Базавая велічыня для новага адліку

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтатур па СДК і не толькі: дык колькі аддзелаў культуры ў раёне?
У гэтай публікацыі гаворка пойдзе пра вёску Райца на Карэліччыне і вёску Наваельня на Дзятлаўшчыне, а больш дакладна — пра цікавых людзей, што робяць жыццё ў гэтых паселішчах прыгажэйшым. Місія — высакародная. І дарэмна сёння, у час летніх адпачынкаў, хтосьці імкнецца да дальняга турэцкага берага. Паверце, у Райцы, да прыкладу, вас чакае не менш неспадзяваных цікавостак і карысных адкрыццяў…

/i/content/pi/cult/539/11765/10-1.jpgЛекі ад гарадской мітусні

Нас зразумеюць, напэўна, толькі тыя, хто час ад часу любіць сустракаць світанкі ў звонкай вясковай цішы. А такіх становіцца ўсё больш: то хтосьці з гараджан хутар выкупіць, то — цалкам вёску, а хто задумае ў дзедаву хату на Палессі вярнуцца з маладой сям’ёй. У таго, хто шукае свае вытокі, жыццё неспакойнае: неўтаймоўна цягне памяняць гарадскі тлум на шчыльнае сваяцтва з лесам ды ракой. Прага гэтая, на жаль, у тэндэнцыю не ператварылася. Але, бывае, усё ж стварае інфармацыйную нагоду для непрадказальных камандзіровак.

Словам, па настойлівай парадзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка адправіліся ў вёску Райца і пазнаёміліся з Салдатавымі. Надзвычай моцныя ўражанні атрымалі. Уявіце, на прыгорку перад вёскай, над кладамі — храм Святой Варвары (будаваўся як касцёл, але пасля паўстання Кастуся Каліноўскага перароблены ў царкву). А бліжэй да шашы, у засені старасвецкага парка — сядзіба. Належала яна калісьці і роду Верашчакаў ды ўласна Юзафу — брату Марыі, што так кахала Адама Міцкевіча… Ужо колькі часу таямнічы дом, якому споўнілася летась 200 гадоў, — уласнасць Веры і Аляксандра Салдатавых.

Трошкі пра новых гаспадароў. Вера Яўгенаўна выкладала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Напэўна, ніхто лепш за яе не ведае “анатомію” саломкапляцення. Аляксандр Васільевіч — мастак, іканапісец. За адну базавую велічыню яны набылі не проста дом-жытло, а цудоўную магчымасць, як нам падаецца, пачаць новы адлік. Не часу, не прасторы, а чарговага ўзроўню творчай самарэалізацыі ў максімальнай гармоніі з навакольным асяроддзем. Інакш кажучы, утварылі зону экалагічна чыстага гаспадарання. І справа не толькі ў тым, што лістоту тут увосень не спальваюць, гародніна расце без хіміі, а госці сядзібы, што па запрашэнні гаспадароў час ад часу разбіваюць намёты пад кронамі старасвецкіх ліп, не кураць і не ўжываюць спіртнога. Такія тут парадкі. Абстаноўка вымагае. Замежны каштан у парку — і той адзіны на Беларусі ды з’яўляецца дзяржаўным помнікам прыроды. Што ўжо казаць пра мэты і задачы саміх гаспадароў. Старадаўні дом пераўтвараюць яны не ў банальную аграсядзібу, а ў жытло творцаў, дзе самае пашанотнае месца займаюць музей ды творчыя майстэрні, заўжды адкрытыя для любога ахвотнага.

Чаму салому мышы не грызуць?

Грызуць. Не чапаюць толькі тую, з якой Салдатава вырабляе ладныя кадобчыкі для захоўвання кілбас. А сакрэт тут — ад продкаў: саломка пляцецца разам з хітрай траўкай, якую грызуны на дух не пераносяць. Вера Салдатава можа гадзінамі распавядаць пра тое, як зямля аддзячвае ім за ўвагу: і зёлкі самыя розныя дае, і сыравіну для фарбаў, якімі Аляксандр Васільевіч піша па шматлікіх царкоўных замовах свае іконы. Яшчэ нядаўна сядзібы не было бачна з-за густога зарасніка. Кожны метр прасторы літаральна адваёўваўся. Не атрымалася толькі выдаліць пад’язны асфальт. Пад ім, кажа Вера Яўгенаўна, хаваецца ўнікальная брукаванка. Прыбралі толькі лішняе з хмызняку і дрэў, што замінала любавацца старадаўнім домам ды ўладкаваць грады. А неўзабаве ля дома з’явіцца копанка.

