Мода на маладых спецыялістаў. Ёсць ці будзе?

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтатур па СДК і не толькі / У пошуках асоб і з’яў пакуль шанцуе
Цягам часу нашы аўтатуры сталі нечым большым за шараговае журналісцкае заданне, якое мы заўжды імкнемся старанна выканаць. Удакладнім у чарговы раз: гэта не праверкі, а шчаслівы пошук выбітных асоб і нестандартных з’яў, што спрыяюць развіццю рэгіянальнай культуры. Не вучым кагосьці, а самі вучымся ў тых, хто не шкадуе сіл для адраджэння духоўнасці. І менавіта гэтая прага шукаць і адшукваць стала не толькі часткай прафесіі, але і часткай жыцця. З такой простай нагоды лічым сябе шчаслівымі. Вось і ў чарговы раз пераканаліся: станоўчага — больш, а рэй у сферы культуры вядуць асобы, і сярод іх — усё больш маладых спецыялістаў…

/i/content/pi/cult/538/11716/10-1.jpg

Як музыку прадаць?

На Гродзеншчыну вырашылі дабірацца праз Дзяржыншчыну. Чаму? Ды з той прычыны, што культура гэтага рэгіёна стала радуе нас стабільнасцю. Калі і ёсць праблемы — яны найчасцей не раённага маштабу. Але аб такіх праблемах — трошкі ніжэй…

Шыбуем па Негарэлым, згадваем, што на гэтай чыгуначнай станцыі спыняліся калісьці цягнікі, якія курсавалі аж да Парыжу. І шыкоўныя дамы, прагульваючыся па пероне, паглядалі з-пад вуалетак на местачковае жыццё… Але хопіць лірыкі, для яе час яшчэ не настаў, тым больш, што пра той міжваенны час згадак у Негарэлым практычна няма. А шкада, бо брэндамі зараз не раскідваюцца... Праз колькі дзясяткаў метраў ад будынка чыгуначнай станцыі бачым адчыненыя дзверы мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў і, натуральна, спыняемся.

Ва ўстанове вядзецца касметычны рамонт. Пафарбаваны вучнёўскія сталы, ацяпляльныя батарэі… Дырэктар Міхаіл Васілеўскі распавядае, што ў ДШМ займаецца 75 дзяцей не толькі з Негарэлага, якое ў 2010 годзе стала аграгарадком, але і з пасёлка Энергетыкаў, навакольных вёсак. План па аказанні платных паслуг складае для школы 55 мільёнаў. Да прыкладу, з красавіка дарослым прапанавана платна навучацца ігры на інструментах і вакалу. Месячная плата складае 290 тысяч рублёў — па 70 тысяч за вучэбную гадзіну. Але ў групе пакуль толькі тры чалавекі. Доказ нескладанай выснове, што патрэбу ў эстэтычным выхаванні адчуваюць сёння далёка не ўсе. Для нарошчвання пазабюджэтнага валу кіраўнік ДШМ мяркуе адкрыць групу ранняга развіцця. З гэтай жа мэтай пастаянна канцэртуе камерны інструментальны ансамбль педагогаў "Гармонія".

Інструментаў бы…

А цяпер — аб праблемах. Галоўная ў тым, прызнаецца Міхаіл Васілеўскі, што не стае якасных музычных інструментаў. Новыя два баяны і тры скрыпкі тут прыдбалі аж у 2012 годзе. Праблема, на наш погляд, — абласная. На Гродзеншчыне, як мы чарговы раз пераканаліся, дадзенае пытанне вырашаецца цэнтралізавана.

І не менш важкі пралік у тым, што ў ДШМ адсутнічае каналізацыя, а прыбіральня — на двары. Пры адсутнасці важкага і рэгулярнага фінансавання праблему на ўзроўні раёна вырашыць цяжкавата. Але трэба, бо ў адваротным выпадку тэза "Усё лепшае — дзецям" гучыць як здзек над тымі, хто становіцца пераемнікам нашай нацыянальнай культуры.

