Талент шчодрай душы

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Так называлася выстаўка ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, прымеркаваная да 75-годдзя таленавітай мастачкі з народу Лідзіі Дзедушкевіч.

 /i/content/pi/cult/153/1174/Talent.jpg
Яе творчасць адносіцца да інсітнага накірунку ў народным мастацтве — яго загадкавай, чароўнай духоўнай субстанцыі. Цікава, што па-сур’ёзнаму маляваць Лідзія Дзедушкевіч пачала ў 70 гадоў, а цяпер мае ўжо больш за 100 работ, у якіх адлюстравала сваё ўспрыняцце прыгажосці роднай зямлі.

Нарадзілася Лідзія Дзедушкевіч у вёсцы Цурылавічы на Віцебшчыне. З дзяцінства складала вершы, мела здольнасці да жывапісу. Але цяжкія жыццёвыя абставіны не далі тады раскрыцца яе таленту. У 1945 годзе адзін за адным памерлі бацькі, пакінуўшы сіротамі чацвёра дзяцей, старэйшай з якіх была 12-гадовая Ліда. Ёй давялося ўзяць на сябе і жаночыя, і мужчынскія абавязкі: навучылася пячы хлеб, жаць, запрагаць каня.

Пазней сям’я пераехала на Гродзеншчыну. Ліда пасля школы скончыла Ашмянскае кулінарнае вучылішча. Была ўдзельніцай конкурсу кандытараў, ганаровым членам абласнога журы, вучыла гэтай прафесіі моладзь.

У сталым узросце Лідзія Дзедушкевіч усё ж рэалізавала сваю дзіцячую мару стаць мастачкай. Сярод тэм яе жывапісу — краявіды з архітэктурай, з птушкамі і жывёламі, нацюрморты з кветкамі, інтэрпрэтацыі вядомых літаратурных твораў. Але больш за ўсё любіць яна маляваць залатую восень. Чысцінёй і рамантычнасцю ўспрымання кранаюць жывапісныя кампазіцыі мастачкі “Пачатак восені”, “Раніца”, “Лецішчы” і інш.

Дадамо, што выстаўка, аб якой гаворка, адбылася пры дапамозе Ашмянскага краязнаўчага музея.


Алена ХРАМКОВА
Гродна