"Кранальны" замок на дачы Быкава

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Планавы рамонт як сродак для піяру
Днямі ў беларускім сегменце Інтэрнэту можна было пачытаць вельмі шмат розных матэрыялаў на адну праблемную тэму: закрыццё на рамонт музея-лецішча Васіля Быкава — філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. (Дарэчы, Васілю Быкаву, народнаму пісьменніку Беларусі, учора споўніўся б 91 год.) Фотаздымкі, на якіх быў адлюстраваны замок на музейнай браме, паўтараліся ва ўсіх матэрыялах і выклікалі абурэнне ў чытачоў: як гэта так, зачынілі такі запатрабаваны ў грамадстве музей! Зачынілі той музей — працытую адзін з сайтаў, — “у будаўніцтва якога дзяржава не ўклала ні капейкі — лецішча было падаравана ёй удавой пісьменніка Ірынай Міхайлаўнай Быкавай”.

/i/content/pi/cult/538/11733/3-1.jpgЛецішча — яшчэ не музей

Перад пачаткам матэрыялу варта, думаецца, зрабіць вось якое ўдакладненне: наўрад ці сёння трэба пераконваць каго-небудзь у тым, што лецішча музеем яшчэ не з’яўляецца. Установа культуры — гэта, мякка кажучы, зусім іншы аб’ект, які не толькі мае быць прыстасаваны для наведвання і правядзення разнастайных культурных мерапрыемстваў, але і абавязаны, згодна з нарматыўнымі дакументамі, мець шмат таго, пра што гаспадары любога іншага лецішча хоць пад Мінскам, хоць пад Пінскам, наўрад ці задумваюцца.

Маю на ўвазе і ўсталяванне ў будынку неабходнай сістэмы ацяплення ды электрычнасці, водаправоду, сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, каналізацыі ды шмат чаго яшчэ... Словам, калі лецішча, напрыклад, можа абысціся без ацяплення — бо на тое яно і лецішча! — дык установа культуры — ужо не. Вось таму, як распавяла “К” дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч, яшчэ летась у філіяле музеі-лецішчы Васіля Быкава шчыравалі будаўнікі: быў адрамантаваны дах ды праведзены разнастайныя рэстаўрацыйныя работы ўнутры і звонку будынка. Летась на гэтых работах было асвоена больш за 500 мільёнаў рублёў. Сума, пагадзіцеся, не такая ўжо і малая…

Працяг — запланаваны

Далейшыя работы на аб’екце, як патлумачылі ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь з нагоды грамадскай увагі да аб'екта, былі прыпыненыя ў сувязі з зімовым перыядам, а таксама з-за недастатковага аб’ёму выдаткаваных на І квартал бягучага года фінансавых сродкаў. Тэхналагічны перапынак трываў да 15 чэрвеня 2015 гада, а ўжо цяпер на аб’екце плануецца працягнуць капітальны рамонт. Работы паводле плану павінны завяршыцца ў кастрычніку бягучага года.

Па словах Лідзіі Макарэвіч, сёлета ў музеі-лецішчы Васіля Быкава неабходна ўсталяваць знешні і ўнутраны водаправод і каналізацыю, правесці мантаж пажарных рэзервуараў, замяніць электраправодку… Акрамя таго, трэба ўсталяваць прыборы ўліку электраэнергіі, а таксама пажарную і ахоўную сігналізацыі, правесці добраўпарадкаванне музейнай тэрыторыі…

Як бачна, працы будаўнікам на лета — больш чым дастаткова. Натуральна, пад усе сёлетнія будаўнічыя работы таксама прадугледжана адпаведнае фінансаванне. У Міністэрстве культуры краіны паведамляюць, што сёлета на аб’екце плануецца асвоіць прыкладна 900 мільёнаў рублёў. Пасля завяршэння работ, думаецца, мала ў каго ўзнікне думка пра тое, што дзяржава не клапоціцца пра музей-лецішча Васіля Быкава і не ўкладае ў гэты аб’ект “ні капейкі”…

Дарэчы, па словах Лідзіі Макарэвіч, рамонтныя работы ці хаця б асноўная іх частка могуць скончыцца ўжо да канца лета. Тады ўстанова культуры адчыніць свае дзверы для наведвальнікаў магчыма і на пачатку верасня, а не ў кастрычніку ці лістападзе. Прынамсі, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры вельмі на гэта спадзяецца...

У якасці заключэння

Натуральна, кожны інтэрнэт-сайт прыцягвае ўвагу чытачоў кідкімі загалоўкамі, праблемнымі матэрыяламі, а таксама кранальнымі фотаздымкамі — кшталту таго замка на музейнай браме. Піяр такога кшталту можна назіраць не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце...

Але ж, пагадзіцеся, закрыццё музея на планавы капітальны рамонт наўрад ці павінна мець такі рэзананс, які мела сёлетняе закрыццё на непрацяглы, спадзяюся, тэрмін музея-лецішча Васіля Быкава. Хіба Музею гісторыі літаратуры ці самастойна, ці праз Міністэрства культуры варта было паведаміць пра планавы рамонт, каб пазбегнуць марнай шуміхі і атрымаць выключна станоўчы піяр: лецішча-музей, маўляў, у цэнтры ўвагі дзяржаўных інстытуцый.

Так, зразумела, рэагаванні на праблемныя сітуацыі сапраўды павінны быць. Але шкада, калі інтэрнэт-рэсурсы, што называецца, заплюшчваюць вочы на іншыя злабадзённыя тэмы для музейнай супольнасці, пра якія карэспандэнты “К” пішуць вельмі даўно. Маю на ўвазе і праблему нястачы фондасховішчаў амаль у кожным музеі Беларусі, і адсутнасць належнага фінансавання для закупкі новых музейных экспанатаў, і малую аплату працы айчынных музейшчыкаў і пра многае іншае. Акрамя таго, журналісты інтэрнэт-парталаў у матэрыялах чамусьці амаль не згадваюць пра неабходнасць правядзення капітальнага рамонту, змены экспазіцыі і будаўніцтва новых карпусоў для Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, а таксама пра тое, калі ж будзе адчынены для наведвальнікаў згаданы мною Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, які таксама цяпер знаходзіцца на рамонце.

Між тым, як паведаміла Лідзія Макарэвіч, днямі было прынята рашэнне аб працягу рамонтных работ ва ўстанове культуры: сёлета тут плануецца замяніць сістэму ацяплення, усталяваць сістэму газавага пажаратушэння для фондасховішчаў, адрамантаваць экспазіцыйныя памяшканні, а таксама ўсталяваць сістэмы вентыляцыі і кандыцыянавання. Пасля завяршэння работ музейшычкі змогуць распачаць працу па стварэнні выставак ды асноўнай экспазіцыі. Таму, як зазначыла дырэктар музея, цалкам магчыма, што дзверы для наведвальнікаў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, зможа адчыніць ужо напрыканцы бягучага ці на пачатку наступнага года.

Пра падрабязнасці рамонтных работ і пра планы супрацоўнікаў па экспазіцыйным напаўненні музейнай прасторы “К” напіша ў бліжэйшых нумарах.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"