З гэтай нагоды выснова напрошваецца вось якая (пісалі і будзем пісаць пра тое пастаянна!). У нас кожная вобласць — як самастойная дзяржава са сваімі адмысловымі прынцыпамі развіцця адной і той жа сферы — сферы культуры. І кожная рушыць да намечанага па-свойму, кожная мае адмысловы шлях у пазабюджэтнай дзейнасці, у мацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ды кадравай палітыцы… Такая разбэрсанасць сіл падаецца не надта эфектыўнай. І ніхто нас не пераканае, што немэтазгодна ўлічваць станоўчы арганізацыйна-тактычны досвед Брэстчыны, скажам, на Гомельшчыне. І пытанне на засыпку. Што павінна здарыцца, каб поспехі работнікаў культуры, да прыкладу, Магілёўшчыны не здзіўлялі іх калег, напрыклад, з Віцебшчыны?

Страус на вяровачках

Скіраваліся на пошукі мясцовага дома культуры — як ніяк, а сацыяльны стандарт для аграгарадкоў (наяўнасць бібліятэкі і дома культуры) выконваецца нават далёка ад сталічных гарызонтаў. На пытанне, дзе знайсці СДК, маладзіца скіравала нас на звонку прэзентабельны будынак, які аказаўся кінатэатрам. Толькі трапіць туды нам не атрымалася. І пытанне тут не ў графіку працы, а ў аптымізацыі ці, папросту, закрыцці ўстановы.

Каб праясніць сітуацыю з культурным жыццём мясцовага насельніцтва вырашылі праехаць з пару кіламетраў і ніяк не чакалі, што ў пасёлку Энергетыкаў затрымаемся надоўга. Але завіталі ў мясцовы СДК і патрапілі ў "пастку" шчырасці, прыязнасці і перадавога досведу. Ці ж можна такое ігнараваць?

Па-першае, даведаліся, што ў вёсцы Гарбузы неўзабаве адбудзецца свята. Клуба там няма, а бібліятэка засталася. Вось на яе базе і ўзнікла, так бы мовіць, антыкрызісная ініцыятыўная група на чале з вясковым старастай Алай Губарэвіч. Гэтыя восем чалавек і спяваюць разам, і за парадкам у Гарбузах сочаць. Так што ў вёсцы пануе ўлада культуры, а клубная нястача — не заўважаецца. Са слоў мастацкага кіраўніка СДК пасёлка Энергетыкаў Наталлі Токаравай даведаліся мы і пра тое, што стан гарбузоўскіх кладак (гаці на мясцовым балоце) — таксама на сумленні самадзейных артыстаў. І кладкі тыя мінакоў не падводзяць. Як і артыстаў — старшыня Негарэльскага сельсавета Васіль Гаркаўчук. Даволі часты выпадак сацыяльнай ды творчай еднасці…

Так, вынікам аптымізацыі стала закрыццё кінатэатра ў Негарэлым. Наталля Токавара сумуе: знікла месца для рэпетыцый вакальнага гурта, што складаецца са сталых жынчын Негарэлага. Зараз яны збіраюцца ў ДШМ, а там і без гурта месца малавата.

Ёсць у СДК і платны дзіцячы гурток "Крынічка", дзе шасцігадовыя з задавальненнем займаюцца па выбары харэаграфіяй, вакалам, тэатральнай справай. Месячны кошт навучання — 300 тысяч рублёў. Восем "платных" дзяцей паказалі цудоўны справаздачны спектакль. Задавальненню залы не было мяжы. Пасля лета адбудзецца чарговы набор у платную групу.

Узорны харэаграфічны калектыў "Беларусачка" рыхтуецца да канцэртаў у Польшчы. Не меншай папулярнасцю карыстаецца і ўзорны лялечны калектыў Чараўнік", якім кіруе Ганна Васілеўская. Мы з захапленнем паглядзелі на танец страуса-марыянеткі.

А СДК у Энергетыкаў, між іншым, самы звычайны, сельскі. Але хто са "звычайных" можа пахвастацца такім наборам станоўчых вынікаў? У тым і справа…

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

Нас не хацелі адсюль выпускаць. Мы парушылі ўсе свае графікі. І не шкадуем, бо дзень пачаўся з пазітыву. Кожны супрацоўнік СДК — асоба. На такім падмурку добрай амбіцыйнасці і грунтуецца наша шматгранная нацыянальная культура, якая час знаходзіць і для ўладкавання грэблі, і для сцвярджэння ўласнага таленту на самым высокім дзяржаўным узроўні. Дзякуй, работнікі культуры Дзяржыншчыны!

