Фестываль для Паставаў — Паставы для фестывалю

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Развагі з нагоды камандзіроўкі на традыцыйнае свята
Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” прайшоў у мінулыя выхадныя ў Паставах. Паспрабуем зірнуць на яго з пункту погляду канцэптуальнага складніку дадзенага фэста ў культурнай прасторы дадзенага раёна. Але пачнём з невялікага гістарычнага адступлення.

/i/content/pi/cult/538/11721/12-2.jpgАдступленне ў тэму

Пра Паставы я ўпершыню пачуў недзе на мяжы 1970 — 1980-х гадоў ад знаёмай, якую накіравалі туды па размеркаванні. Да таго аповеду гэта мястэчка было для мяне проста кропкай на карце. Для карэннай мінчанкі, якая ў сталіцы ж скончыла ВНУ і акрамя Мінска ведала хіба што бацькоўскае лецішча ў прыгарадзе, вандроўка сталася тады сапраўдным шокам. Яна казала, што толькі ў страшным сне можа ўявіць, што ёй давядзецца застацца ў Паставах хоць на адзін дзень пасля абавязковай адпрацоўкі. На маё пытанне, а як там наконт культуры, яна адказала, што Паставы “стаяць на вушах” ад нейкага амерыканскага фільма, які дэманструецца ў мясцовым кінатэатры. Гэта, па яе словах, была не проста падзея нумар адзін, а ўвогуле адзіная культурная падзея ў Паставах за некалькі месяцаў яе знаходжання там.

Што горад утварала?

Як я сёння разумею, насамрэч усё было не так драматычна. Але для мінчаніна, скажам, у згаданы час у Паставах сапраўды было сумнавата. Тут трэба патлумачыць, чаму ў мястэчку, якому шэсць стагоддзяў, не скарыстоўваўся актыўна культурна-гістарычны патэнцыял. Справа ў тым, што “горадаўтваральным” фактарам для Паставаў былі тады не прыродныя ландшафты, гістарычныя каштоўнасці і нават не прамысловасць ды сельская гаспадарка, а ваенныя базы, размешчаныя непадалёк ад гарадка. Нездарма сёння тратуары шэрагу мясцовых вуліц зроблены з таўшчэзных бетоных пліт пакрыцця аэрадромаў, а Дом культуры, дзе традыцыйна адбываецца фестывальны конкурс “Хто каго?”, калісьці належыў вайсковай частцы. “Паселішча пры базе” — гэта такі стан, што дазваляў жыхарам мець гарантаваны і па савецкіх мерках някепскі дабрабыт, а мясцоваму начальству не надта клапаціцца аб заўтрашнім дні і мясцовым патрыятызме як чынніку стабільнага развіцця раёна. У прыватнасці, не дбаць пра тое, як затрымаць у Паставах моладзь, культурна аздобіўшы яе жыццё.

Тое, што мястэчка ў 1990-я пасля сыходу войска са сваіх ваколіц не зведала эканамічнага занепаду — прыклад для іншых нашых паселішч і гарадоў, як трэба жыць у прапанаваных умовах, а не скардзіцца на лёс. Цяпер Паставы маюць сваю дзялянку ў турыстычным бізнесе. У асноўным іх наведваюць расійскія турысты, што адпачываюць на недалёкай адсюль Нарачы. А фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік”, што ўпершыню адбыўся ў Паставах у 1992 годзе (наогул жа фэст існуе з 1987-га), стаў культурным брэндам усяго Паазер’я, усёй Віцебшчыны наогул, не знікшы ў ценю “Славянскага базара…”, што ладзіцца ў абласным цэнтры.

Што важна для Паставаў?

Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў, думаецца, абсалютна слушна звязаў станоўчую дынаміку дэмаграфіі ў Паставах (летась колькасць насельніцтва ў цэнтры раёна перавасягнула адзнаку ў 20 тысяч чалавек), сярод іншага, і з культурным развіццём горада і наваколля, з фестывалем, які зрабіў Паставы прывабнымі.

Дарэчы, спадар Гутараў адзначыў, што хоць фестываль мае агульнабеларускі розгалас і міжнародны статус, гэта найперш — свята для пастаўчан. Я мушу з гэтым пагадзіцца, таму што на ўласныя вочы бачу станоўчыя змены ў абліччы горада ў кожны свой прыезд на фэст. Гэта добраўпарадкаванне вуліц і рамонт грамадскіх будынкаў, з’яўленне ў горадзе новых манументальна-дэкаратыўных кампазіцый — своеасаблівы падарунак ад Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На культуру пачаў працаваць Палац Тызенгаўза: у скляпеннях яго адкрыты філіял мясцовага краязнаўчага музея, на пляцоўцы ж ля галоўнага фасаду традыцыйна ладзяцца канцэрты. Плануецца, што медустанова, што месціцца ў палацы, у хуткім часе адтуль з’едзе канчаткова. Ну а гасцініца ў Паставах не надта камфартабельная... Але і тут стала лепш з часу майго першага прыезду тры гады таму. Гэта матэрыяльны чыннік свята.

