Маэстра і яго сад у квецені

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка ІV
Мы працягваем друкаваць вытрымкі з віртуальнага дыялогу Ігара Паліводы (праз яго дзённікі, што ён вёў у 1980 — 1990-я гады) і ўдавы кампазітара Вольгі Палівода (праз яе развагі, якімі яна падзялілася з “К”). Гэтым разам фрагмент “дыялогу праз 19 гадоў” будзе прысвечаны бачанню маэстра крызісных з’яў у ансамблі “Песняры”.

/i/content/pi/cult/538/11710/15-1.jpg

(Працяг. Пачатак у “К” №№ 18, 20, 23.)

“Песняры” балансуюць…”

В.П.: — Паўтаруся, што не стану даваць каментарыі адносна заўважна рэзкіх ацэнак, якія пакінуў у сваіх дзённіках Ігар адносна дзейнасці ансамбля “Песняры”, а таксама некаторых яго ўдзельнікаў. Лепш за ўсё пра яго стаўленне сведчаць старонкі запісаў. Дадам толькі, што Палівода заўжды казаў аб сваім меркаванні ў вочы, і пра тое, што ягоныя ацэнкі могуць аказацца вельмі строгімі, літаральна разноснымі, у “Песнярах” ведалі вельмі добра…

І.П.:

Пан. 23.5.1983 г. (Некаторыя фрагменты з дзённікаў Ігара Паліводы ў гэтай частцы артыкула ўжо друкаваліся ў кнізе "Уладзімір Мулявін. Нота лёсу". — С.Т.)

Мiнск

Не прайшло яшчэ тыдня, як вярнулiся з брацкай Венгрыi. У парадку культурнага абслугоўвання адарваных ад радзiмы вайскоўцаў за перыяд з 6 па 15 мая пабывалi ў сямi гарадах, калi не лiчыць Будапешта, дзе i пражывалi.

6 мая — прыезд, першае знаёмства з Будапештам, яго архiтэктурнымi помнiкамi i таварна-гандлёвым становiшчам.

6 мая — Эстэргом.

7 мая — Сэкершвэхервар.

8 — 9 мая — 4 канцэрты ў Будапешце.

10 мая — Хаймашкер.

11 мая — Веспрэм.

12 мая — Кечкемет.

13 мая — выхадны; набегi на ўнiвермагi i г. зв. "трафiкi". Кiно: хацелi паглядзець "Дэкамерон", а трапiлi на "Сем самураяў" Курасавы.

14 мая — Будапешт.

15 мая — Дзьёр, Камаром.

16 мая — дзённая прабежка па горадзе, вячэрнi ад’езд да мяжы.

Да абеда 18 мая апынуўся ў родным гняздзе.

У цэлым, мая трэцяя замежная паездка прынесла, акрамя прыемных успамiнаў, дзве пары штаноў i сувенiры для сужэнкi ў выглядзе абутку i тканiн.

Апамятаўшыся i злёгку перавёўшы дух, зноў кiнулiся ў працоўны вiр. З 28 мая па 5 чэрвеня прызначаны канцэрты ў мiнскiм Палацы спорту. Абвешчана барацьба за абнаўленне рэпертуара, бо апошняя серыя выступленняў на гэтых падмостках адбылася ў кастрычнiку-лiстападзе мiнулага года — паўгода таму. Песнi другога аддзялення iстотна пазносілiся, i камандаванне кiнула на гэты фронт лепшыя сiлы. Вялiкая кампазiцыя Iгара Лучанка (не памятаю, як называецца — нешта кшталту "Прывiтання з 41-га") у транскрыпцыi У.Ткачэнкi вырасла ў глабальнае сiмфанiчна-харавое палатно.

Прызнаю рознага роду музыку — ад "ракако" да шумавой. Але не такую, не такую.

З гэтай антымузыкай (сам аранжыроўшчык iмянуе яе не iначай як "рок-кампазiцыя") ансамбль змагаецца з пераменным поспехам. Але ўпартасць — характэрная рыса сённяшнiх "Песняроў", i мы мужна прадзiраемся скрозь густыя нетры [...], выбудоўваючы ўсё новыя i новыя награмаджэннi шматпавярховых, што гайдаюцца i вiдазмяняюцца, фантасмагарычных канструкцый.

