“Ой, ляцелі гусі”

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

“Ніякія джынсы не заменяць народны строй”, — не часта пачуеш такія словы з вуснаў сучаснай дзяўчынкі-падлетка. Таму і ўразіла мяне гэтай фразай удзельніца дзіцячага гурта “Вянок” Таццяна Стахоўская, калі я знаёмілася з працай Ракаўскага сельскага дома культуры Валожынскага раёна.

 /i/content/pi/cult/153/1172/Oj-gusi.jpg
Другі раз я была ад яе ў захапленні на IV Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў Акцябрскім, дзе Таццяна выступала і ў складзе свайго калектыву, і ў конкурсе салістаў. Памятаю: як заспявала яна разам з кіраўніцай калектыву Лізаветай Пятроўскай “Ой, ляцелі гусі з далёкага краю, ваду замуцілі на сінім Дунаю”, дык у мяне літаральна перахапіла дыханне. А песня, прыгожая і адначасова шчымлівая, ляцела ўдалеч над гарадскім паркам, над Рудабельшчынай. Ці задумваліся вы, дарэчы, чаму ў беларускіх народных песнях так часта ўзгадваецца Дунай? Сучасны ж Дунай не ўяўляецца такім ужо з’яднаным з нашай культурай. Аказваецца, “дунай” — слова, што захавалася са старажытнай арыйскай мовы. Азначае проста раку, вялікую ваду.

Таццяна Стахоўская хораша спявала і абрадавую песню “Юр’еў конь разгуляўся”, надзвычай удала выступіла ў спаборніцтве выканаўцаў народнай прозы. Мастацтва вуснага народнага аповеду мае свае асаблівасці: тут павінны быць і менавіта народная, ды яшчэ, пажадана, рэгіянальная, мясцовая манера расповеду, і экспромт, наогул добра, калі ўдзельнік выступае і як сааўтар твора. Усё гэта яскрава прадэманстравала юная асоба, якую вы бачыце на здымку.

За ўдзел у турніры салістаў на “Берагіні” Таццяну ўзнагародзілі дыпломам І ступені. Паколькі быў яшчэ і Гран-пры, які журы прысудзіла салістцы з Акцябрскага раёна, Таццяна, па сутнасці, стала другой. Гэта таксама быў вельмі добры вынік.

Сёння дзесяцікласніца Таццяна Стахоўская паспявае займацца мастацкай самадзейнасцю ў школе і ў Доме культуры, вучыцца ў музычнай школе. У ДК удзельнічае ў двух мастацкіх калектывах народнага накірунку: дзіцячым — “Вянок” і “дарослым” — “Гасцінец”. Дзяўчына лічыць, што, як у далейшым ні складзецца жыццё, яе захапленне фальклорным мастацтвам — назаўсёды.


Наталля РУСАК
На здымку: Таццяна Стахоўская на
фестывалі “Берагіня”.

Фота Вольгі ЛАБАЧЭЎСКАЙ