Сярэдзіна — залатая

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Аляксандр СІДАРЭНКА, генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск"
Хутка чарговы ліпень збярэ публіку ў горадзе на Заходняй Дзвіне. Здаецца, мы ўжо звыкліся з тым, што “Славянскі базар” страціў традыцыйныя нацыянальныя дні, якія яшчэ колькі гадоў таму праводзіла кожная з трох краін-заснавальніц фэсту. Як новы фармат абжыўся на форуме?

/i/content/pi/cult/538/11734/6-1.jpg— На мой погляд, колішняе рашэнне не звяло ў “мінус” беларускі складнік фестывальнай праграмы. Калі меркаваць па колькасці беларускіх артыстаў, то, у параўнанні з двума апошнімі гадамі, іх стала значна больш. Прынамсі, cёлета як ніколі шырока прадстаўлена ў віцебскім Амфітэатры беларуская эстрада. Шмат моладзі, ёсць і папулярныя артысты, скажам, Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская. У міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні выступіць магіляўчанка Валерыя Грыбусава, у дзіцячым вакальным спаборніцтве будуць зіхацець Стэфанія Сакалова і Элеці.

Асноўныя канцэрты, як і заўсёды, маюць у сваёй палітры прозвішчы выканаўцаў з розных краін, і беларусы, зразумела, не выключэнне. Гледачы пабачаць землякоў на ўрачыстых адкрыцці і закрыцці форуму, ва ўсіх так званых камерцыйных праектах, падчас начных выступленняў. У тым жа маладзёжным канцэрце “Еўропа+ TV” побач з папулярнымі еўрапейскімі выканаўцамі заспяваюць айчынныя 
эстраднікі.

У горадзе адкрыецца выстаўка Аляксандра Усачова, знойдуць сваю публіку “Віцебскі вернісаж” і “Беларускі падворак”. Віцебскі тэатр “Лялька” прапануе свае спектаклі поруч з замежнымі ў “Лялечным квартале”. У “Тэатральных сустрэчах” чакаюць і Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі з “Адвечнай песняй”. Шмат беларусаў будзе на заяўленым упершыню Фэсце вулічнага мастацтва “На сямі вятрах”. У ім прымуць удзел мастакі, музыканты, паэты, тэатральныя трупы. Зараз у дырэкцыі — блізу 250 заявак з Беларусі, Украіны, Расіі,Францыі…

Мы бачылі, што сталы глядач “…Базара” добра знаёмы з творчасцю вядучых калектываў Беларусі, Украіны, Расіі. У арганізатараў нават займелі у нейкім сэнсе вакуум: каго ж прывезці на свята наступным разам? Мяркую, чым большая колькасць падзей у рамках фэсту, тым меншай становіцца пакупніцкая здольнасць. Можна і сорак канцэртаў прывезці на шасцітысячную залу, але ці будзе яна запаўняцца?

Дырэкцыя фестывалю імкнецца, каб той склад артыстаў, што заяўлены ў канцэрце, забяспечыў нам самаакупнасць. Гэта, верагодна, самае асноўнае і самае галоўнае. Сёлета мы разлічваем на тое, каб наблізіцца да паказчыку ў 80% самаакупнасці. Хочацца, да ўсяго, каб пакупніцкая здольнасць адпавядала той праграме, якую мы прапануем. Таму прынцыпова трымаем дэмакратычны кошт на білеты нават на канцэрты папулярных артыстаў. Мяркую, па фармаце і колькасці імпрэз мы знайшлі залатую сярэдзіну. Гэта дазваляе нам падтрымліваць цікавасць у публікі “Славянскага базара…” і запаўняць пляцоўкі.

Зрэшты, у Віцебск едуць па вопыт правядзення маштабных мерапрыемстваў. Так, у межах форуму пройдзе сесія Сусветнай асацыяцыі фестываляў, якая заклікана сабраць арганізатараў з розных краін свету, каб яны падзяліліся сваімі дасягненнямі, у тым ліку, сучаснымі магчымасцямі раскрыцця для публікі вулічнага мастацтва. Сярод выступоўцаў пачуем прадстаўнікоў Казахстана, Латвіі, Македоніі, Францыі.

САФ — арганізацыя маладая, але нам найбольш блізкая. Мы бачым вялізнае памкненне яе членаў працаваць са “Славянскім базарам…”. Гэта — дастаткова моцны падмурак для развіцця. Да ўсяго, з’явяцца магчымасці запрашаць пераможцаў і ўдзельнікаў найбольш тытулаваных сусветных фестываляў. Таму, мяркую, міжнародная канферэнцыя — не штучна прыдуманае мерапрыемства, і я ўпэўнены: канферэнцыя стане штогадовай.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"