Я не бачыў вайны, але цяпер з кожнай рэпетыцыяй усё глыбей, рэльефней адчуваю яе жахi, хаця ў хвiлiны слабасцi i бачу сябе сярод удзельнiкаў начных здымак тэлесерыяла "Пажар на буравой".

Да блiжэйшага канцэрта — 26 мая ў фiлармонii — засталося два днi, а песень яшчэ няма. Але мы далёкiя ад панiкi: у выпадку чагосьцi зноў i зноў выручыць старушка "Цешча" са сваiмi сяброўкамi маладосцi.

Затое будзе Кампазiцыя. I.Лучанок будзе задаволены, што i тут згадваецца яго высокае iмя. I крадком змахне слязу пажылы ветэран у зале [...]. I Стваральнiку нашаму хвала i слава!

I выйдзе з зала Глядач, i не знойдзе слоў, каб выказаць свае ўражаннi. Бо сорамна яму будзе прызнацца ў тым, што ён нiчога не зразумеў.

Аўт. 24.5.1983 г.

Мiнск

На сённяшнюю рэпетыцыю прыехаў сам аўтар вышэйназванай Кампазiцыi I.Лучанок. Сваё меркаванне пасля праслухоўвання чарнавой фанаграмы ён выказаў даволi туманнымi фразамi, сярод якiх, аднак, уважлiвы слухач мог улавiць асобныя канкрэтныя рэплiкi кшталту: "Дзiўная штука", "Мяне там падвыправiлi...", "Хто сааўтар?" i да т.п. Некалькi разоў ён паўтарыў думку, што гэта "несумненна, цiкава для эстэтаў, але наконт гегемона — не ведаю, не ведаю..."

Якiх эстэтаў ён меў на ўвазе?

Напрыканцы рэпетыцыi, каб адпачыць ад музыкi, яму было прапанавана паслухаць маю новую песеньку [...] "Мiлую цябе". З назвы вынiкае, што вершы палiтычна нейтральныя, што я i паспрабаваў падкрэслiць у мелодыi. Водгук беларускага Моцарта не меў адмоўнага характара, i гэта ўсяляе надзею, што песенька зойме сваё сцiплае месца ў будучай праграме.

Cер. 25.5.1983 г.

Мінск

Гаспадар — пан.

(Народная мудрасць)

Сер. 1.6.1983 г.

Мінск

На ўсю моц шуруем у Палацы спорту. Парнаграфія поўная, хаця звонку выглядае даволі прыстойна, нават месцамі паважна.

Першае аддзяленне, урэшце, — адна з наймацнейшых нашых праграм. Але другая частка — малавядомая сумесь фруктовага кампота з парашковым кісялём. Тут і астабрыдлыя чатыры песні па Бёрнсу, тут і выхад самога І.Лучанка з самапаказам апошняга хіта, тут і памянёная вышэй Кампазіцыя-хмарачос, і старыя песні, і новыя песні, і апрацоўкі народных… Завяршаецца спектакль песняй “Мілую цябе”. “Grand fantastic show”, — сказаў бы амерыканец, каб нялёгкая занесла яго ў залу.

Але ў зале сядзяць не амерыканцы. Яны (не амерыканцы) пляскаюць у далоні і нават нясуць салістам кветкі з цыдулкамі непрыстойнага зместу.

Па-ранейшаму няма фанаграм. Няма дзе іх рабіць. Паспрабавалі нават “праз не магу” (то бок, праз мяне) звярнуцца да Васіля Пятровіча па сяброўскую дапамогу, але атрымалі карэктную адмову па цалкам зразумелых прычынах.

Так, “Песняры” балансуюць на краі чагосьці глыбокага і нядобрага, хаця ўголас у тым не прызнаюцца.

Патрэбна прафесійная кіруючая лапа. Але ёсць толькі поза. У такой позе немагчыма цягнуць праклятую лямку. [...]

Пан. 20.6.1983 г.

г. Ленінград

[...]

Ужо казалася, што Гаспадар не любіць корпацца ў дробязях, і гэта тычыцца не толькі яго аранжыровак. Магутны Мозг уладкаваны, скажам наўпрост, глабальна. Асоба буйнога мастака надта складаная і шматгранная, каб спрабаваць вывучаць яе з прымітывісцкіх пазіцый. Мне застаецца толькі канстатаваць факты, не надта паглыбляючыся ў джунглі прычынна-следчых сувязей.

