Праз інтэрв’ю і асацыяцыі

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Яшчэ пра “Дыярушы”
Да 70-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у рамках XLIX Студэнцкай навукова-творчай канферэнцыі быў паказаны выставачны праект “Дыярушы”. Ён быў задуманы з мэтай стварэння жывой ілюстраванай гісторыі Акадэміі на падставе асабістых успамінаў выпускнікоў, многія з якіх сталі педагогамі ў сваёй alma mater. Ідэя праекта належыць кандыдату мастацтвазнаўства, загадчыку кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Марыі Карпянковай. Куратарамі “Дыярушаў” выступілі другакурснікі-мастацтвазнаўцы Ганна Біжык, Тарас Кучынскі-Паравы, Юлія Пешына, Алена Русакевіч, Аляксандра Сацукевіч і аўтар гэтых радкоў.

/i/content/pi/cult/538/11714/8-2.jpg

Галоўная мэта праекта (“К” пісала пра яго ў № 22) — яднанне студэнтаў Акадэміі. Абапіраючыся на ўспаміны выпускнікоў (усяго 22 запісы), сабраныя куратарамі, студэнты паспрабавалі інтэрпрэтаваць падзеі і час, надзеі і мары папярэднікаў. Вынікам эксперыменту сталі жывапіс і графічныя творы, арт-аб’екты, інсталяцыі, габелены, скульптуры і фатаграфіі. Спалучэнне візуальных аб’ектаў і тэкстаў успамінаў у адной прасторы дазволіла ўбачыць гісторыю Акадэміі з новага ракурсу, не толькі як набор пэўных падзей, але і як жывы няспынны творчы пошук, а таксама — выявіць разнастайнасць мастацкіх поглядаў сённяшніх студэнтаў.

Аўтары выконвалі работы толькі на падставе інтэрв’ю, не маючы стасункаў непасрэдна з героямі сваіх твораў, а таму цікавым і нечаканым быў вынік. Пад кожнай працай былі размешчаны самі тэксты інтэрв’ю для таго, каб можна было адсачыць, якія асацыяцыі натхнілі аўтара скарыстаць тую або іншую тэхніку, а таксама — параўнаць работы розных студэнтаў, створаныя паводле ўражанняў аднаго чалавека.

Напрыклад, на падставе аднаго і таго ж інтэрв’ю мастака тэатра і кіно Дзмітрыя Мохава стварылі зусім розныя работы Крысціна Кавалёва i Агата Каробка. Цікава тое, што абодва аўтары, не змаўляючыся, убачылі свайго героя ў “ружовым колеры”. Хоць адна праца выканана маслам, другая ўяўляе з сябе пано з рознакаляровых лапікаў скуры з парай какетлівых жаночых чаравічкаў. Але дамінуе тут ружовы. Магчыма, выбар колеру матываваны тым, што ўспаміны Дзмітрыя Максімавіча поўныя радасных падзей, вясёлых паездак і афарбаваны ў тоны радасці, маладосці і нястрымнай энергіі.

А вось двое іншых студэнтаў з факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Уладзіслаў Кнiга i Варвара Пахомава, не змаўляючыся, убачылі Валянціну Бартлаву, дацэнта, загадчыка кафедры касцюму і тэкстылю, “у жоўтым колеры”. Здаецца, яшчэ трошкі — і сонечныя зайчыкі пачнуць вадзіць вясёлыя карагоды вакол гэтых яркіх работ. Што ж, зазірнём у інтэрв’ю з Валянцінай Пятроўнай: аказваецца, увесь перыяд навучання ў Акадэміі асацыюецца ў яе з жоўтым колерам.

Праца Улада Кнiгi выглядае незвычайна: гэта твор трохкутнай формы, паверхню якога пакрываюць нейкія “віхравыя патокі” яркага жоўтага колеру, якія закручваюць погляд гледача па спіралі. Сузіранне твора Улада пераносіць у гэты галавакружны струмень святла, але супраціўляцца не хочацца: чаканне шчасця і цяпла апаноўваюць. Зусім іншыя ўражанні пакідае работа Варвары Пахомавай. Той жа жоўты колер і цяпло сонца, але — стан поўнага замірэння і спакою, у процівагу клапатліваму руху папярэдняй працы. Магчыма, такое ўражанне ствараецца ад лёгкай паветранай тканіны сукенкі, а можа, гэта матылі, што на секунду прыселі на рукаў — іх так лёгка спудзіць нават лёгкім рухам! Твор размясцілі насупраць акна, і промні сапраўднага сонца робяць сукенку такой празрыстай, бязважкай, амаль нерэальнай.

Твор Васіля Цімашова — скульптура пад назвай “Голас”. Яна выканана з чыгункоў, афарбаваных у металічныя колеры. Думаю, нават каб не было б тлумачальнай шыльдачкі да працы, лёгка было б зразумець сэнс назвы па пацешным язычку, што завяршае твор. Ён нібы гатовы вібраваць на ветры ў такт вясёлым званочкам, якія дамалюе фантазія гледача. Скульптура незвычайная па форме і выкананні. Не ўсякі наведвальнік зразумее, з якога матэрыялу зроблены твор і зусім рэдкі ўважлівы сузіральнік убачыць у гэтай працы чыгункі.

Немагчыма абмінуць і працу, выкананую студэнткай Вікторыяй Ярэніч пад уражаннем ад інтэрв’ю з Паўлам Татарнікавым. Твор так і называецца “Дон Кіхот свайго часу”. Лапікавая тэхніка, аплікацыя. І сапраўды, ніякай іншай асацыяцыі не ўзнікае, гледзячы на дадзеную працу: Дон Кіхот — “і ніякіх цвікоў”. Вось — яго гарачае сэрца палае ў грудзях, а вось — і граблі, дзіўная зброя ваякі, якую лёгка прадставіць у руках дзіўнага, экстравагантнага героя.

А твор студэнткі Алены Вярстак, выкананы алеем, адпавядае ўспамінам скульптара. Тыя, каму блізкая тэма мастацтва, лёгка пазнаюць у творы бюст “абрубаўкі”, на якім студэнты адпрацоўваюць майстэрства малюнка і скульптуры. Аўтар твора здолеў перадаць дзіўную пластычнасць ў гэтакім піжонскім бюсце з цыгарэткай за вухам і цыліндрам на галаве, зухавата ссунутым на бок. Праца выканана ў манеры “Пікаса-энд-Маціс”: шчыльны фарбавы пласт, сечаныя, ламаныя формы, выява майстэрні ў стылі Маціса; ружовы ды блакітны колеры, якія вызначалі перыяды творчасці Пікаса.

Акрамя “Дыярушаў”, залы з графікай і фатаграфіяй, экспанаваўся ў галерэі “Акадэмія” праект “А-Архіў” — своеасаблівы збор плакатаў, афіш і аб’яў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, захаваны канцылярыяй. Творча аформленыя старонкі жыцця Акадэміі прадэманстравалі моманты яе творчых і арганізацыйных працэсаў, як і праект “Дыярушы”.

Вераніка ШАПАШНІКАВА, студэнтка БДАМ

Фота прадастаўлена аўтарам