Але больш важна тое, што для жыхароў Паставаў і наваколля фестываль — падстава для гонару за свой горад і, адпаведна, магчымасць самасцвярджэння. Ну і што з таго, калі рэжысура свята адна і тая ж год пры годзе з малымі карэктывамі? Пастаўчане чакаюць свята, каб прыгожа апрануцца і выйсці ў людзі, наведаць з дзецьмі канцэрты і кірмашы, на гасцей паглядзець і сябе паказаць. Барабаншчыцы, якіх для ўдзелу ў фестывальных імпрэзах набіраюць з ліку самых прыгожых школьніц, адчуваюць сябе, відаць, галівудскімі зоркамі. Тое ж год пры годзе скажу і пра дзяўчынак, якія ў нацыянальных строях на святочным шэсці нясуць шыльдачкі з назвамі гарадоў, рэгіёнаў і краін. Можа, параўнанне не зусім карэктнае, бо маштабы розныя, але для жыхароў Паставаў іхні фестываль мае значэнне не меншае, чым славуты карнавал для жыхароў Гаваны. А гэта значыць, што ён будзе і налета, нягледзячы на матэрыяльныя цяжкасці і арганізацыйныя праблемы.

Эканоміка і… бізнес

І тут трэба канстатаваць, што агульныя для нашай краіны пытанні, найперш — эканамічныя, Паставы фестывальныя не абмінулі. Сёлета праграма была скарочана. Звычайна госці свята, выступіўшы на галоўнай сцэне фестывалю з адным нумарам, узяўшы ўдзел у конкурсе “Хто каго?”, раз’язджаліся па наваколлі, давалі паўнавартасныя канцэрты ў вясковых дамах культуры. А сёлета такога не назіралася…

Фестываль у Паставах традыцыйна збірае артыстаў Беларусі, Расіі, Украіны і краін Балтыі. Гэта, так бы мовіць, стрыжань. Але ў розныя гады ў ім бралі ўдзел носьбіты народнай культуры з Малдовы, Харватыі, Кітая, Венесуэлы, Польшчы, Грузіі, Казахстана… У мясцовую гасцініцу было не ўплішчыцца! А сёлета я жыў адзін у нумары, разлічаным на трох пастаяльцаў. Па адным у нумары на дваіх жылі і іншыя мае калегі-журналісты. Сціпла было прадстаўлена ў праграме фестывалю замежжа: Расія, Украіна, балтыйскія дзяржавы і адна спявачка з Польшчы (раней прыязджалі гурты). Больш сціпла, у параўнанні з мінулымі гадамі, была абстаўлена сцэна на плошчы перад будынкам райвыканкама. Не было, як у 2013-м, вялікага плазменнага экрана побач са сцэнай.

Відаць, каб аб’ектыўна патлумачыць згаданае вышэй, трэба быць адначасова музыказнаўцам, эканамістам і палітолагам. Прызнаюся, што гэта не мае іпастасі. Але ад некаторых дасведчаных асоб на свяце я чуў асцярожныя выказванні пра наяўнасць у нашым фестывальным руху крызісных з’яў. Пра неабходнасць, так бы мовіць “перазагрузкі” фестывальных праграм, пошуку больш эфектыўных фарматаў. Пры тым, што кожны казаў менавіта пра пастаўскі фестываль як пра нацыянальны здабытак, што абавязкова трэба захаваць.

Не абміну ўвагай і тую акалічнасць, што афіцыйныя дэлегацыі з прыбалтыйскіх гарадоў-пабрацімаў і раёнаў-партнёраў Паставаў у немалой ступені складаліся з прадстаўнікоў бізнесу, якія наўпрост казалі, што хацелі б скарыстаць культурныя кантакты для развіцця дзелавых сувязей, пашырэння гандлю. Можа, праз эканамічныя варункі з блізкімі суседзямі пастаўскі фестываль атрымае дадатковы стымул і, як прынята казаць, другое дыханне?

Уласна кажучы, гэта справа саміх пастаўчан і іх кіраўніцтва. Госці ж на развітанне пажадалі спадару Гутараву ў найбліжэйшым часе мець канцэртную пляцоўку, не горшую за маладзечанскі Амфітэатр. Бо фестываль “Звіняць цымбалы і гармонік” відавочна ўжо не змяшчаецца ў пабудаваны ў 1996 годзе Амфітэатр, што ў Гарадскім парку. Старшыня Пастаўскага райвыканкама паабяцаў пра гэта падумаць…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"