А факты не цешаць нагодамі для вялікага аптымізму.

Той жа Раінчык з “Верасамі” даўно абскакаў [...] па ўсіх артыкулах, удала скарыстаўшыся зацягнутым замяшальніцтвам. Шырокія пралетарскія масы, не спакушаныя ў даследаванні вялікіх музычна-мастацкіх глыбінь, хутчэй пацягнуцца да святла і самавітасці, чым да чагосьці зваротнага. Калі ў канцэртнай зале ў нас яшчэ можна атрымаць некаторы зарад розных эмоцый, але радыё і тэлебачанне (асабліва ТБ) толькі адштурхоўваюць. Людзі хочуць любіць “Песняроў”, але не могуць сябе прымусіць. Знікаюць апошнія сляды праславутага абаяння, гледача распалажыць да сябе няма чым: ва ўсім ёсць якая-небудзь загана, незразумелая гледачу ў тонкасцях, але лёгка ўлоўная інтуіцыяй, дадзенай яму прыродай.

Выражаюць гэта па-рознаму. Трапнымі падаліся мне словы нейкага мужчыны сярэдняга ўзросту, выпадкова падслуханыя адным з нашых гукарэжысёраў:

— Яны ўсе ўжо старыя і хворыя.

Менавіта такое ўражанне павінны сёння ў Ленінградзе пакідаць “Песняры” на нармальнага чалавека. “Старыя і хворыя” — вось словы, якія поўна і дакладна адлюстроўваюць нават не столькі знешняе аблічча, колькі ўнутраную сутнасць і змест. Іх аўтар і не падазрае пра тое, наколькі глыбока пранікнуў у сутнасць.

Выхад адзін. Галаве патрэбна рашуча адпусціць падол, [...] пачаць дзейнічаць. Ці зможа?

Нават калі і зразумее ён гэта, нават калі і ўдасца яму хаця б часова [...] забыць на сваё становішча, званне. Тут справа патыхае перарабліваннем псіхікі [...].

Магчыма, мозг бачыць яшчэ якое-небудзь выйсце (акрамя, канешне, зматвання вудачак), але ў любым выпадку дзейнічаць яму патрэбна актыўна і дзейнічаць самому, без надзеі на “дырэктарат”, які “зажраўся”, што патанае ў гарэлцы і стварае толькі туманную бачнасць нейкай містычнай дзейнасці. Гаспадар жа, паставіўшы сябе над усім гэтым [...], па сутнасці, пусціў справу на самацёк.

Калі ўлічыць, што такая анархія пануе ў ансамблі ўжо даўно, дык можна зрабіць выснову, што ў сваіх “пецярбургскіх запісках” я дабраўся-такі да кораня ўсіх бед!

Яшчэ некалькі дзён у гэтым горадзе — і я, напэўна, ствару ўнутры Арганізма партыю і пазначу асноўныя шляхі да звяржэння старога рэжыму, што аджыў свой век.

Добра, што засталося толькі два канцэрты — сёння і заўтра. Трэба ў гэтыя дні ўстрымацца ад калізій, весці сябе сціпла і ціха, а па прыездзе дадому бунтарскі дух мой, спадзяюся, замірыцца, а энергія накіруецца ў іншае, патрэбнае мастацтву (і мне асабіста!), рэчышча.

Гэтыя праклятыя перапады атмасфернага ціску! Напэўна, восенню (кастрычнік, напрыклад) тут бывае яшчэ горш.

Однажды, углубившись в дикий лес,

На самое большое дерево я влез

И выше всех растущий лист оттудова достал.

А после, вопреки канонам книжным,

Его в сырую землю закопал, 

Тем самым сделав самым нижним*.

(*са "смурфізмаў".)

 

***

Нагадаем пра запушчаны працэс стварэння і ўсталявання мемарыяльнай шыльды кампазітару на доме па мінскім адрасе, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымалі Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі і Мінгарвыканкам. Аднак паколькі бюджэтнае фінансаванне пад дадзены праект не закладзена, быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033).

Публікацыя і падрыхтоўка дзённікавых запісаў Вольгі ПАЛІВОДА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах