Ідэя праекта: “КУТ” можа...

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Сельская бібліятэка аграгарадка “Кальчуны” Ашмянскага раёна завяршыла рэалізацыю праекта “Создание и деятельность клуба старост деревень “КУТ” (Культура управления территорией)”, скіраванага на працу з насельніцтвам у аддаленых населеных пунктах. Хто, як ні стараста вёскі, можа стаць галоўным памочнікам бібліятэкару ў тым, каб жыхары не адчувалі сябе абдзеленымі інфармацыяй, кнігай і зносінамі?

/i/content/pi/cult/538/11723/13-3.jpg

Алена Шкелда і валанцёры праекта.

Сёння ў склад клуба ўваходзяць 11 чалавек. Сярод іх і бібліятэкар Алена Шкелда, актывіст, дэпутат з 30-гадовым стажам, стараста вёскі. Менавіта яе ідэя і стала падставай для з’яўлення такога праекта. “КУТ” адкрыты не толькі для стараст вёсак, але і для ўсіх ахвотных, гатовых займацца праблемнымі пытаннямі ў сваіх населеных пунктах. Дзякуючы клубу старасты вырашаюць пытанні не толькі сацыяльна-бытавога характару, але і спрыяюць інфармаванню насельніцтва, дапамагаюць арганізацыі і правядзенню на месцах культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Акрамя таго, сярод стараст і актывістаў апынулася шмат творчых і цікавых людзей, дзякуючы якім “КУТ” імгненна набыў папулярнасць.

Разам з “КУТом” бібліятэкар арганізавала і правяла мноства цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх — сацыяльна-значныя конкурсы сярод насельніцтва сельскага савета. Так, вынікам конкурсу “Добрая справа” сталі пасаджаны грамадскі яблыневы сад, адрамантаваны мост, пабудаваная дзіцячая пляцоўка. Конкурс “Лепшы гаспадар-2014” паказаў імкненне людзей у аддаленых вёсках добраўпарадкоўваць асабістыя падворкі, падтрымліваць эстэтычны выгляд сваіх дамоў. Не менш значным стаў дзіцячы творчы конкурс “Мой родны кут”. Ён быў самым шматлікім па колькасці ўдзельнікаў. Дзеці ў мастацкай форме перадалі пачуцці да сваёй Малой радзімы.

Самым гучным мерапрыемствам клуба “КУТ” аказаўся фестываль народнай культуры “КУТарскі фэст”, у якім прынялі ўдзел больш за 500 вяскоўцаў сельскага савета. Працавалі народныя ўмельцы, ладзіліся, майстар-класы, выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народнай творчасці, выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці.

Рэгіянальны статус фестывалю дазволіў самарэалізавацца людзям з аддаленых населеных пунктаў.

Дзякуючы праекту павялічылася колькасць наведвальнікаў Кальчунскай бібліятэкі, на базе якой стаў працаваць сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, створаны “КУТом” за праектныя сродкі. Сёння тут можна даведацца пра навіны рэгіёна, пачытаць цікавыя матэрыялы з мясцовага жыцця, памераць ціск, а галоўнае — з карысцю правесці час. Жанчыны асвойваюць ткацкі станок, мужчыны і моладзь гуляюць у тэніс. Пажылыя людзі ў вёсках чакаюць валанцёраў з літаратурай. Старасты з работнікамі культуры арганізоўваюць выязныя канцэрты і відэапраграмы.

Вольга ТАРАШКЕВІЧ, намеснік дырэктара Ашмянскай раённай бібліятэкі