Абярэг з крынічных глыбінь

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Шмат спецыялістаў з розных куткоў краіны ўзялі ўдзел у семінары-нарадзе ў Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры па падрыхтоўцы да V Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Нагадаю, “берагіня” — не што іншае, як лялька-абярэг, якую некалі сяляне клалі ў калыскі немаўлятам. Удзельнікі фестывалю з аднайменнай назвай — дзеці і моладзь, што спаборнічаюць у авалоданні рознымі відамі народнага мастацтва ў тым выглядзе, у якім яго стварыў народ, без перапрацовак і стылізацый. “Берагіня”, дарэчы, адзіны ў краіне рэспубліканскі фестываль па нематэрыяльнай культурнай спадчыне.

З расповедамі аб яго праграме, змесце і характары выступілі дырэктар фестывалю, начальнік аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама Святлана Беразоўская, мастацкі кіраўнік і рэжысёр фестывалю, старшы навуковы супрацоўнік БелДІПК Мікола Козенка, іншыя спецыялісты лабараторыі традыцыйнага мастацтва.

Абмяркоўваліся як творчыя, так і арганізацыйныя пытанні.

Для тых, хто прывык да фармату мастацкай самадзейнасці, выканаць усе ўмовы гэтага фестывалю, прысвечанага традыцыйнай культуры, досыць складана. Няпросты фестываль “Берагіня” і з улікам таго, што калі на большасці аналагічных мерапрыемстваў праводзіцца конкурс па адным відзе мастацтва, дык на “Берагіні” — па розных. Удзельнікі павінны і пець, і танчыць, і валодаць майстэрствам народных апавядальнікаў — усё гэта павінна быць перанята ад носьбітаў традыцыйнай культуры. Яшчэ трэба быць у самаробным народным касцюме сваёй мясцовасці і валодаць адным ці, лепш, некалькімі відамі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Сёлетні V Рэспубліканскі фестываль “Берагіня” пройдзе з 19 па 22 чэрвеня — напярэдадні Купалля і гэтым разам пры падтрымцы ЮНЕСКО. У рамках фестывалю адбудзецца ІІІ Рэспубліканскі турнір дзіцячых і маладзёжных фальклорных калектываў па спевах, харэаграфіі, інструментальнай музыцы, выкананні народнай прозы, пляценні пояса, разьбе па дрэве, саломкапляценні, падрыхтоўцы выставакпрэзентацый. Пройдуць і V Рэспубліканскі турнір танцавальных пар — выканаўцаў народных побытавых танцаў, ІІ Рэспубліканскі турнір салістаў — выканаўцаў твораў народнай спадчыны.

У красавіку, таксама ў рамках Фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”, адбудзецца чарговая Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыйная культура і дзеці. Праблемы этнавыхавання”. Аб цікавасці да тэмы сведчыць ужо тое, што больш чым 100 жадаючых прыняць удзел у канферэнцыі прыслалі ў БелДІПК свае даклады.


Наталля РУСАК