Шкада кніг у прынцыпе

№ 26 (1204) 27.06.2015 - 03.07.2015 г

Наведаў свайго сябра, які жыве ў мястэчку (урэшце, сітуацыя тычыцца не выключна гэтай умоўнай кропкі N. на карце рэспублікі). Спытаўся пра культурную сітуацыю там. Аказалася, што зачынілі дзіцячую бібліятэку. “Але гэта і слушна: у яе зайсці было страшна з дзіцём — у такой струхлелай драўлянай хатцы ўстанова месцілася…” — адразу зазначыў мой сябар. “А кнігі?” — пытаюся я. І атрымліваю адказ, які прымушае мяне, прынамсі, задумацца. Урэшце, у ім нічога асаблівага для бібліятэкараў нашай краіны, што працуюць не першы год ва ўмовах аптымізацыі.

/i/content/pi/cult/539/11747/2-6.jpgДык вось, дзіцячую бібліятэку зачыняюць. Кнігі перапраўляюць у публічную, галаўную ўстанову, дзе яны займаюць значную частку вольнай прасторы. Супрацоўнікі даволі аператыўна робяць выбарку выданняў, патрэбных ім, не вельмі патрэбных і зусім не патрэбных, спісваючы асобнікі, што з тых ці іншых прычын трапілі ў апошнюю катэгорыю, і выстаўляючы іх на спецыяльныя палічкі пры ўваходзе. Маўляў, забірай хто хоча. Скажам, цягам месяца ці да канца квартала. Астачу — у макулатуру. Неяк жахліва мне ад такіх выпадкаў прафесійнага халаднакроўя…

Так, асабліва ніхто і не хацеў займець старыя кнігі з тых палічак. Мой сябра ды яшчэ пару чалавек сёе-тое забралі. Засталося яшчэ багата. “І неблагія кнігі! Але ў мяне пэўныя з іх ёсць у тых самых ці іншых выданнях, а некаторыя трэба надта ж “рэстаўраваць” — настолькі яны фізічна састарэлі. Ёсць і тыя, што састарэлі маральна... Але вось чаго шкада, дык гэты дзіцячых кніг. Такія цяпер не друкуюцца”, — кажа сябар, дарэчы, не з самых першых аматараў літаратуры. І, зразумела, хапае на тых паліцах пры ўваходзе ва ўстанову беларускай літаратуры.

А мне ў такіх сітуацыях заўжды шкада кніг у прынцыпе. Магчыма, з-за таго, што пад час вучобы ва ўніверсітэце я ці не кожны дзень ганяў па букіністычных кнігарнях і набываў вось такія тамы і томікі, якія цяпер аказаліся “не вельмі патрэбнымі і зусім не патрэбнымі”. Вышукваў па кнігарнях, у букіністаў на выстаўках, здабываў часам па спекуляцыйным кошце (адносна беларускамоўнага “рэпертуару” такое вызначэнне ў букіністычным асяродку абсалютна слушнае: дзяруць утрая!). І да прыстойнага набору кніг у бацькоў дадаў свае дзве шафы — збольшага айчыннай літаратуры. Яшчэ неяк том Янкі Купалы на рускай мове выратаваў літаральна са сметніцы, а ля пад’езда знайшоў два пакеты кніг і альбомаў па архітэктуры. Таксама забраў. Дый ці мала такіх выпадкаў надаралася, урэшце…

Мо з прычыны майго асабістага кнігазбіральніцтва сітуацыя з масавымі спісаннямі мне не бачыцца абсалютна працоўным момантам, так бы мовіць. Неяк журналісты “К” прапаноўвалі адкрываць пры раённых бібліятэках букіністычныя шапікі. Ды нашы эксперты з ліку прафесіяналаў сферы не пагадзіліся. Толькі не памятаю, з якой нагоды: ці то шмат працы з паперамі па афармленні гандлёвага аб’екта, ці то рук бракавала для такой дзейнасці. Карацей, нічога новага. Ды ўсё ж варта пашукаць яшчэ нейкія шляхі: можна гатовую інтэрнэт-краму прыдбаць, дзе бібліятэкі маглі б зарабляць, прадаючы букіністыку — не заломваючы, але і не заніжаючы кошту ды разам з тым выконваючы планы пазабюджэтнай дзейнасці?

Паверце, некаторыя нават тыражныя выданні сёння на мінскіх кірмашах прадаюць зусім не па сабекошце ды не робяць скідак з улікам зношанасці кнігі. Скажам, выданне з беларускімі казкамі, але з ілюстрацыямі Міколы Селешчука аўтаматычна набліжаецца па цане да новай кнігі з тымі ж народнымі казкамі. А ці варта казаць, што асобнік з аўтографам, скажам, класіка беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя (у залежнасці ад калібру і сённяшняй запатрабаванасці класіка) будзе каштаваць у разы больш, чым без яго. А ў бібліятэцы таго мястэчка пад спісанне трапілі і кніжкі з аўтографамі, і добра ілюстраваныя асобнікі. Цікава, чаму яны пайшлі не ў музей, бо, прынамсі, у гонар аднаго з аўтараў рукапіснага зычэння, што апынулася ў спісе на макулатуру, ён існуе. Дарэчы, магла б быць акцыя: і музею добры дадатак да калекцыі, і бібліятэка паказала б сябе высакародна ў стаўленні да памяці класіка.

Што яшчэ рыхтуецца ў мястэчку “з плеч ды ў печ” (прынамсі, так мне бачыцца сціслае апісанне самой сітуацыі)? Наборы рэпрадукцый класікаў сусветнага жывапісу, сёе-тое з раманістыкі, хапае і паэзіі… А можа, рацыя якраз за бібліятэкарамі? Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі сказаў нядаўна ў інтэрв’ю “К”: “Калі мы аптымізуем фонды, дык бібліятэкарам будзе працаваць значна лягчэй. Нават расстаноўка адной тысячы экзэмпляраў кніг — зусім не тое, што расстаноўка 10 тысяч. Аптымізацыя фондаў — вялікая эканомія часу, фінансавых сродкаў ды высілкаў бібліятэкараў…

” Згодзен цалкам! Ды не ўсё, думаецца, калі ўжо справа прыйшла да такіх мер, варта прычэсваць пад адзін грабянец, толькі таму, што трэба спісаць!

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах