Дзеці, куды вас падзеці?

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Як займець пракат удалых дзіцячых спектакляў?
Дзіцячая тэатральная творчасць — школьная, часам з прыцэлам на будучую прафесійную, ці проста аматарская, без аніякіх “далёкіх мэт”, — тэма заўсёды актуальная. І асабліва — у Год моладзі. Тым больш, што цяперашні навучальны год пакінуў адразу некалькі падрыхтаваных дзецьмі (на чале з дарослымі, вядома) спектакляў, якія можна абмяркоўваць і ацэньваць па самым высокім мастацкім рахунку, пакідаючы месца для адкрытых разваг і дыскусій: маўляў, а што далей?

/i/content/pi/cult/539/11754/7-1.jpg“Героямі” публікацыі сталі тры спектаклі, горача падтрыманыя крытыкамі і знаўцамі: двухактовы балет “Дзюймовачка” Балетнай школы Марыны Вежнавец, “Аліса ў Залюстроўі” тэатральнага аддзялення Дзіцячай харэаграфічнай школы мастацтваў № 2 г.Мінска (Гран-пры Трэцяга Мінскага міжнароднага дзіцячага тэатральнага форуму “Крокі”) і “Гісторыя Мушкі-зелянушкі і Камарыка-насатага тварыка” Узорнага тэатра-студыі “Трыумф” Барысаўскага палаца культуры (Гран-пры Х Адкрытага абласнога фестывалю дзіцячай тэатральнай творчасці “Чароўны куфэрак”).

Ва ўсіх гэтых праектаў адна праблема — далейшае жыццё ўдалых пастановак. Кожны калектыў вырашае яе па-свойму.

Адметнасць “Дзюймовачкі” — найперш, у арыгінальнай, замоўленай знанаму кампазітару музыцы, у прафесійна выкананых сцэнічных строях і сцэнаграфіі, а праз усё гэта — у далучэнні дзяцей, нават зусім маленькіх, да балетнай класікі, папулярнасць якой сярод моладзі цяпер значна ніжэйшая за іншыя танцавальныя кірункі. Гэтаму спектаклю пашанцавала больш, чым іншым. Пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны ён прайшоў ажно пяць разоў, прычым усе паказы былі разлічаны на самую шырокую публіку: два — на сцэне Палаца чыгуначнікаў, тры — у Палацы прафсаюзаў. Раней па тым жа прынцыпе Балетная школа Марыны Вежнавец паказвала пастаўленую на дзяцей-выканаўцаў “Спячую прыгажуню” (часам далучаючы да спектакля гала-канцэрт балетных зорак): зала бярэцца ў арэнду, прадаюцца білеты. Паводле планаў, да гэтых дзвюх казак у будучым павінен далучыцца дзіцячы “Шчаўкунок”.

“Аліса ў Залюстроўі” — абсалютна іншая. Гэта цалкам гатовы фестывальны спектакль. А гэтым азначэннем, як няцяжка здагадацца, пазначаюцца ў нас творчыя эксперыменты, зварот да сучасных тэхнік і стыляў. Спектакль вырашаны як тэатр абсурду. Галоўнае ў ім — зусім не фарбы (ён вытрыманы ў строга графічнай чорна-белай гаме з нечаканымі каляровымі дадаткамі, пачынаючы з чырвонага), а пастаянныя ператварэнні, тэатральная гульня, якая вядзе да глыбокіх філасофскіх абагульненняў.

Яго таксама паказвалі пяць разоў. З іх два — на фестывалях у Мінску і Любані. Астатняе — "закрытыя" паказы на рэпетыцыйнай сцэне (калі можна так назваць закуліссе Новага драматычнага тэатра) і на семінары Міністэрства адукацыі для выкладчыкаў і кіраўнікоў дзіцячых тэатральных студый і гурткоў.

“Мушка-зелянушка…” — найцікавая адаптацыя вершаванай казкі Максіма Багдановіча не толькі для тэатра, прычым без звыклай дэкламацыі тэксту, але і для падлеткаў і моладзі. Гэты спектакль, з аднаго боку, пластычны, што ўжо само па сабе выклікае цікавасць. З другога ж — цалкам “павучальны”, ды без аніякіх “натацый”: асновы сямейнага жыцця выкладаюцца ў ім весела, з гумарам, вельмі дасціпна, на зразумелай падлеткам мове.

Гэты спектакль тры разы паказалі дома, на малой сцэне Барысаўскага палаца культуры, пад дахам якога існуе тэатр-студыя “Трыумф” (з іх адзін раз — у праграме гарадскога фестываля “Тэатральны марафон”), і на фестывалі ў Любані. Паводле папярэдняга раскладу, можна будзе ўбачыць яго і ў Мінску — у канцы лістапада, на Міжнародным фестывалі студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар”.

Здавалася б, ніякай праблемы няма: спектаклі ўсё ж даходзяць да гледача. Але ж...

“Дзюймовачка”

Салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Марына Вежнавец, адкрыўшы сваю прыватную школу, адразу пачала клапаціцца не толькі пра самі заняткі харэаграфічнай класікай, але і пра рэалізацыю іх вынікаў на сцэнічных пляцоўках. Навучэнцы ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах па-за межамі Беларусі, становяцца там пераможцамі. Але выйсці на вялікую сцэну могуць не толькі лепшыя з лепшых, а і пачаткоўцы. Бо спектаклі, што кіраўнік ставіць яшчэ і як балетмайстар, заўсёды масавыя і рэалізуюць магчымасці вучняў рознага ўзроўню падрыхтоўкі. Усё гэта яшчэ больш папулярызуе класічную харэаграфію, зацікаўлівае ў ёй дзяцей.

Каб з’явілася “Дзюймовачка”, Марына Вежнавец звярнулася да кампазітара Алега Хадоскі, які гадоў 25 таму стварыў дзіцячы балет “Залаты ключык”, нідзе дагэтуль не пастаўлены. Музыка тая была запісана на Беларускім радыё, увайшла ў яго фонды, але так і заставалася толькі гэткай “аўдыяверсіяй” балета. Харэограф адабрала нумары, якія маглі б пасаваць да новай казкі. Астатнюю музыку — замовіла кампазітару. У выніку атрымалася новая высокапрафесійная партытура паўнавартаснага двухактовага балета, разлічаная на вялікі сімфанічны аркестр. Кампазітар настолькі адказна падышоў да справы, што нават перарабіў многія гатовыя фрагменты, больш шчыльна прыстасаваўшы іх да новага лібрэта. Праўда, не меў магчымасці зрабіць якасны аркестравы запіс, таму частка музыкі была агучана ў камп’ютарным варыянце, дзе імітаваліся інструментальныя тэмбры. Але ўсё роўна было чуваць усю прыгажосць партытуры, багатай на яркую каларыстыку і запамінальныя (пры гэтым зусім не прымітыўныя, як часта пішуць для дзяцей) мелодыі, з адбудаванай музычнай драматургіяй.

Мастаком быў запрошаны Ілья Падкапаеў, на той час яшчэ студэнт Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Паверыць у тое, што гэта ўсяго толькі “студэнцкая” праца, даволі цяжка. Усё зроблена надзвычай прафесійна, з вялікай выдумкай, неабмежаванай творчай фантазіяй, цудоўным разуменнем псіхалогіі маленькіх гледачоў і такіх жа маленькіх артыстаў (бо апошнім павінна быць зручна танцаваць ў сцэнічных строях). Дададзім, што ў мастака, у адрозненне ад звыклай тэатральнай практыкі, амаль не было памагатых: усе заднікі ён распісваў сам. Застаецца толькі шкадаваць, што гэткія тэатральныя схільнасці маладога творцы пакуль не заўважаны нашымі прафесійнымі і найперш харэаграфічнымі калектывамі, пачынаючы з балетнай трупы Вялікага тэатра. Бо работы маглі б скласці добрую канкурэнцыю іншым творцам.

Што ж тычыцца ўласна харэаграфіі, дык Марына Вежнавец, адпаведна з задачамі і кірункам сваёй школы, узяла курс выключна на балетную класіку. Але гэта не заўсёды спалучаецца з абліччамі саміх казачных персанажаў, дзе да некаторых так і хочацца дадаць крыху брэйку ці хаця б стылістыкі характарных танцаў. Тым не менш, відавочна, што дзеці навучаны не проста добра, а выдатна. Харэограф разумее, што падуладна дзецям у такім узросце, а што не. Таму нідзе не ўзнікае глядацкай няёмкасці за “парадыйнае” выкананне балетных па, як гэта часта бывае пры аматарскай інтэрпрытацыі выкананні класікі. Задзейнічаны — усе. А некаторыя выконваюць не па адной, а па некалькі розных роляў, што прывучае дзяцей да хуткага пераўвасаблення.

Ды ўсё ж гэты балет так і просіцца на прафесійную сцэну. Ёсць цалкам гатовая партытура, мастацкае афармленне (ці, улічваючы куды большыя магчымасці тэатраў, самі мастацкія ідэі сцэнаграфіі і касцюмаў). Лібрэта заўсёды можна крыху перайначыць, а можа і дапрацаваць. У тэатраў існуе попыт на падобны рэпертуар: дзіцячых спектакляў, а тым больш харэаграфічных, катастрафічна не хапае, новыя ды новыя пакаленні дзяцей выхоўваюцца ўсё на тых жа балетах, якія глядзелі іх бацькі і бабулі-дзядулі.

