Крышталізацыя жаданняў, або Як стаць Асобай

№ 11 (829) 15.03.2008 - 21.03.2008 г

Адкрываецца заслона — і мы бачым сцэну, на якой цалкам адсутнічаюць дэкарацыі. Яны з’явяцца потым. А пакуль з-за куліс адзін за адным у асляпляльна белых касцюмах, нібы матылькі, вылятаюць акцёры са спевамі. Яны танчаць (пастаноўшчык харэаграфічных замалёвак і пластычных нумароў — Надзея Благадацкіх), і малюнак вельмі нагадвае ўступ брадвейскага мюзікла. Гучыць расповед “пра звычайную дзяўчынку, якая жыла ў самым звычайным двары самага звычайнага горада”… Так пачынаецца прэм’ерны спектакль “Кветачка-вясёлка” Дзяржаўнага тэатра “Лялька” ў Віцебску. Аповесць Валянціна Катаева інсцэніравана і ператворана ў вершаваную музычную казку паэтам і акцёрам Коласаўскага тэатра Пятром Ламанам, кампазітарам Алегам Залётневым і рэжысёрам Віктарам Клімчуком.

Я б засцярогся трактаваць жанр спектакля як мюзікл, — кажа Віктар Клімчук, — нягледзячы на тое, што акцёры шмат спяваюць, танчаць, прыгожа рухаюцца. Усё гэта знешнія атрыбуты. Мяне цікавіць трансфармацыя характара галоўнай гераіні Жэні (артыстка Вольга Маханькова) на фоне трансфармацыі дзейства.

Сапраўды, сцэны спектакля і дэкарацыі мяняюцца настолькі вокамгненна, што нагадваюць малюнкі-ўзоры ў калейдаскопе. Гарадскі дворык ператвараецца ў кватэру, у прылавак крамы, потым — у гарадскую вуліцу і Паўночны полюс… Вуліца ў хвіліну запаўняецца натоўпам людзей і мноствам цацак. Спрытны міліцыянер (артыст-дэбютант Яўген Гусеў, нядаўні выпускнік вучылішча мастацтваў) упраўляецца праз выразны танец і пластыку з перапыненым дарожным рухам.

Карамельная прастора сцэны (мастак па святле — Вячаслаў Маліноўскі) нагадвае ледзяшы, якія таюць, набываюць розныя формы і вобразы. Умоўнасць, дынамічнасць, шмат музыкі і гумару ў новым спектаклі — усё гэта нагадвае зорны спектакль “Брэменскія музыкі” гэтага ж тэатра, які ў 1998 годзе на фестывалі ў Гродне быў прызнаны найлепшым у Беларусі спектаклем для моладзі. Не выклікае сумнення і тое, што падобны лёс напаткае і “Кветачку-вясёлку”.

 /i/content/pi/cult/153/1169/Kryshtalizacyja.jpg
 Сцэна са спектакля “Кветачка-вясёлка”.
Як заўсёды, на вышыні эксцэнтрычная і адначасова рамантычная ды пяшчотная актрыса Вольга Маханькова. Яна надала сваёй гераіні Жэні камічны галасок, які пастаянна выклікае ўсмешку, незалежна ад тэксту. Актрыса працуе з трыма лялькамі — планшэтнай, марыянеткай і пальчатачнай (мастак — Ганна Сідарава). Усе яны знешне вельмі абаяльныя, рухомыя, зручныя, і Маханькова ажыўляе іх праз жартаўлівую пластыку.

Тонка і далікатна, з добрым гумарам малюе партрэт легкадумнай шасцігадовай дзяўчынкі. Бы тонкі псіхолаг, “прачытвае” ўсе мары сваёй гераіні, якая хоча быць, па-першае, не горшай за іншых дзяцей, па-другое, каб было ўсё, як ва ўсіх. Карацей, сярэднестатыстычная дзяўчынка, аднак якраз яе, вось такую Жэнечку, выбірае лёс. Аднекуль з’яўляецца бабулька (Аляксей Макарскі ў камедыйным ключы вырашае гэтую складаную акцёрскую задачу), “чараўніца на пенсіі” ў элегантным понча, і прэзентуе ёй чароўную кветку. Толькі ўявіце: сем пялёсткаў-жаданняў — і Жэня можа стаць вядомай, знакамітай асобай не толькі ў сваім двары, але і ў горадзе, а можа, — і ва ўсёй краіне! Але ж нездарма кажуць: па асобе і жаданні. У Жэні свае прыярытэты і ўяўленні аб шчасці: жуйкі, цацкі і жаданне ўцерці нос суседскім хлопчыкам (Алег Рыхтэр, Юрась Франкоў, Аляксей Макарскі, якім цяжка адмовіць у бліскучым пачуцці гумару і стылю). Сустрэча дзяўчынкі з Пінгвінамі-жартаўнікамі (Вольга Лазебная і Наталля Гайдук) і Белым Мядзведзем (Яўген Гусеў) сталася адным з самых запамінальных момантаў у спектаклі. Шчырую сімпатыю публікі выклікаў і танец жыхароў Поўначы: стэп з элементамі шатландскага танца.

Як прызнаўся рэжысёр, у спектаклі яго найперш цікавіў пошук мяжы паміж станам легкадумнасці і тым момантам, калі Жэня пачынае жыць і адчуваць сэрцам.

Што патрэбна чалавеку, каб адчуць сябе шчаслівым? — разважае В.Клімчук. — Лёс хаця б аднойчы дорыць нам шанц, але патрэбна мець талент яго выкарыстаць, праявіўшы высокія памкненні душы. Яшчэ лепш, калі нашы высакародныя парывы не абстрактныя, а — адрасныя, калі дапамога блізкаму своечасовая. Жэня дапамагае незнаёмаму хвораму хлопчыку Віцю (Вольга Лазебная), бескарысліва дорыць яму шчасце быць здаровым — і гэта рашэнне асобы, што думае і адказвае за свае ўчынкі. Бо падзяліцца шчасцем з іншым — асалода, сэнс быцця. Альтруісты — шчаслівыя людзі! Спяшайцеся рабіць дабро, і не заўтра, а ўжо сёння!

Гэтыя філасофскія сентэнцыі ў спектаклі трактуюцца простай, зразумелай для гледачоў рознага ўзросту, сцэнічнай мовай. Дзеянне не перагружана ні алегорыямі, ні асобнымі сімваламі — яны тут не патрэбны. Клімчук, як сапраўдны перфекцыяніст, дасягнуў гармоніі думкі і формы. Новая работа Беларускага тэатра “Лялька” — чарговае пацвярджэнне яго іміджа, адметнасць якога — дарыць эстэтычную асалоду і пазітыўны настрой, магчымасць смакаваць тыя спецыфічныя, на першы погляд, дробязі рэжысёрскіх знаходак, з якіх будуецца велізарнае рафінаванае відовішча са знакам “плюс”.


Ксенія ДРУЖКОВА
Віцебск
Фота Аляксандра ГРЫГОР’ЕВА