Гран-пры з Маладзечна

Таццяна Валахановіч кіруе ў СДК Энергетыкаў эстраднай студыяй "Галасы". Днямі яна прывезла Гран-пры і прыз імя Уладзіміра Мулявіна з конкурсу маладых выканаўцаў, што прайшоў у межах XV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Таня — малады спецыяліст: скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, завочна вучыцца ў БДУКіМ. Не хочацца і думаць, што працуе яна ў пасёлку Энергетыкаў толькі таму, што да Мінска — рукой падаць.

Тую ж самую творчую ўстанову скончыла і Насця Піліпчык — таксама малады спецыяліст. Родам з Ляхавічаў. Кажа, што пасля адпрацоўкі з’язджаць не збіраецца. Справа ў яе тут, сапраўды, цікавая: кіруе гуртком "Крэатыў", дзе моладзь асвойвае парадыйны жанр. Гурток — запатрабаваны. У мястэчку Насця паспела стаць папулярнай. І ўвогуле быць маладым ды таленавітым на Дзяржыншчыне становіцца модным. А што скажуць на гэты конт маладыя спецыялісты, што займелі першае працоўнае месца ў Расонскім ці Лоеўскім раёнах, да прыкладу? І, напэўна, не адшукаем мы на беларускай карце раёна, дзе малады спецыяліст на фінішы сваёй паспяховай адпрацоўкі ўзяў і атрымаў бы добраўпарадкаванае асобнае жыллё. Ступень верагоднасці тут прыкладна такая ж, як і падвышэнне заробку работнікаў культуры. Прыкра. Як паказвае сусветная практыка, не эканоміка фарміруе культуру, а наадварот. І ў гэтым мы пераконваемся ледзь не штодня.

20 кніг за год

Бібліятэку ў Энергетыкаў упрыгожыла сваімі жывапіснымі плакатамі-пано ўсё тая ж мастацкі кіраўнік СДК Наталля Токарава. Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім! Але гаворка зараз — пра бібліятэчную справу. А яна, як мы пераканаліся, пастаўлена на трывалыя рэйкі. Пра што сведчыць хаця б тое, што мясцовыя бібліятэкары жывуць сваёй прафесіяй. Да прыкладу, Валянціна Саковіч працуе ў пасёлку Энергетыкаў ужо 13 гадоў. Не без яе ўдзелу на базе ўстановы з 2011 года дзейнічае клуб па інтарэсах “Сударушка”, які аб’ядноўвае жанчын сталага ўзросту. Пад час рэгулярных пасяджэнняў спадарыні могуць не толькі абмяняцца ўражаннямі пра прачытаныя кнігі, але і адпачыць душой: паспяваць пад баян, абмеркаваць жыццёвыя клопаты. Пры бібліятэцы дзейнічае “Духоўна-культурны цэнтр”, на базе якога з удзелам мясцовага святара праводзяцца сустрэчы-гутаркі пра вечныя каштоўнасці.

Для дзяцей маецца сваё аб'яднанне. Юныя наведвальнікі бібліятэкі не толькі чытаюць, але і актыўна малююць — вядома ж, на сюжэты, з якімі пазнаёміліся ў кнігах. Што немалаважна, маюцца і паспяховыя вынікі — Віялетта Васілеўская, 9-гадовая аўтарка твора “Чырвоная карова” не так даўно перамагла на мастацкім конкурсе ў Мінску. Працуе з дзецьмі мастак Аляксандр Пашкевіч-Негарэльскі. Праўда, цяпер галоўным чынам у мясцовай школе, куды быў вымушаны перайсці з СДК пасля пераабсталявання майстэрні ў музычную школу.

Чарговае пацвярджэнне прафесіяналізму бібліятэкараў з Энергетыкаў — нараканні не на малыя заробкі, а на тое, што паступае вельмі мала новай літаратуры. За гэтае паўгоддзе з Дзяржынска ўстанова атрымала не больш як 20 кніг, што прыкладна ў дзясяць разоў менш паказчыкаў мінулых гадоў.

Тым не менш, бібіліятэчны працэс не спыняецца. Наадварот праводзіцца актыўная праца па папулярызацыі беларускіх пісьменнікаў, найперш, літаратараў-землякоў, якіх запрашаюць да ўдзелу ў сустрэчах з чытачамі. Да прыкладу, зараз на міні-выстаўцы прадстаўлены кнігі пісьменніка Алеся Рыбака.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Анатановіча

Вельмі цяжка параўноўваць сельскія бібліятэкі, якія амаль цалкам падобныя адна на адну. Не проста даваць і катэгарычную ацэнку іх дзейнасці, бо нібыта галоўны паказчык тут — выкананне планаў па кнігавыдачы і па аказанні платных паслуг. Але толькі калі бібліятэка сапраўды цікавая, жывая, тады будуць рэальнымі кнігавыдача і заробленыя сродкі, а прыпіскі ды ўкладанні сваіх грошай — каб не пазбавіцца прэміі, перастаюць быць актуальнымі.

