Джаз ля Ратушы

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Мінскае лета пачынаецца з джазу, якому прысвечаны тры суботнія вечары чэрвеня. І гэта ўжо добрая традыцыя, якую ладзіць фонд "Ідэя" пры падтрымцы Мінгарвыканкама і банка "БелВЭБ". Праект “Джазавыя вечары” як серыя міжнародных канцэртаў пад адкрытым небам з’явіўся ў 2013-м і праходзіць у Мінску трэці раз на плошчы Свабоды. Прычым да ўласна джазу цягам трох гадзін жывой музыкі цалкам натуральна далучаюцца блюз, соўл, джазавая класіка і этна.

/i/content/pi/cult/538/11715/8-3.jpg

Ужо адбыліся два канцэрты сёлетняга праекта. 6 чэрвеня перад слухачамі выступіў дацкі вакаліст і мультыінструменталіст Мадс Маціяс (пры ўдзеле дацкага ж піяніста і кампазітара Пітара Разэндаля). Акрамя таго, у гэты ж дзень гралі шведская група “Copro” і беларускае Трыа Канстанціна Гарачага.

Я ж раскажу больш падрабязна пра канцэрт 13 чэрвеня. Яго пачаў французскі музыкант з в’етнамскімі каранямі Нгуен Ле, які цягам трыццаці гадоў выступае з лепшымі выканаўцамі планеты. А першае прызнанне ён атрымаў, стварыўшы ў 1983-м шматнацыянальны гурт “Ultramarine”, чый альбом “DE” быў прызнаны ў Францыі лепшым у жанры “World Music”. На сталічнай сцэне Нгуен Ле выступіў у складзе трыа “Агонь і вада”. Цягам свайго сэта музыканты прадставілі мінчанам найшырэйшы спектр стыляў і кірункаў. А праз майстэрства і высокі прафесіяналізм трыа атрымала станоўчы водгук у мінскіх слухачоў і мора іх апладысментаў.

Затым на сцэну выйшла Беата Пшыбытэк — выдатная спявачка, піяністка і кампазітар. “Адзін з самых харызматычных музыкантаў польскай сцэны”, — так кажуць пра Беату і музычныя крытыкі, і артысты, і ўдзячная публіка. Выпускніца джазавага факультэта Акадэміі музыкі імя Караля Шыманоўскага, сёння Беата — ганаровы прафесар гэтай знакамітай навучальнай установы. Вельмі сімпатычнай і эмацыйнай польцы ўдалося адразу ж, з першай песні, заваяваць увагу публікі. Як яна адзначыла ў размове з намі, беларускія слухачы спадабаліся ёй сваёй незвычайна яркай энергетыкай. А я дадала, што яе не менш моцная энергетыка ішла да слухачоў, а затым, памножаная на колькасць прысутных на плошчы Свабоды, вярталася на сцэну. І так было насамрэч! А Беата пагадзілася са мной.

Гурт “Morfe”, заснаваны Аганэсам Аванесянам у 2007 годзе, завяршаў джазавы вечар. Паводле яго слоў, “Morfe” — спроба раскрыць багацце і глыбіню джазавай і народнай музыкі ў кантэксце сучасных стыляў, кірункаў і тэндэнцый. Выкарыстоўваючы этнічныя рытмы, гіпнатычныя тэмбры басу, складаныя і амаль трансавыя мелодыі, убудаваныя ў тканіну электронных трэкаў, музыканты дамагліся арыгінальнага і непаўторнага гучання, якое не ўпісваецца ў традыцыйныя жанры. І насамрэч: акустычныя інструменты — баян і кларнэт — вельмі цікава і каларытна гучаць, сумяшчаючыся з бас гітарай, ударнымі і сінтэзатарам.

Асобна хочацца расказаць пра публіку, якая прыйшла на канцэрт. Яна нібы лілася ракой з усіх бакоў, скіроўваючыся да Ратушы. Тут былі дзеткі, якія пляскалі ў ладкі ў такт музыцы. Моладзь размясцілася на лужках, людзі сталага веку — на лаўках у скверы, астатнія — проста ля сцэны перад канцэртнай залай “Верхні горад”. Сустракаліся знаёмыя, якія не бачыліся доўгі час, і абменьваліся сваімі ўражаннямі ад канцэрта. Музыка нібы аб’яднала ўсіх, стварыла атмасферу свята і радасці! Выдатна, што яна выйшла з залаў на вольнае паветра і сабрала некалькі тысяч слухачоў. Праект “Джазавыя вечары” заслугоўвае з гэтай і многіх іншых нагод усялякіх ухвал!

З нецярпеннем чакаем наступны, заключны канцэрт, які адбудзецца там жа 20 чэрвеня а 20-й. Мінчане змогуць паслухаць прыклад брытанскага джаза ад Дзяніса Баптыста. З ім будзе працаваць вядомы беларускі гурт “Apple Tea”, які ўжо выступаў раней у рамках праекта. Хто не быў на папярэдніх канцэртах, але любіць джаз, а можа, нават будзе слухаць яго ўпершыню, раю наведаць плошчу Свабоды і занурыцца ў выдатную атмасферу!

Элеанора СКУРАТАВА, музыказнаўца