Самы вялікі пакой сядзібы, якая пакрысе добраўпарадкоўваецца, адведзены цяпер пад імправізаваны музей, дзе сабраны не толькі вырабы Салдатавай, але і калекцыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з усёй Беларусі. Але саламяныя зубры, конікі, павукі ды вянчальныя кароны Веры Яўгенаўны ўражваюць у першую чаргу. Да месца дадаць, што яе творы ўпрыгожваюць калекцыі ў шматлікіх замежных краінах, а царкоўная саламяная брама ў храме ў Дудутках з’яўляецца непераўзыдзеным узорам і рэканструкцыі, і самастойнага творчага пошуку Веры Салдатавай. Пошуку таму, як вядома, няма ні канца, ні краю.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

На ліпавых алеях ды ў пакоях казачнага дома Салдатавых я цалкам забыўся на ўласныя праблемы. Спакой панаваў у душы. Салома ў Веры Яўгенаўны — цёплая, гаючая. Гэткі ж і дом: побач адчайна спрачаюцца птушкі, увечары ў шыбкі заглядваюць совы, а ў сенцах жывуць пчолы. Што яшчэ трэба для таго, каб пасярод гэтай раскошы займацца ў ахвотку творчасцю?

Што чакае Райцу…

Шкада, але сказаць цяжка. Цалкам верагодна, што апрача сядзібы Салдатавых ды царквы Святой Варвары над кладамі тут праз час нічога не застанецца. І самы час пагутарыць пра дзяржаўна-прыватнае партнёрства Салдатавых з аддзелам ІРКСМ райвыканкама Нэлі Маісеенка. Так, сядзіба ў Райцы — прыватная. Але Нэлі Аляксандраўна сваім абавязкам лічыць трымаць Салдатавых у курсе апошніх навін у культуры: якія гранты з’явіліся, ці ёсць рэальныя магчымасці, скажам, трансгранічнага супрацоўніцтва… “Трэба, каб справа з рамонтам рухалася!” — кажа начальнік аддзела. І яна мае рацыю: няма на сядзібе Інтэрнэта, умоў для камфортнага пражывання. Салдатавы пакрысе ўкладаюць у той рамонт грошы, атрыманыя ад рэалізацыі ўласных твораў, але сродкі гэтыя, зразумела, невялікія. А перспектыву сядзібы бачыць Маісеенка ў развіцці турызму, у тым ліку і ўязнога.

Ёсць намер і на сумеснае развіццё музейнай справы. Чаму б, сапраўды, не выстаўляцца ў сядзібным музеі і майстрам Карэліччыны? Выгода ад гэтага — агульная. А канцэрты на адкрытым паветры? Летась работнікі культуры зладзілі эксперымент: калі святкаваўся юбілей пашанотнай сядзібы, на яе верандзе перад замежнымі гасцямі і беларускімі навукоўцамі выступілі тры вакальныя ансамблі. Эфект ад такой музычнай “анімацыі” быў унушальным. “Такому ўзаемадзеянню — быць!” — зазначылі Салдатавы.

Не ведаем, што чакае Райцу. Але ў тым, што знакамітая сядзіба і яе насельнікі памножаць славу сваіх папярэднікаў, мы не сумняваемся. Паболей бы такіх гарадскіх “уцекачоў” у вёску ў іншых нашых паселішчах. Як нам падаецца, час прыспеў такім грашовыя прэферэнцыі абвяшчаць. Яшчэ адно канкрэтнае выйсце ў справе захавання беларускай вёскі!

Акцэнт на “Акцэнт”

У гарпасёлку Наваельня, што на Дзятлаўшчыне, нечакана спыніліся, бо пачулі гукі духавога аркестра. Даносіліся яны з не вельмі зграбнага дамка. Як распавёў мастацкі кіраўнік народнага эстраднага аркестра “Акцэнт” Дзяніс Клімовіч, у ДК для рэпетыцый месца няма, а калектыў — вялікі. Вось і збіраюцца музыканты там, дзе нікому не замінаюць.

Гармонія музыкі, карацей, залежыць ад гармоніі душы. Ну і ад наяўнасці якасных інструментаў. У “Акцэнце” кожны з іх, дарэчы, каштуе мільёны. А ў Наваельні аж два духавыя аркестры ды плюс зводны калектыў. І ў кожным з інструментамі — ажур. Чым не доказ уважлівага стаўлення мясцовых улад да ўпэўненага развіцця мастацкай самадзейнасці?

Не дзіва, што наваельненскія “духавікі” пастаянна гастралююць, у тым ліку і па замежжы. Рэгулярна гучаць яны на летняй паркавай эстрадзе і ў Дзятлаве. Вы спрабавалі шпацыраваць па алеях пад духавыя мелодыі? Гэта ж, спадарове, зусім іншы эфект атрымліваецца!

