. У кантэксце дзяржаўнай ідэалогіі ім адводзілася роля святых для кожнага савецкага чалавека месцаў. Адпаведна, у кожным такім горадзе патрабаваўся абеліск з тэкстам указа аб наданні высокага звання. Чаму менавіта абеліск, а не якая-небудзь іншая архітэктурная форма? Можа, па аналогіі з ваеннымі помнікамі-абеліскамі. Але, больш верагодна, таму, што першы знак падобнага кшталту быў усталяваны ў Маскве і меў форму абеліска. А паводле тагачаснай завядзёнкі ўсё, што зыходзіла са сталіцы, прымалася ідэалагічнымі органамі як канон.

Аб’ект агульнагарадскога значэння даручылі “Мінскпраекту”. Кіраваў творчай групай архітэктар Віктар Крамарэнка. І вось у працэсе праектавання высветлілася, што высілкамі адных архітэктараў і інжынераў такую працу якасна не зробіш: патрэбен скульптар. Адзін з калег Крамарэнкі, з меркаваннямі якога той лічыўся, параіў уключыць у склад калектыву мяне. Я, атрымаўшы запрашэнне, зразумела, пагадзіўся, бо героіка-патрыятычная тэма заўжды мяне вабіла.

Крамарэнка паказаў мне напрацоўкі групы, якія падаліся мне не асабліва цікавымі: там не было што ўзяць за аснову. Такім чынам, мне была прадастаўлена свабода рабіць усё, што палічу патрэбным. Яшчэ Крамарэнка сказаў, каб я запасаўся моцнымі гарбатай і кавай, бо працаваць давядзецца і дзень, і ноч.

Курыравалі праект кіраўнікі ЦК КПБ. А функцыя непасрэднага кантролю была ўскладзена на гарадскія ўлады. Тагачаснаму галоўнаму архітэктару Мінска Юрыю Грыгор’еву загадалі ў маёй майстэрні дзень і ноч "пасвіцца", сачыць, каб я ўклаўся у жорсткія тэрміны. У ЦК пагражалі нават забраць у яго партыйны білет, калі я, а са мной і ўся творчая група, не паспеем выканаць працы ў запланаваны тэрмін.

І вось працуем мы, не пакладаючы рук, як раптам тэлефануе нам з Міністэрства культуры супрацоўнік і заяўляе: ёсць меркаванне, што ў склад аўтарскай групы трэба ўвесці аднаго вядомага скульптара. У выпадку адмовы, дамова з намі анулюецца і будзе абвешчаны рэспубліканскі конкурс. Мы, зразумела, яго паслалі ў адпаведным кірунку… І быў конкурс, на якім было прадстаўлена недзе з дзясятак праектаў. У ім перамаглі мы, падцвердзіўшы права на гэту работу.

Замоўцы, беларускае партыйнае і дзяржаўнае кіраўніцтва, зыходна бачылі памятны знак абеліскам з тэкстам указа аб наданні Мінску звання горада-героя. Толькі гэта — і нічога больш. Мы ж, выканаўцы, лічылі, што гэта павінен быць архітэктурна-скульптурны комплекс. Такую думку мы ўпарта даводзілі замоўцам. Скончылася тым, што высокага рангу асоба з ЦК КПБ адмыслова ездзіла ў Маскву, каб высветліць, ці можна ля такога абеліску скульптуру ставіць. У Маскве сказалі, што можна.

Месца для манумента зацвярджаў асабіста тагачасны кіраўнік ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў. Было пытанне, у які бок развярнуць скульптуру. Мы прапаноўвалі, каб скульптура глядзела туды, дзе сёння перасякаюцца два праспекты — Пераможцаў і Машэрава. Так скульптура глядзелася б больш выйгрышна, дынамічна, эфектна. Але зрабіць так, як мы хацелі, не далі. Была ідэя дапоўніць абеліск са скульптурай Маці-Радзімы кампазіцыямі, якія б сімвалізавалі чырвонармейцаў, партызанаў і падпольшчыкаў. Гэта таксама не прайшло.

Мушу згадаць, што мы, наш аўтарскі калектыў, працуючы над памятным знакам, мелі думку, што абеліск і скульптура не вечна будуць мець фонам прыродны ландшафт: раней ці пазней побач з’явіцца манументальная пабудова мемарыяльнага прызначэння. Я меркаваў, што помнік будзе аточаны будынкам дыярамы, накшталт той, што ёсць ў Севастопалі і прысвечана вызваленню горада ад фашысцкіх захопнікаў. Як у ваду глядзелі... Бо новы будынак Музея Вялікай Айчыннай вайны мае канфігурацыю, блізкую да той, што ўяўлялася нам шмат гадоў таму.

Я, канешне ж, аглядаў аналагі нашага памятнага знака, што на той момант ужо стаялі ў іншых гарадах-героях. Мяне яны, скажу шчыра, не ўразілі. У тым ліку і маскоўскі не натхніў, хоць рабілі яго сталічныя мэтры. Адпаведны тэме вобраз я шукаў ў расійскай скульптуры, якая ўслаўляла ваенныя подзвігі. Спачатку атрыбутам услаўлення мне ўяўляўся вянок (дарэчы, падказаў мне гэту думку Міхаіл Савіцкі, у меня нават ягоны эскізны малюнак захаваўся), але ў рэшце рэшт я вырашыў, што славу, трыумф мусяць сімвалізаваць фанфары ў руцэ Маці-Радзімы. Але прыдумаць — гэта толькі палова справы. Трэба ж яшчэ замоўцаў пераканаць. Ад іх я чуў: “Жанчына хай будзе, а фанфары не трэба”.