Сумны дом?

Некалькі разоў праехалі праз Карэлічы пакуль не напаткалі ўрэшце мясцовы музей. І гэта — пры наяўнасці вулічнай рэкламы і знаходжанні ўстановы ці не ў цэнтры гарадка. Дык у чым справа? Ды занадта шараговы выгляд у музейнага будынка, які ніякай гісторыка-архітэктурнай каштоўнасці не ўяўляе.

У музеі сустрэліся са Святланай Кошур. Працуе яна тут не адзін дзясятак гадоў. Каля дваццаці гадоў таму пры яе непасрэдным удзеле была створана пастаянная экспазіцыя, якая, да слова, і зараз не згубіла сваёй актуальнасці. Іншая справа, што за апошнія гады падыходы ў афармленні выставачных залаў і тэхнічным прадстаўленні музейнага артэфакта істотна змяніліся, у чым пераканаліся падчас нашага аўтатура ў Гудзевіцкім музеі, што на Мастоўшчыне, які, дзякуючы фінансавым укладанням і выдатнай працы музейных работнікаў, непазнавальна змяніўся, захаваўшы сваю адметную спецыфіку.

Чым жа можа прыцягнуць увагу Карэліцкі раённы музей? Якая будучыня чакае ўстанову? Адказаць на першае можна, пазнаёміўшыся з адносна новай выстаўкай графікі выдатнага мастака Валянціна Рамановіча, які нарадзіўся ў Карэлічах, а праславіўся ў Вільні. Каб ажыццявіць праект і падрыхтаваць кнігу, а самае галоўнае, вярнуць імя мастака Беларусі Святлана Кошур правяла шмат працы ў архівах, камандзіроўках. А таму, нягледзячы, што ўсе прадстаўленыя ў музеі работы мастака — копіі, многім будзе цікава адкрыць для сябе гэтага самабытнага творцу. Але зноў-такі цікава будзе турыстам, бо мясцовыя жыхары з творчасцю Рамановіча ўжо пазнаёміліся і чакаюць ад музея новых цікавостак. Вось толькі калі іх дачакаюцца…

Святлана Кошур, якая літаральна праз месяц сыходзіць на пенсію, з сумам адзначыла, што адной з залаў музея неабходны тэрміновы рамонт — падлога знаходзіцца ў аварыйным стане. Адпаведна, пасля гэтага давядзецца часткова перарабляць экспазіцыю. Няма ў музеі і сувенірнай крамы — нонсэнс для раённага цэнтра, які мае вялікую колькасць народных майстроў і аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Але, самае галоўнае, на яе думку, што няма ў музея рэальнай падтрымкі з боку раённых уладаў.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка, да якой завіталі адразу пасля наведвання музея, пацвердзіла, што сапраўды музейны навуковы супрацоўнік Святлана Кошур пасля водпуску — на пенсіі, кантракт з ёй не будзе падоўжаны. Гэтаксама як і з яшчэ адной супрацоўніцай пенсійнага ўзросту. Галоўная прычына як раз і заключаецца ў “ажыўленні”, рэбрэндынгу музейнай установы. Як сцвярджае Нэлі Маісеенка, музейным кадрам на замену вось-вось павінны з’явіцца два маладыя спецыялісты. Штат амаладжаецца, а музейная справа ажывае? Вельмі хацелася б у гэта верыць.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Каментароў рабіць не хочацца. І так усё зразумела. А вось для інтрыгі — самае месца. Начальнік аддзела ІРКСМ Карэліччыны Нэлі Маісеенка параіла нам напрыканцы дня заехаць у маёнтак, што ля вёскі Райца. Мы паслухаліся і сустрэлі такіх людзей, якія ў нашай "калекцыі асоб" занялі ці не самае галоўнае месца. Аднак пра гэта адкрыццё — у наступных нумарах "К".

Фота аўтараў

Мінск — Дзяржынскі раён Міншчыны — Карэліцкі, Дзятлаўскі, Мастоўскі раёны Гродзенскай вобласці — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"