Кветкі для Нэлі

№ 25 (1203) 20.06.2015 - 26.06.2015 г

Успаміны з самага сэрца
Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Нэлі Багуслаўская сустракае свой 80-гадовы юбілей. Яе абавязкова павіншуюць сябры, і, як заўсёды ў дзень нараджэння, яна прыме шмат тэлефанаванняў і кветак. Не будзе букета толькі ад таго адзінага, хто нязменна дарыў ёй кветкі і на святы, і ў будні на працягу больш як 50 гадоў. Аднойчы яна спытала ў яго: “Нашто ты дарыш мне кветкі? Мяне імі разбалавала публіка!” “Я таксама публіка!” — адказаў ён. Ізмаіл Капланаў быў яе самым адданым і патрабавальным слухачом, прыхільнікам і ахоўнікам. Вось ужо чатыры з лішнім гады яна жыве без яго…

/i/content/pi/cult/538/11709/14-1.jpg

“Нінел”

Нэлі Багуслаўская нарадзілася 21 чэрвеня 1935 года ва Украіне, у Крывым Розе. Бацька, Захар Рыгоравіч Багуслаўскі, працаваў мужчынскім цырульнікам, а маці, Аксана Масееўна Галаванеўская, — рахункаводам. Бацькі ажаніліся вельмі рана, і Нэлю маці нарадзіла ў 18 гадоў. Імя для дачкі, дарэчы, прыдумалі не адразу, бо чакалі хлопчыка. Нехта са знаёмых дадумаўся: маўляў, 21 чысла ў студзені памёр Ленін, дык няхай дзяўчынка будзе Лена! Але маці была катэгарычна супраць гэтага імені. Тады таварышы па службе параілі Захару: дык прачытай “Ленін” наадварот! Атрымлівалася “Нінел”. Незвычайным чынам, аказваецца, расшыфроўваецца яе імя!

Калі ёй быў усяго годзік, бацька ўладкаваўся на камсамольскую будоўлю, і сям’я пераехала ў глухі ўральскі гарадок Пышму. Нэліны бацькі былі маладымі і бесклапотнымі, жылі ярка, стараючыся не звяртаць увагі на мясцовую правінцыйнасць і суровы клімат паўночнага Урала. У іх здымным пакоі заўсёды збіралася моладзь. Дружна спявалі песні, прыпеўкі, танчылі пад патэфонныя пласцінкі. Маленькая Нэля прагна ўбірала ў сябе ўсё, што бачыла, чула, з лёгкасцю запамінала мелодыі ды вершы песень і спрабавала іх напяваць разам з дарослымі. Незабыўныя дзіцячыя ўражанні ад гэтых вясёлых вячорак яна захавала на ўсё жыццё і нават цяпер паўтарае, што да шасці гадоў была самай шчаслівай дзяўчынкай у свеце. У 1939 годзе ў сям’і Багуслаўскіх нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Міхаілам. І неўзабаве пасля гэтага яны сталі збірацца дамоў, у Крывы Рог, — да сонейка, цяпла і неабходных малечам паўднёвых фруктаў... Лёсу было заўгодна, каб здарылася гэта ў чэрвені 1941-га. Дамоў быў адасланы ўвесь багаж, да апошняй лыжкі і міскі. Але тут раптоўна захварэў маленькі Міша, і маці вымушана была адкласці ад’езд. Паехалі толькі Захар са старэйшай Нэляй. Яны прыбылі ў Крывы Рог 20 чэрвеня, спыніўшыся ў бацькоў Захара Рыгоравіча, якіх маленькая Нэля зусім не памятала... 21-га ёй споўнілася 6 гадоў, а 22-га пачалася вайна.

У той жа дзень Захар Багуслаўскі пайшоў у ваенкамат, яго тут жа забралі, і першым жа эшалонам ён трапіў на фронт, нават не паспеўшы паведаміць бацькам жонкі, што маленькая Нэля вярнулася дамоў і цяпер жыве з яго маці і татам. Менавіта таму ніхто са шматлікіх сваякоў Аксаны не ведаў пра гэта. Агульная мітусня паспешнай эвакуацыі трагічна разлучыла сям’ю, асудзіўшы на выпрабаванні.

Эвакуіраваліся бацькі Захара Рыгоравіча разам з унучкай у станіцу Усць-Лабінскую, што ў Краснадарскім краі. Дзядуля, высокакласны мужчынскі кравец, атрымаў працу конюха. На ўсё жыццё Нэля запомніла смак макухі, якой кармілі коняў і якая дапамагла ім не памерці з голаду. Яна павінна была загінуць разам з бабуляй і дзядулем. Немцы, якія неўзабаве занялі горад, расстралялі іх, прымусіўшы папярэдне выкапаць сабе магілу. Але Нэля выжыла, таму што да моманту акупацыі Усць-Лабінскай знаходзілася ўжо далёка. Яе вывез адтуль зусім незнаёмы ёй чалавек, якога звалі Яўген Вадалазскі.

Увогуле, у гэту гісторыю цяжка паверыць — настолькі яна падаецца неверагоднай, “кіношнай”. Але было менавіта так. І дзіўна нават, што сапраўдныя кіношнікі дагэтуль не скарысталіся фантастычна кранальным сюжэтам!

