“Падарожжы…” на раздарожжы? А мо ўсё не так трывожна...

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Ці “праўдзівыя” навіны з сацыяльных сетак?
Не сакрэт, што сацыяльныя сеткі сёння з’яўляюцца не толькі сродкам для кантактаў паміж сябрамі, але і тым асяроддзем, з якога можна і трэба чэрпаць самую разнастайную інфармацыю. У тым ліку, і актуальную для журналістаў. Добра гэта ці дрэнна — тэма для іншай, асобнай гутаркі. Сёння ж спынюся на той інфармацыі, якая за мінулы тыдзень абляцела ўвесь Байнэт і пра якую мае фрэнды ў сацыяльных сетках паведамлялі са скрухай ці, дакладней, са скрушаным і засмучаным смайлікам напрыканцы свайго тэксту. І інфармацыя тая так і не пацвердзілася, але і не абверглася ў поўнай меры… Дык з-за чаго сыр-бор?

/i/content/pi/cult/538/11725/4-2.jpgПагроза і ліст

Гаворка — пра магчымасць закрыцця вядомай тэлепраграмы “Падарожжы дылетанта”, якая цягам некалькіх гадоў выходзіць у эфіры аднаго з беларускіх тэлеканалаў… Дык вось, змагацца з гэтай сумнай перспектывай вырашылі з улікам айчыннага заканадаўства. Таму і размясцілі ў некалькіх суполках у розных сацыяльных сетках адпаведны тэкст-заклік да сваіх фрэндаў і чытачоў.

Той заклік пачынаўся проста: “Праграма „Падарожжы дылетанта“ — пад пагрозай закрыцця. У нас маецца шанц адстаяць саму праграму: для гэтага трэба даслаць папяровы ліст на імя гендырэктара канала “СТБ”. Чым больш лістоў — тым больш шанцаў пабачыць новыя выпускі!!!” Далей быў пазначаны адрас тэлекампаніі ды прыкладны тэкст ліста, у якім гаварылася шмат добрых слоў як на адрас праграмы, так і яе вядучага. Напрыканцы прапаноўвалася задаць пытанне пра магчымасць працягу здымак праграмы і пра тое, ці з’явяцца новыя выпускі ў тэлеэфіры…

Што ж, ініцыятыву “ўздыму” сацыяльнай супольнасці, каб адстаяць праграму, можна толькі вітаць: “Падарожжы…” — адна з “разыначак” айчыннага тэлебачання, паколькі яе стваральнікамі знойдзены адметны фармат падачы звестак пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, прыцягальны і запамінальны вобраз для вядучага...

Не ведаю, колькі лістоў атрымаў за гэты тыдзень адрасат гіпатэтычнага ліста, але тое, што ініцыятыва была шчыра падтрымана многімі, прынамсі, — не сумняюся. Дык што ж, вынікае, “Падарожжы…” сапраўды апынуліся на раздарожжы і могуць быць зачыненыя?

Праўда ці мана?

Пакуль што ёсць адказ на тое, што інфармацыя пра закрыццё праграмы наўрад ці можа быць праўдзівай. Прынамсі, ёсць варыянт такога адказу. Як распавёў “К” нязменны вядучы праграмы “Падарожжы дылетанта” Юрый Жыгамонт, ніхто яго праграму закрываць не збіраецца:

— Я наогул не ведаў пра гэтую грамадскую ініцыятыву, — адзначыў у размове з карэспандэнтам “К” спадар Юрый, — і, па шчырасці, яна мяне вельмі здзівіла. Сапраўды, зараз ідуць старыя выпускі, паўторы “Падарожжаў..”, таму цалкам магчыма, што хтосьці і падумаў пра нейкае закрыццё. Але гэта няпраўда.

Як патлумачыў Юрый Жыгамонт, ён не ведае, чаму "СТБ" пакуль што не закупляе новых серый праграмы, і параіў па каментарыі звярнуцца да кіраўніцтва тэлеканала.

— Але праз старонкі газеты “Культура” я хачу выказаць удзячнасць усім тым людзям, якія клапоцяцца пра лёс новых выпускаў праграмы, — адзначыў вядучы “Падарожжаў…”. — Вялікі дзякуй ім за падтрымку і ўвагу! Буду працаваць найдалей ды спадзявацца, што ў хуткім часе новыя выпускі з’явяцца ў эфіры…

Праблемы — няма?

Далейшы лагічны ды натуральны шлях па вырашэнні дадзенай праблемы — зварот да кіраўніцтва “СТБ” за каментарыі. Але, як патлумачыў “К” намеснік генеральнага дырэктара тэлеканала Павел Каранеўскі, усе каментарыі для журналістаў можна пачуць ад прэс-сакратара “СТБ” Ірыны Рамбальскай. Ад сябе ж Павел Каранеўскі зазначыў, што не бачыць ніякіх праблем з “Падарожжамі дылетанта”, і не разумее, чаму ў Інтэрнэце ўзняўся з гэтай нагоды такі розгалас...

Што да прэс-сакратара, ад якой мне вельмі хацелася пачуць адпаведны каментарый, дык, як паведамілі ў прыёмнай тэлеканала “СТБ”, зараз (гутарка адбылася 18 чэрвеня — Ю.Ч.) Ірына Рамбальская знаходзіцца ў водпуску і з’явіцца на працы толькі ў панядзелак… Вось таму і даводзіцца мне — і, натуральна, чытачам “Культуры”, — цяпер толькі гадаць: існуе ўсё ж такі тая агучаная ў сацыяльных сетках пагроза закрыцця “Падарожжаў…” ці ўсё ж гэта праблема не вартая ўвагі?

Пагадзіцеся, усяго толькі адзін каментарый кіраўніцтва “СТБ” мог многае растлумачыць ды паставіць у гэтым пытанні аптымістычную кропку… Што ж, будзем чакаць інфармацыю пра развіццё сітуацыі ды паведамляць чытачам “К” пра навіны з гэтай нагоды…

Калі вярстаўся нумар, у адной з сацыяльных сетак, якая актыўна заклікала звярнуцца са зваротам да кіраўніцтва “СТБ” наконт праграмы “Падарожжы дылетанта”, з’явіўся наступны запіс: “Сябры! Усім ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ за падтрымку! Пакуль даем адбой: пытанне з далейшым выхадам праграмы вырашаецца... Відавочна, “СТБ” не чакала на такую рэакцыю ;)”.

Што ж, будзем і мы, журналісты, спадзявацца, што праблемная сітуацыя з цягам часу сапраўды вырашыцца, і вырашыцца паспяхова — на карысць культурнага вяшчання на айчынным тэлебачанні.

Фота kli4nik.info

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"