Акадэмія ў трэндзе

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Што засведчыла выстаўка да 70-годдзя мастацкай ВНУ?
Зрабіць выстаўку цяжка ў двух выпадках — калі экспазіцыйнага матэрыялу не хапае і трэба думаць, чым запоўніць пустэчы, альбо калі яго вельмі багата і шкада нават, што немагчыма усё прадэманстраваць, бо выбіраць у такім выпадку — нібы па жывым рэзаць. Менавіта ў такой сітуацыі, калі багацце матэрыялу — праблема, апынуліся тыя, хто рабіў выстаўку да 70-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у сталічным Палацы мастацтваў. Хоць Палац — адзін з найбуйнейшых выставачных залаў краіны, нават яго двух паверхаў недастаткова, каб разгарнуць прадметны аповед нават пра два факультэты — мастацкі і факультэт дызайна і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, — пра іх здабыткі, што сталі часткай гісторыі нацыянальнага мастацтва, пра сённяшні дзень і перспектывы. Пад дахам згаданых падраздзяленняў сканцэнтравана мноства творча-вытворчых спецыялізацый, кожная з якіх вартая грунтоўнай “персаналіі”.

/i/content/pi/cult/539/11761/7-1.jpgКаб зразумець ролю Акадэміі ў станаўленні і развіцці беларускай культуры, дастаткова ведаць, што праз яе прайшлі, бадай, усе нашы мастакі і дызайнеры, чые творы знаходзяцца ў музейных зборах, праектныя прапановы  — у вытворчасці, а імёны — на слыху. Яны альбо вучыліся, альбо выкладалі ў Акадэміі, альбо і тое, і другое — былі студэнтамі і сталі выкладчыкамі сваёй alma mater. Канешне ж, арганізатарам выстаўкі хацелася паказаць лепшыя вучэбныя і дыпломныя работы, узоры творчасці тых, хто зараз вучыць студэнтаў. Усё гэта — гонар, брэнд і… рэклама. Бо хоць паводле якасці адукацыі і прэстыжнасці дыплома Акадэмія ў Беларусі не мае канкурэнтаў, трэба нагадваць пра гэта пры кожнай магчымасці. І кіраўніцтва сферы тады будзе ведаць, куды скіроўваць бюджэтныя грошы (бо фінансавае і тэхнічнае забяспячэнне навучальнага працэсу ў БДАМ — гэта ўнёсак у будучыню), і абітурыенты, якія імкнуцца стаць студэнтамі, пачнуць цікавіцца Акадэміяй, а не іншай ВНУ творчага профілю. Мабыць, таму ў экспазіцыі прадстаўлена не рэтраспектыва легендарных імёнаў за некалькі дзесяцігоддзяў, такіх як колішнія выкладчыкі Гаўрыла Вашчанка, Арлен Кашкурэвіч, Аляксандр Кішчанка, Май Данцыг, Анатоль Анікейчык, а ў асноўным студэнцкія работы апошніх гадоў і творы сённяшніх выкладчыкаў. Акадэмія не жыве мінулымі поспехамі, а скіравана ў будучыню  — так трэба разумець канцэпцыю выстаўкі.

Але сумясціць студэнцкія практыкаваннні (хай нават вельмі удалыя) і творчасць мэтраў у адной прасторы так, каб адна катэгорыя другой не замінала, даволі праблематычна. Бо, як слушна неяк выказаўся скульптар Анатоль Арцімовіч, у навучанні мусіць дзейнічаць “флоцкі” закон: экіпаж карабля — адна сям’я, але паміж афіцэрамі і матросамі — сацыяльная прорва. Так што пэўная кампраміснасць была закладзена ў канцэпцыю выстаўкі.

Асабіста мне найбольш цікавай падалася творчая справаздача выкладчыкаў, бо вучаць студэнтаў у Акадэміі такія майстры, як Уладзімір Тоўсцік, Уладзімір Зінкевіч, Аляксандр Фінскі, Уладзімір Слабодчыкаў, Павел Татарнікаў, Анатоль Арцімовіч, Валерый Славук, Аляксандр Прохараў, Уладзімір Ганчарук… У экспазіцыі прадстаўлены іх творы станковага, выставачнага фармату і фотаздымкі манументальных аб’ектаў. Частку з іх мне ўжо давялося бачыць на персанальных выстаўках альбо ў кантэксце рэспубліканскіх экспазіцый, але сабраныя разам з нагоды юбілею ВНУ, яны ўспрымаюцца станоўчай крытычнай масай, якая вызначае стан выяўленчай культуры і напрамак яе развіцця ў нашай краіне. Гэта сведчыць аб тым, што ў беларускай Акадэміі трываецца рэалістычная школа, студэнтам ёсць на каго раўняцца.

Тым больш, паколькі студэнт, нават пры наяўнасці вялікага таленту, яшчэ не лічыцца прафесіяналам, арыентацыя на стыль настаўніка для яго — справа цалкам натуральная. Гадавацца на добрых узорах не забараняецца. І нават вітаецца. Па стылістыцы курсавых і дыпломных работ, што прадстаўлены ў рамках выстаўкі, адчуваецца, які выкладчык вучыў жывапісу студэнтаў. У скульптуры і графіцы сувязь “настаўнік — вучань”, як мне падаецца, не такая відавочная. Справа ў тым, што жывапіс не зведаў тых тэхналагічных рэвалюцый, як пластыка і графіка. Што сто гадоў таму, што сёння ў жывапісца ёсць толькі палатно, фарба на палітры і пэндзаль. Ды і крытэрыі майстэрства, прафесіяналізму ў жывапісе стагоддзямі застаюцца нязменнымі. Аўтарытэт настаўніка па вызначэнні будзе вышэй там, дзе ў пашане традыцыя. Гэта мы і бачым на жывапісным аддзяленні Акадэміі.

Іншая сітуацыя на кафедры скульптуры. Сёння яна, найперш — манументальная, паступова, але няўхільна пасоўваецца ў бок дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і малых архітэктурных форм, а скарыстанне новых тэхналогій і матэрыялаў набліжаюць яе да дызайну. Гэта адбываецца ў жыцці, а значыць, мусіць трапляць і ў сцены Акадэміі. На графіку ж моцна ўплывае камп’ютар і найноўшыя дасягненні паліграфіі і фотаграфікі. Таму ў скульптуры і графіцы падчас не разумеюць адзін аднаго настаўнік, што атрымаў класічную адукацыю, давярае сваім рукам і правераным часам інструментарыю, у творчасці абапіраючыся на традыцыю, і ягоны вучань, псіхалагічна з’арыентаваны на сённяшнія трэнды і часта некрытычнае ўспрыманне замежнага досведу. Я не сцвярджаю, что такі “канфлікт пакаленняў” прысутнічае ў Акадэміі, але ён ёсць у жыцці, у культурнай рэчаіснасці. А значыць, наўпрост ці ўскосна, мусіць давацца ў знакі ў розных галінах.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва пачыналася ў Акадэміі (тады — Тэатральна-мастацкім інстытуце) з керамікі і ткацтва, інакш кажучы, паўставала на грунце этнаграфіі. Яно і сёння, прыдбаўшы досвед урбанізанай культуры, трымаецца народных каранёў, нацыянальнай традыцыі, хоць сувязь гэтая выяўлена не нащпрост. Сёння ж прыемна бачыць у экспазіцыі высокатэхналагічныя шкло і метал, якія на маёй памяці ніколі не лічыліся айчынным мастацкім брэндам, хоць у Беларусі заўжды былі ў гэтых галінах асобныя выдатныя майстры. На нашых вачах у згаданых кірунках фарміруецца нацыянальная мастацкая школа. Ужо ёсць база і вызначыўся кірунак у “хайтэкаўскую” эстэтыку. Мяркую, нам трэба імкнуцца знайсці сваё месца ў сусветным трэндзе, каб не вынаходзіць ужо вядомае і не капіраваць чужыя ўзоры.