Выратавальны здымак

…Маці засталася ў Пышме з двухгадовым Мішам на руках. Сын быў яе галоўным скарбам і ў прамым, і ў пераносным сэнсе: ніякіх рэчаў у Аксаны Галаванеўскай не засталося, бо ўвесь скарб быў адпраўлены тым багажом, які беззваротна згінуў. Як яна выжыла? Пакуты дваццацічатырохгадовай жанчыны ўявіць немагчыма. Адна з хворым дзіцём, без грошай і рэчаў, адарваная ад іншага дзіцяці і мужа, не ведаючы нічога пра тое, дзе яны, дзе ейныя бацькі, сёстры з сем’ямі… Але Аксана не здавалася. Настойліва наведвала ваенкамат, пісала лісты, ірвалася дамоў, умольвала ваенкама яе адпусціць шукаць Нэлю. Але той быў няўмольны: загінеш сама і загубіш сына! Лістоў жа ад мужа не было. Чамусьці яны не даходзілі да Урала. Атрымліваць іх Аксана пачала толькі ў 1943-м. Застаўшыся ў Пышме, яна засвоіла рамяство фатографа. Праца была запатрабаванай. Заказы ішлі пастаянна, і ў няспынных клопатах яна крыху забывалася пра свой боль.

Пры ваенкамаце існаваў жаночы савет. Жанчыны, чые мужы, браты ці сыны знаходзіліся на фронце, вязалі шкарпэткі, рукавіцы, шылі кісеты і адпраўлялі ўсё гэта на фронт пасылкамі. У адну такую пасылку Аксана 
Галаванеўская паклала свой маленькі фотаздымак з паспарту. Наіўна падумала: а раптам пасылку атрымае Захар?..

У жаночым савеце існавала самадзейнасць. Аксану прыкмецілі адразу ж: яна была не толькі сапраўднай прыгажуняй, але і выдатна спявала. Нэлі Захараўна ўзгадвае, што цудоўны голас маці вельмі падобны па тэмбры да голасу Ізабэлы Юр’евай. Матуля абажала гэтую спявачку, ведала ўвесь яе рэпертуар і капіравала яе спевы. Зімовым вечарам 1941 года разам з іншымі ўдзельнікамі самадзейнасці Аксану пасадзілі ў сані, і яны паехалі выступаць у тылавы шпіталь, дзе лячыліся цяжкапараненыя. Пасля заканчэння аднаго з такіх канцэртаў, калі Аксана праспявала “Снова пою я песнь свою”, да яе падышоў малады смуглявы чалавек без адной рукі. Здаровай рукой ён дастаў з кішэні маленькі фотаздымак і працягнуў са словамі: “Гэта ты?” Яна адразу пазнала сваю картку, якую калісьці паклала ў пасылку. Яе і атрымаў чалавек, што стаяў зараз перад ёй.

Неверагодна, як яны змаглі сустрэцца?!. Дзіўна і тое, што Яўген — так звалі хлопца — заўсёды насіў фотаздымак з сабой. Яшчэ да сустрэчы з Аксанай ён, відаць, “запаў” на яе, як цяпер кажуць. І вось яны сустрэліся насамрэч. Яму адарвала руку, калі ён, франтавы шафёр, ехаў па мінным полі ды яшчэ пад бамбёжкай. Цудам выжыў. Паскардзіўся, што цяпер з адной рукой застаўся без шафёрскай спецыяльнасці. А яна са слязьмі на вачах распавяла яму, што згубіла і не можа адшукаць дачку, што не піша з фронта муж і нічога не вядома пра іх лёс. Размова ўсхвалявала абаіх, а спагадлівая Аксана прапанавала Яўгену навучыць яго фатаграфічнаму рамяству, якое цалкам можна засвоіць і з адной рукой.

Пагаварыўшы, яны разышліся. Яна вярнулася дамоў, дзе ў той час разам з ёй і сынам ужо жылі яе маці і цяжарная сястра з маленькай дачкой. Яны, як аказалася, былі эвакуіраваны на Урал, знайшлі там Аксану і ўз’ядналіся з ёй. Неўзабаве сястра нарадзіла сына, і іх стала ажно шасцёра на невялічкі пакойчык. Бабуля спала на куфры, Аксана з Мішам — на адным ложку, сястра з дачкой — на другім, а немаўля Юру клалі ў карыта. А Аксана па начах яшчэ ўмудралася праяўляць стужкі і друкаваць фота!

Яўген Вадалазскі выпісаўся са шпіталя і прыехаў у яе густанаселены дом. Спагадлівыя жанчыны вылучылі для яго дадатковы тапчанчык. У любую вольную хвіліну Аксана старалася перадаць яму сваё рамяство, прыстасаваць яго калецтва да рэальнай працы. З яе боку гэта была менавіта спагада, чуласць да яго бяды, уласцівае жанчыне жаданне дапамагчы і падтрымаць. Яна ніколі не кахала яго і не давала ніякай нагоды для глыбокіх адносін. А ён пакахаў! Пакахаў так, што ў знак удзячнасці за набытую з яе дапамогай новую спецыяльнасць вызваўся адшукаць ейную дачку Нэлю.

Падмацаваннем для пошукаў стала даверанасць, якую выдаў яму ваенкам Пышмінскага ваенкамата. Гэта даверанасць, давала не толькі права забраць з сабой чужое дзіця, што насіла не такое, як у яго, прозвішча, але і служыла падставай для звароту ў любы ваенкамат, дзе яго маглі накарміць, даць начлег і забяспечыць неабходнай інфармацыяй.

І ён знайшоў Нэлю! Праз ваенкамат даведаўся, куды былі эвакуіраваны жыхары Крывога Рога, прыехаў ва Усць-Лабінскую і забраў яе з сабой...

Працяг нарыса чытайце ў наступных нумарах "К".

Аўтар: Вольга БРЫЛОН
музыказнаўца