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Некаторыя захапляюцца сёння савецкай эпохай. Маўляў, жылося тады і весялей, і цікавей. Я ж мяркую, што ў наш час магчымасцей ды цікавостак нашмат болей. Што хацелася б вярнуць, дык гэта моду на музыку духавых аркестраў, што гучалі ў парках. І будзе цудоўна, калі тая мода прыйдзе ў Мінск з рэгіёнаў, да прыкладу, з Дзятлаўшчыны.

Батутавы бум вясковых аддзелаў

Сапраўды, батутаў ля ўстаноў культуры Гродзеншчыны мы пабачылі процьму. Самы час казаць пра нейкі батутавы бум. Але не ад добрага жыцця, як аказалася, тыя батуты. Проста ў вобласці планы аказання платных паслуг у сферы культуры павялічыліся ў параўнанні з леташнімі роўна на 30 працэнтаў. І так у кожным раёне. Таму і круцяцца работнікі культуры. Білет на батут ля Наваельненскага гарпасялковага ДК каштуе пятнаццаць тысяч рублёў за дзесяць хвілін задавальнення. Ад ахвотных не адбіцца. За дзятвой, што нястомна практыкуецца ў скоках, даглядаюць мастацкі кіраўнік Таццяна Загорцава і балетмайстар Наталля Нагорная. Нарошчванне пазабюджэтнага валу ідзе ў штатным рэжыме.

Уразіла тое, што ў ДК — поўны штат. Ёсць яшчэ рэжысёр Алена Масюк. Дырэктар установы Галіна Сушко пераконвае нас, што штат не толькі поўны, але і якасны: кожны на сваім месцы і цягне нялёгкую ношку як мае быць. Другое, што здзівіла: на сёння правільная назва ўстановы — “Аддзел культуры і дасугу “Наваельненскі ДК”. І падпарадкоўваецца ён ДУК “Дзятлаўскі ЦКіД”. Карацей, колькі раней было ў раёне СК і СДК, столькі на сёння існуе вясковых “аддзелаў”… Але не будзем палохаць чытачоў з іншых абласцей. Аптымізацыйныя жарсці адкінем у бок, пагаворым лепш пра канкрэтыку. Да прыкладу, пра якаснае выкананне прафесійных абавязкаў. Наваельненскія дзяўчаты цяпер адраджаюць абрад “Пірагі”. Ладзіўся ён праз тыдзень пасля вяселля. Збіраліся сямейнікі ды родзічы і пірагі каштавалі. Як гэта рабілася, якія былі пірагі, танцы ды песні, яшчэ памятае бабуля Яўгенія Бакей. Вось работнікі культуры і скарысталіся такой шчаслівай магчымасцю. Хутка абрад можна будзе пабачыць ды пачуць (урэшце — і пакаштаваць!).

Мы налічылі пяць асноўных спонсараў, што падтрымліваюць гарпасялковы ДК. І гэта — не толькі школа, якая не грашыма дапамагае, а артыстамі. У ліку заможных сяброў — вядучыя прадпрыемствы і арганізацыі пасёлка. Ухвальна, бо не ўсюды ёсць такое ўзаемапаразуменне, як у Наваельні. Разлічваецца ДК якасным арт-прадуктам. Скажам, канцэртам, кожны з якіх прыносіць недзе па два мільёны рублёў. Гадавы план па аказанні культурных платных паслуг — 64 мільёны — будзе выкананы. Няма праблем з апаратурай і мэбляй: усё — навюткае. Дык што праблем тут увогуле няма? Ёсць: пячное ацяпленне клубнай установы. Як не напінайся, а лютай зімой тут халаднавата. Дзяўчаты даўно прыгледзелі будынак колішняга ўнівермага, які мае цэнтральнае ацяпленне і цяпер пустуе. Але да якой высновы ў сувязі з гэтым прыйшло кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама, наш чытач даведаецца ў наступнай “серыі” аўтатураўскіх публікацый.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Гэтым разам мы амаль не пабачылі істотнай розніцы паміж прыватнікамі і дзяржаўнікамі. Спрэс падабенства. У памкненнях, напрыклад, да таго, каб сабраць вакол сябе людзей і аб’яднаць іх гукамі, словамі ды выявамі… Калі і ёсць розніца, дык яна — у рэчах, на наш погляд, другасных: у структуры, так бы мовіць, адміністрацыйна-геаграфічнага дзялення. Ну няма на тэрыторыі Салдатавых шматлікіх аддзелаў і сектараў, адсутнічае пакутлівы выбар — надаць каму статус юрасобы ці не. Усё астатняе — глыбокае, цікавае і падштурховае да разваг, чаму ў іншых прыватнікаў і дзяржаўнікаў не так.

Фота аўтараў

Працяг матэрыялаў аўтатура журналістаў "К"  па ўстановах культуры Гродзеншчыны чытайце ў наступных нумарах.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"