Славянскія сустрэчы

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Будучы ў Мінску, завітала ў Беларускую дзяржаўную філармонію. Афіша заклікала ў Малую залу імя Р.Шырмы на канцэрт “Славянскія мініяцюры”. Заінтрыгавала і тое, што, сярод іншых твораў, павінны былі гучаць кампазіцыі невядомых мне, прафесійнай маскоўскай віяланчэлістцы, аўтараў.

 /i/content/pi/cult/153/1175/Slav-sustrechy.jpg
У Расіі часцей выконваецца музыка такіх вашых творцаў, як Анатоль Багатыроў, Леў Абеліёвіч, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў, Эдзі Тырманд. Таму надзвычай цікава было пазнаёміцца з п’есамі іх папярэднікаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў: Карла і Міхала Ельскіх (бацькі і сына), Яна Тарасевіча. Гэта ж імёны, абсалютна невядомыя нашаму пакаленню! Як цудоўна, што вы адраджаеце сваю музыку дарэвалюцыйнай эпохі, незаслужана забытую, незапатрабаваную ў савецкія дзесяцігоддзі. Выдатна, што вы даносіце да слухача, асабліва маладога, гэтую непарыўную повязь часоў, выхоўваеце павагу да нацыянальнай спадчыны.

Гучалі ў той вечар і творы чэшскіх кампазітараў — А.Дворжака, Й.Сука, якія выконваюцца дастаткова рэдка. Але ж адкрыццём стала не толькі музыка. Увагу прыцягнулі самі выканаўцы: старшы выкладчык кафедры камернага ансамбля Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ірына Неўская (фартэпіяна), салістка Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Людміла Каліноўская (скрыпка) і лаўрэат міжнародных конкурсаў, магістрант вашай Акадэміі музыкі Канстанцін Зяленін (віяланчэль). Іх трэба адзначыць за пошукі новага рэпертуару, за стварэнне адметнай праграмы, дзе сольныя творы для скрыпкі і віяланчэлі спалучаліся з кампазіцыямі для фартэпіяннага трыо.

Для такога складу — скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна — у П.Чайкоўскага, да прыкладу, ёсць толькі адзін твор. Гэта знакамітае трыо “Памяці вялікага артыста”, напісанае пасля смерці заснавальніка Маскоўскай кансерваторыі Мікалая Рубінштэйна. У канцэрце ж, які я наведала, прагучаў цыкл П.Чайкоўскага “Поры года”, у арыгінале прызначаны, як вядома, для фартэпіяна. Выканаўцы звярнуліся да пералажэння, зробленага ў свой час А.Гедыке — расійскім кампазітарам, піяністам, арганістам, знаўцам камернай музыкі. Безумоўна, пры гэтым крыху змяніліся сэнсавыя адценні: твор страціў інтымнасць гучання, затое набыў новыя тэмбравыя фарбы, якія могуць даць толькі струнныя інструменты.

Ад канцэрта засталіся самыя добрыя ўражанні. Хацелася б пажадаць музыкантам яшчэ больш пранікнёнай рамансава-сентыментальнай перадачы настрою, каб выканальніцкая манера ансамбля не схілялася да некаторага акадэмізму, а подых смычка, асабліва ў скрыпкі, быў больш вольным і нязмушаным. Ну, а творы, што прагучалі, спадзяюся, змогуць папоўніць канцэртны і педагагічны рэпертуар не толькі беларускіх, але і расійскіх музыкантаў, прапагандыстаў камернага музіцыравання.


Людміла ЗІМОВІНА,
дацэнт кафедры камернага ансамбля Дзяржаўнага
музычна-педагагічнага інстытута імя М.Іпалітава-Іванава
Масква
На здымку: Людміла Каліноўская, Ірына Неўская,
Канстанцін Зяленін пасля канцэрта.