Гадзіна для дублёра

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Паспяховая праца бібліятэкі залежыць ад кваліфікацыі супрацоўнікаў. Яны павінны цудоўна ведаць кніжны фонд, уважліва ставіцца да чытацкіх запытаў. Трэба арыентавацца ў навінках, умець параіць цікавае выданне. Для чытача любога ўзросту бібліятэкар — гід у вандроўцы па кніжнай краіне.

/i/content/pi/cult/538/11720/12-1.jpg

 

Крысціна Змушко дае парады чытачам.

Чытачы, напэўна, у думках уяўлялі сябе ў ролі бібліятэкара. Я вырашыла прапанаваць ім такую магчымасць. Так нарадзілася ідэя правядзення ў бібліятэцы аграгарадка “Асавец” Гадзіны дублёра.

А цяпер крыху паразважаем… Што гэта за гадзіна такая? Гульня? Па ролях, па правілах? А калі без жартаў? Многія падумаюць: “Гэтай гадзіне наканавана быць страчанай для рабочага працэсу. Свавольства дый годзе!” А гэта зусім не так!

Правяла ў сваёй установе Гадзіну дублёра і зразумела, што яна стала не толькі святам, але і практыкаарыентаваным, навучальным мерапрыемствам, якім дзеці вельмі задаволены. А менавіта яны і сталі маімі дублёрамі. Адбылося ўсё пад час вясновых вакацый, але такую акцыю можна прымеркаваць і да Дня бібліятэк. І гэта стане падарункам для бібліятэкара. Ён зможа паглядзець на сваю працу з боку.

Сваім калегам, якія зацікавяцца дадзенай формай працы, хачу даць некалькі парад. Яны дапамогуць арганізаваць якасны і паўнавартасны працэс бібліятэчнай дзейнасці, нягледзячы нават на тое, што бібліятэкарамі стануць школьнікі.

Поспех справы залежыць ад папярэдняй падрыхтоўкі. Усе дзеці, незалежна ад іхняй паспяховасці ў школе, былі праінфарміраваны пра тое, што ў бібліятэцы пройдзе Гадзіна дублёра. І ад ахвотных “пасамакіраваць” адбою не было. Але ў выніку ўсе схіліліся да меркавання, што ролю бібліятэкара паспрабуе выканаць Крысціна Змушко, дзевяцікласніца Асавецкай сельскай школы. І не дзіва. Дзяўчынка з’яўляецца нашым чытачом з першага класа, цікавіцца самай рознай літаратурай, чытае шмат, з лёгкасцю арыентуецца ў фондах, таму праблем з рэкамендацыямі выданняў быць не павінна.

У абавязкі Крысціны ўваходзілі выдача і прыём літаратуры, дапамога чытачам у падборы выданняў, расстаноўка здадзеных кніг у фонд па аддзелах. І за гадзіну яна абслужыла чатырох карыстальнікаў (дзеці да 15 гадоў), выдала 7 кніг і 15 часопісаў, распавяла пра новыя паступленні, параіла пачытаць самыя цікавыя, акуратна запаўняла (пад маім наглядам) чытацкія фармуляры.

А вы ўяўляеце, як цікава было аднакласнікам Крысціны? Ці не ўсе яны прыйшлі тым днём у бібліятэку, каб паназіраць, як сяброўка спраўляецца з новай для сябе іпастассю. І ўсе вярнуліся дахаты з кнігай.

Цяпер плануем правядзенне чарговай Гадзіны дублёра з новымі “галоўнымі героямі”.

Лічу, што дзелавая гульня, да якой смела можна аднесці наш першы досвед дзіцячага самакіравання ў бібліятэцы, мадэлюе жыццёвыя сітуацыі, у якіх дзіця вучыцца паводзіць сябе пэўным чынам, спрабуе свае творчыя сілы, раскрывае патэнцыял. І для кагосьці гэтая гадзіна можа стаць крокам да далейшага выбару прафесіі.

Людміла КРУПА, бібліятэкар 2-й катэгорыі Асавецкай  сельскай бібліятэкі Мазырскага раёна