“Кошчын дом” і Месяц пажарнай бяспекі

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Ужо зранку дзіцячую “палову” сімпатычнага раённага гарадка Круглае крыху ліхаманіла: “Да нас едзе тэатр лялек!”

 /i/content/pi/cult/153/1170/Koshchyn-dom.jpg
Святочны настрой дзятвы адчуваўся ва ўсім: групкі малых весела шчабяталі каля раённага Цэнтра культуры яшчэ задоўга да спектакля, ладам выстройваліся “па двое” ў школьным двары, а самыя шустрыя падбягалі да тэатральнага аўтобуса і самавіта дапытваліся ў работнікаў сцэны, што разгружалі дэкарацыі, хто з іх акцёр. Жартаўнікі-гукатэхнікі ціснулі малым руку і прадстаўляліся: “Том Круз”, “Джэк Нікалсан”, а шчаслівыя “тэатралы” беглі падзяліцца радасцю “ў народ”. Уся гэтая вясёлая мітусня ўзнімала настрой і акцёрам Магілёўскага абласнога тэатра лялек, што прыехалі ў раённы цэнтр са спектаклем “Кошчын дом” Самуіла Маршака, і будучым гледачам.

Менавіта гэты спектакль магілёўскія лялечнікі прывезлі ў Круглае не выпадкова: з 1 па 29 лютага ў рэспубліцы прайшоў Месяц пажарнай бяспекі, і супрацоўнікі МНС сумесна з тэатрам лялек праводзілі прафілактычную работу ў школах, дзіцячых садках ды іншых навучальных установах Магілёва і вобласці. “Кошчын дом” у пастаноўцы актрысы тэатра Наталлі Бачкаровай карыстаецца ў гледачоў вялікім поспехам, таму што ён лёгкі, вясёлы, музычны (музыка А.Баля) і створаны спецыяльна для навучання хлопчыкаў і дзяўчат правілам пажарнай бяспекі. У даступнай гульнёвай форме на прыкладах герояў усім вядомай казкі раскрываюцца непажаданыя наступствы ад неасцярожнага абыходжання з агнём.

Агонь жа, дым, пажарныя ў спектаклі — усё было сапраўднае! І, канешне ж, дзятва ад убачанага была ў захапленні. Пасля спектакля адбылася традыцыйная творчая сустрэча з акцёрамі, дзе юныя гледачы атрымалі ад лялечнікаў сувеніры-календарыкі, змаглі патрымаць у руках лялькі са спектакля і сфатаграфавацца з імі на памяць.

— Такія сустрэчы, — адзначае Настасся Чарапанава, выкладчык сярэдняй школы аграгарадка “Філатава”, — вельмі важныя для дзяцей. Мы вось, да прыкладу, аб’ядналіся з Рубежскай дзетсадам-школай і на выдзеленым гаспадаркай транспарце прывезлі нашых дзяцей сюды, у Круглянскі цэнтр культуры. Дзецям падабаюцца спектаклі Магілёўскага абласнога тэатра лялек, ды мы і саміраней прыязджалі ў абласны цэнтр у тэатр. А сёння яны паглядзелі такі павучальны спектакль, вельмі важны для іх. Вялікі вам дзякуй!


Людміла МАЦКЕЛА
Магілёў