Вучыцца ў тых, каму давяраеш

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Надзея ГАРКУНОВА, кінарэжысёр
Кожны мае свае каштоўнасці... Яны залежаць ад меры духоўнасці і ўнутранай культуры. Бо колькі мы можам прынесці карысці, столькі ж і шкоды. Усё павінна быць па чалавечым сумленні і на чалавечым сумленні. Але для аднаго той ці іншы ўчынак будзе бачыцца здрадай, а для іншага — нічым асаблівым... На жаль, агульнай меркі няма. Патрэбна быць сумленным перад сабой. Аб’ектыўнасць — справа вельмі складаная, не кожнаму дадзеная: гэта каштоўнасць для выбраных.

/i/content/pi/cult/538/11727/5-3.jpgЯ займаюся культурнай антрапалогіяй і нясу вялікую адказнасць перад тымі, хто давярае мне сябе. Гэта трымае высокі градус унутры. На жаль, цяпер вылазіць шмат бутафорскага. Мастакі грашаць заляцаннем з гледачамі, з заказчыкамі. Мне заўсёды было ад гэтага сумна.

Паняцце сапраўднай інтэлігентнасці скажаецца... Інтэлігентнасць — гэта перш за ўсё сумленнасць, спагадлівасць, суперажыванне, прастата. Мяне так выхоўвалі, прынамсі. У нашай вялікай сям’і заўсёды жылі гэтыя якасці, хоць тое — нялёгка. Інтэлігентнасць вызначаецца не адукацыяй ці сацыяльным статусам, а прыроджанай унутранай культурай. У той самы час я пераканана, што калі чалавек сам захоча сябе змяніць да лепшага, то да гэтага можна прыйсці. Апошняе — значная і цікавая праца над сабой. Можна і трэба вучыцца ў тых, каму давяраеш...

Любога чалавека трэба і можна адчуць. Разуменне такіх рэчаў прыходзіць з вопытам, прычым пражытыя гады не вызначаюць, што чалавек стаў дасведчаным. Калі праявіць шчырую зацікаўленасць да асобы, яна хутчэй раскрыецца. І мудрэйшыя за нас часта бываюць дзеці. Я вельмі давяраю свайму сыну і часта пераконваюся ў тым, што ён ва многіх рэчах больш вопытны і праніклівы за мяне. Гэта прыемна... Таксама патрэбна мець прыроджанае пачуццё: уменне адрозніць фальшыўку ад арыгіналу.

Шкада, калі сутыкаешся з чымсьці несапраўдным... Гэта ў поўнай меры тычыцца і мастацтва... Тады разумееш, што табой не даражылі, выкарыстоўвалі твой давер. Вось тут узнікае абурэнне, нейкае нават расчараванне... Гэта як разлюбіць... Але і названае — таксама вопыт.

Палохае ўсеагульная ўзлаванасць... Але адкуль яна бярэцца? Вядома ж, ад недаадукаванасці, ад духоўнай галечы...

Я не буду адзінай, калі скажу, што сёння наша асяроддзе на кожным кроку насычана дылетанцтвам. Усе імкнуцца скончыць “курсы кройкі і шыцця”, атрымаць “корачку”, не маючы ўсведамлення сутнасці прадмета. Мяне такое стаўленне і палохае, і раздражняе адначасова. Праз тое і характар пачынае псавацца. А сумленнасць перад сабой у выбары прафесіі сапраўды істотная, як і пастаяннае самаадукацыя, сумненне, пошук. Усё гэта — праца над сабой. Дылетант ніколі не скажа, што нешта зрабіў не так: у яго заўсёды ёсць адказы на ўсе пытанні. Прафесіянал жа возьме хвіліну на роздум...

На шчасце, няўдача ў мастацтве не пагражае жыццю чалавека, як у медыцыне. Але мы адказныя перад маральным і духоўным здароўем чалавека. Калі нам прынясуць недавараную бульбу — мы абурымся. А калі недафільм, недапраект, недаспектакль з масай затрачаных сродкаў, мы шукаем словы для самазаспакаення. Маўляў, “сыраваценька” знята, сыграна... Але нічога, ў цэлым жа няблага. І вось тут, на мой погляд, палягае прафесійнае злачынства...

Добры матэрыял часцяком — пад нагамі... А мы сваё не развіваем, скардзячыся, што грошай няма. Але праблема хутчэй не ў адсутнасці сродкаў, а ў іх недасканалым размеркаванні. У выніку мы топчамся на месцы і лаем саміх сябе... Што ў тым прадуктыўнага? Цяпер шмат кажуць аб крызісах, асабліва эканамічных, але куды важнейшы якраз крызіс духоўны... Я не ведаю, што такое крызіс, таму што ніколі сабе гэтага не дазваляла. Бывае, няма настрою, жадання нешта рабіць — тады пераключаешся на іншы жанр, на час пакідаеш сцэнарый, пачынаеш ставіць канцэрты або пісаць інсцэніроўкі. У мяне правіла простае: вочы баяцца — рукі робяць, а галава — вольная для ідэй...

Адзін разумны чалавек нядаўна падзяліўся са мной сваім адчуваннем: “Душэўны крызіс — гэта калі стаіш ля падножжа гары, мозг зносіць ад жаху, а падымаешся і падстаўляеш твар насустрач ветру — і не верыш, што гэта ты пераадолеў... Не гару — сябе!” І я яму, гэтаму чалавеку, давяраю...

Занатавала Кацярына ЛЯВОНАВА