Урэшце я сваю ідэю здолеў адстаяць. Але пры выкананні здарылася неспадзяванка. Фарматары, калі пераводзілі мадэль у сапраўдны памер, фігуру Маці-Радзімы павялічылі ў восем разоў, а фанфары — толькі ў сем. Да таго ж, фанфары мусілі быць залачонымі, як Зорка Героя на абеліску. Ды і абеліск трэба было рабіць з чырвонага граніту (ён ўсё ж такі сімвалізуе сцяг), а не з бетону. Пры дзённым асвятленні ён у светлых тонах, а ў дождж становіцца цёмным і змрочным. Праўда, ёсць спадзяванні, што калі-небудзь памятны знак, які цяпер стаў дамінантай архітэктурна-прасторавага комплексу, будзе даведзены да ладу ў адпаведнасці з аўтарскай задумай.

Знак паўстаў у 1985 годзе. Калі я на камбінаце пераводзіў скульптуру ў сапраўдны памер, у Беларусь прыехалі журналісты заходнегерманскага часопіса “Штэрн”. Перад гэтым яны былі ў Маскве. Яны бралі ў мяне інтэрв’ю, здымалі скульптуру ў рыштаванях. Па іх словах, гэта выява павінна была трапіць на вокладку часопіса. Яны адснялі пяць катушак. Для мяне гэта было надзвычайна, бо ў нас плёнка “Кодак” была ў навіну, каштавала неймаверна дорага, з ёй працавала толькі эліта фотажурналістыкі. І нашы да той стужкі ставіліся вельмі ашчадна. А тут пяць стужак скарысталі — і новыя запраўляюць… Ды, відаць, не лёс быў маёй скульптуры на вокладку “Штэрна” трапіць: той жа ноччу ў гасцініцы “Юбілейная” ўсе пяць стужак ў журналістаў скралі…

Калі скульптура ўжо стаяла, мне розныя людзі казалі, што я здолеў выявіць ў ёй прыгажосць беларускіх жанчын. У сувязі з гэтым згадаю, што ў партрэце ёсць рысы маёй жонкі, з якой я спачатку ляпіў твар, і мастачкі Наталлі Сухаверхавай, дачкі мастака Уладзіміра Сухаверхава, якая пазіравала мне пазней. З Наталлі вылеплена і фігура. Я ўгледзеў яе на нейкай імпрэзе Саюза мастакоў. Мне спадабалася, што яна такая ладная, статная — скульптурная, інакш кажучы. Я ёй пазваніў і папрасіў папазіраваць. Прычым, каб яна была апранута ў сукенку пэўнага крою. Яна пагадзілася. Прыйшла ў майстэрню са сваім маленькім сынам. Я зрабіў эцюд, а таксама некалькі здымкаў, па якіх працаваў пазней.

Без лішняй сціпласці скажу: даспадобы ведаць, што работа займае такое пачэснае месца ў вобразнай структуры сталіцы. Але калі б ляпіў зараз, выканаў бы яе крыху інакш. Заўжды можна лепш…

Мадэль

Наталля СУХАВЕРХАВА, мастак дэкаратыўна-прыкладнога кірунку, аўтар габеленаў, што аздабляюць грамадскія будынкі:

— Тэлефанаванне Валянціна Занковіча і ягоная просьба папазіраваць для вобраза Беларусі, Маці-Радзімы, у мемарыяле “Мінск — горад-герой” былі для мяне вялікай нечаканасцю. Мы не былі знаёмыя. Да гэтага я ведала толькі, што ёсць такі скульптар вядомы, каго толькі здалёк і бачыла. А тут ён кажа, што зараз робіць вось такую работу і хацеў бы ляпіць менавіта з мяне. Магчыма, яму спадабалася мая фігура. Можа, бачыў мяне ў канкрэтнай сукенцы, якая стварала патрэбны яму сілуэт. Бо ён папрасіў мяне быць апранутай у сукенку канкрэтнага фасону. Я пагадзілася. Ды і хто б не згадзіўся? Зрэшты, гэта гонар!

Некалькі сеансаў ён ляпіў маю галаву, рабіў фотаздымкі. Памятаю, што ў майстэрні Занковіча я была з маленькім сынам, бо мне не было з кім яго пакінуць. І скульптару, і мадэлі даводзілася час ад часу адрывацца ад працы каб надаць увагу дзіцяці.

Зараз, пасля таго, як тыя здымкі з’явіліся ў Сеціве, мяне пытаюцца, што я адчуваю, калі бываю ля мемарыялу, бачу сябе бронзавую? Адказваю так: ведала, што я прататып гэтай постаці (фатаграфіі ёсць дакументальным сведчаннем). Але заўжды ставілася да гэтага факту спакойна, не рабіла з яго шырокага розгаласу. Пра гэта ведалі мае блізкія, сябры. Сёння ж, мяркую, гэта не толькі факт маёй біяграфіі, але нешта датычнае гісторыі горада, краіны. Мастацтва, калі хочаце. Для мяне сёння набывае сімвалічны сэнс тое, што прататытам Беларусі ў згаданым мемарыяле з’ўяляецца дачка беларускага партызана і творцы, які напісаў хрэстаматыйнае жывапіснае палатно “За родную Беларусь!”. Мне грэе душу тое, што гэту сімволіку адчуў бы і мой бацька. Ён быў бы вельмі задаволены тым, што такі гонар выпаў ягонай дачцэ. Ды і мне прыемна ўсведамляць, што я дапамагла выдатнаму скульптару зрабіць варты твор!

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"