Што ў Залюстроўі?

Рэжысёры і педагогі Віргінія Тарнаўскайтэ і Аляксандра Некрыш, працуючы з дзецьмі, заўсёды здзіўляюць і выбарам рэпертуару, і нечаканасцю яго прачытання, і разнастайнымі пастаноўчымі ідэямі, што тычацца не толькі ўласна рэжысуры, але і мастацкага афармлення. Немагчыма паверыць, што ў “Алісе…” усё зроблена ўласнымі рукамі выкладчыкаў Школы мастацтваў, вучняў і іх бацькоў. Вялізнае шахматнае поле — з чорных і белых тканін, спляценне якіх становіцца чымсьці накшталт дзіўнага абрадавага дзеяння. Сцябліны ружы і лілій — з пластмасавых “вясёлак”-спружынак, што былі гульнёвым хітом у 1990-я. Грыва Льва — з веніка. Рог Адзінарога — з кухоннай лейкі. Рыцарскае абмандзіраванне — з бліскучых металічных тарак-талерак-бляшанак ды іншых гаспадарчых прылад. Цікава, што такое рашэнне не глядзіцца “скідкай на беднасць” — наадварот, становіцца заканамерным зваротам да мінімалізму, багатага на асацыяцыі і перакруты, як у сапраўдным Залюстроўі. Дзеці граюць настолькі натуральна, размоўна і пластычна дасканала, што пры ўсіх тэатральных умоўнасцях пачынаеш успрымаць відовішча “гнуткай” сюррэальнасцю.

— Мы гатовы паказваць пастаноўку і далей, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДМШМ № 2 Людміла Семіжон. — Касцюмы не раздаем, пачнем з “Алісы…” новы сезон. Ёсць прапановы ад школ. Думаем, што за лета неяк вырашым пытанне з пляцоўкай. Нам не патрэбна вялікая сцэна Новага драматычнага тэатра, у адным будынку з якім мы змяшчаемся. Нам хопіць таго кавалка закулісся, дзе спектакль ставіўся і дзе ён паказваўся. Засталося дамовіцца з кіраўніцтвам згаданага тэатра, каб нам давалі такую магчымасць хаця б па панядзелках, калі ў тэатры выхадны.

Сродак ад скрухі

Ці проста змусіць падлеткаў іграць у тэатры мух, камароў, сабак ды іншых казурак, жывёл? Гэткі “ТЮГ”авы варыянт у такім узросце не праходзіць, у лепшым выпадку вам кінуць агідліва: “Мы ўжо не дзеці!”. А вось у барысаўскім тэатры-студыі “Трыумф” што ні спектакль (да цяперашняй “Мушкі-зелянушкі…” дададзім “Райскае жыццё”, што было пастаўлена ранейшым кіраўніком і атрымала ўжо некалькі Гран-пры) — скрозь менавіта такія героі. І трэба бачыць, як задаволены пры гэтым юнакі і дзяўчаты. Бо іграюць не казачных “сюсі-пусі”, а саміх сябе — дакладней, “гуляюцца” з набалелымі праблемамі, бы з мячыкам, задаючы вострыя для свайго ўзросту пытанні і адказваючы на іх.

Ад Багдановіча засталося хіба некалькі радкоў, якімі таксама “гуляюцца”, бы ў рэха. Адштурхнуўшыся ад беларускіх “Таўкачыкаў” (у тым ліку, ад той версіі, што была ўвасоблена на кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, з ідэяй дадаць у танцавальны “сюжэт” пеўніка), малады рэжысёр і кіраўнік “Трыумфа” Аляксей Дзямідчык спраўна тчэ амаль гадзіннае палотнішча, дзе праз пластыку, на беларускай нацыянальнай аснове, з гумарам, іроніяй (а часам і пранізліва, да трагедыйнага напалу) пераказваецца гісторыя магчымага, ды не спраўджанага сямейнага шчасця.

— У Барысаве мы паказвалі гэты спектакль у Малой зале Гарадскога палаца культуры імя Максіма Горкага. Яна разлічана на 180 месцаў, а больш у нашым горадзе мы і не збяром. Прэм’ера ішла па білетах, другі паказ быў мэтавы, для школ. У невялікіх гарадах колькасць гледачоў абмежаваная, а выехаць кудысьці з пастаноўкай — фінансава немагчыма. Адзіны варыянт — калі запрашаюць у фестывальную праграму.

Гэта праблема хвалюе не толькі тэатр-студыю “Трыумф”, яна тычыцца практычна ўсіх падобных калектываў. Можа, у кагосьці з чытачоў ёсць напрацаваныя выйсце? Падзяліцеся імі на старонках “К” ці праз сацыяльныя сеткі.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"