А вось прадметы мэблі і аздобы інтэр’ераў, выкананыя студэнтамі, сведчаць пра грамадскі запыт на эстэтызацыю побыту. Прычым выяўлена сацыяльная патрэба можа быць і ў форме прыватнай замовы, бо ўласныя густы фарміруюцца ў тым ліку і пад уплывам грамадскіх стэрэатыпаў. Быў час, калі мастака пры праектаванні інтэр’ераў і стварэнні мэблі арыентавалі на скарыстанне ўжо наяўных модульных кампанентаў, адпаведных дзяржаўнаму стандарту. Тлумачылася гэта неабходнасцю эканоміць сродкі. Вось і атрымлівалася, што вонкава не надта адрозніваліся вытворчае памяшканне, офіс, бальніца і банкетная зала рэстарана. Сёння чалавек імкнецца падкрэсліць сваю самасць, а калі ёсць магчымасць — і сацыяльны статус, праз унікальнасць інтэр’ераў, у якіх жыве, працуе, адпачывае. А гэта, у сваю чаргу, стварае ўмовы для творчай самарэалізацыі мастакоў і дызайнераў, што шчыруюць у дадзенай галіне.

Тое ж можна сказаць і пра прадстаўленыя тут узоры мадэлявання аддзення. Гэта не шырспажыў, які пачынаўся з рабочай спяцоўкі, але эстэтызаваныя псіхалагічныя патрэбы тых, каму пасуе апранацца “ад куцюр”. Гэта адзенне для эліты альбо для тых, хто адчувае сябе элітай.

Ацэньваць прадстаўлены ў экспазіцыі прамысловы дызайн даволі складана. Задумы цікавыя, якасць выканання праектаў высокая, але… Ва ўмовах, калі кааперацыя беларускіх прадпрыемстваў з вядомымі ў свеце вытворцамі часта азначае зборку на нашых заводах чужых распрацовак, лёс нацыянальных кадраў, дасведчаных адначасова ў мастацтве і ў праектаванні, падаецца няпэўным. Ёсць не малая верагоднасць таго, што запатрабаваныя яны будуць не дома.

Асабіста мяне ўражвае творчы патэнцыял маладых мастакоў тэатра — выхаванцаў нашай Акадэміі. Падумалася, што калі пасля атрымання дыплома ім пашчасціць натрапіць на такіх жа таленавітых рэжысёраў, дык наш тэатр прагучыць і ў рэгіёне, і ў свеце. А можа, мы будзем зайздросціць якому замежнаму тэатру, чытаючы на яго афішах у графе “мастак-пастаноўшчык” прозвішчы выпускнікоў БДАМ…

На заканчэнне скажу, што сустрэў на выстаўцы я знаёмага мастака, падзяліўся з ім развагамі пра творы экспазіцыі і аўтараў пабачаных карцін, скульптур, графічных аркушаў. Мой суразмоўца вучыўся ў Тэатральна-мастацкім у другой палове 1980-х у славутага Гаўрылы Вашчанкі, ягоны дыплом меў шырокі розгалас у прафесійным і каляпрафесійным асяродках. Размаітыя варункі не аднойчы вымушалі яго змяніць альбо прафесію, альбо краіну жыхарства. Тым не менш, ён па-ранейшаму мастак, па-ранейшаму беларус. І збіраецца і надалей быць такім, які ёсць.

“Як добра, — сказаў ён, — што мы сустрэліся на гэтай выстаўцы, што нам звыкла сустракацца ў Палацы мастацтва, Нацыянальным мастацкім музеі і іншых падобных месцах”. Далей ён з задавальненнем адзначыў, што ў нас па-ранейшаму ёсць станковая карціна, а ў карціне — псіхалагізм. Ухваліў якасць скульптурнай лепкі, прафесіяналізм маладых скульптараў. Асобна згадаў прадстаўленыя ў экспазіцыі фотаздымкі помнікаў, зробленых выкладчыкамі Акадэміі: “У дзевяностыя, — сказаў ён, — мы марылі, што дзяржава будзе шанаваць нацыянальную гісторыю. І сёння гэта ёсць. Можа, манументальная візуалізацыя нацыянальнай ідэі адбываецца не ў тым аб’ёме, як хацелася б, але тэндэнцыя — відавочная”.

Пасля той гаворкі і мне падумалася, што пры ўсіх праблемах, якія мае наша Акадэмія, у работах студэнтаў і творах выкладчыкаў адлюстравана рэчаіснасць сувярэннай дзяржавы. Акадэмія — у трэндзе і ў значнай ступені сама гэты трэнд стварае.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"